Праца на перспектыву, або Хто такі сучасны бібліятэкар?

Апублiкавана: 31 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

Ці змяніліся функцыі бібліятэкара ў сённяшнім тэхналагічным свеце? Як падрыхтаваць спецыяліста, абазнанага не толькі ў запаўненні чытацкіх фармуляраў, але і здольнага вырашаць актуальныя задачы з дапамогай інтэрнэту ды інфармацыйных рэсурсаў? Наколькі лёгка адаптуюцца маладыя спецыялісты да працы ў бібліятэчных установах? Пра гэта ды многае іншае “К” паразмаўляла з дэканам факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юліяй ГАЛКОЎСКАЙ. 

— Юлія Мікалаеўна, ваш факультэт рыхтуе спецыялістаў, якія могуць працаваць як у бібліятэчнай, так і ў музейнай ды турыстычнай сферах. Наколькі запатрабаваныя вашы выпускнікі? 

— Попыт на падобных спецыялістаў заўсёды быў і будзе высокі. Нашых выпускнікоў чакаюць у бібліятэках і музеях Беларусі, інфармацыйных цэнтрах, выдавецтвах, турыстычных арганізацыях і шмат дзе яшчэ, бо яны валодаюць методыкай фарміравання медыйнай культуры, аналізуюць масівы інфармацыі, выбіраюць аптымальныя формы яе прадстаўлення... Якасць падрыхтоўкі будучых прафесіяналаў пацвярджаецца высокай запатрабаванасцю ў арганізацый — заказчыкаў кадраў. У сярэднім штогод на аднаго выпускніка факультэта прыпадае 4-5 заявак на размеркаванне ад патэнцыйных працадаўцаў. 

— Мабыць, за вашых выпускнікоў распачынаюцца “бойкі”? 

— Так, асабліва за тых, хто ўжо мае вопыт працы ў бібліятэках Мінска ці рэгіёнаў. Дарэчы, напрыканцы сакавіка запланавана папярэдняе размеркаванне, запрашаем “Культуру” папрысутнічаць. На ўласныя вочы ўбачыце, як працадаўцы змагаюцца за нашых выпускнікоў. 

— Дзякуй, абавязкова прыйдзем. Спытаю вось яшчэ пра што. Выязджаючы ў рэгіёны, сустракаўся з тым, што, на жаль, не ўсе бібліятэкары, асабліва ў сельскай мясцовасці, сябруюць з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. 

— Магу запэўніць, што нашы выпускнікі з інтэрнэтам ды ІТ на “ты”. Якраз летась мы ўпершыню зрабілі набор на спецыяльнасць “Бібліятэчнаінфармацыйная дзейнасць” па кірунках “Аналітыка” і “Лічбавізацыя”. У “Аналітыцы” робіцца акцэнт на стварэнне і прасоўванне інфармацыйна-аналітычных прадуктаў, кіраванне кантэнтам у лічбавым асяроддзі, візуалізацыю інфармацыі і даных. У “Лічбавізацыі” — на праектаванне, стварэнне і прасоўванне лічбавых бібліятэк, калекцый, баз даных, вэбсайтаў з выкарыстаннем інструментаў лічбавізацыі. Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “Бібліятэкар-бібліёграф. Спецыяліст па лічбавізацыі” і “Бібліятэкар-бібліёграф. Спецыяліст па аўтаматызаваных бібліятэчна-інфармацыйных сістэмах”. 

— Складана адкрываць новыя кірункі ў той ці іншай спецыяльнасці? 

— Безумоўна, але нам неабходна адгукацца на сучасныя патрэбы і працаваць на перспектыву. Бо не сакрэт, што цяпер бібліятэчна-інфармацыйная адукацыя інтэнсіўна мяняе змест і форму. Прычын для гэтага даволі шмат. Гэта і ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій, і адкрытасць і даступнасць інфармацыі ў інтэрнэце, і развіццё анлайн-адукацыі. Таму нам заўсёды трэба ісці ў нагу з часам. Іначай проста немагчыма. 

— Але як вы вызначаеце перспектыўныя вектары развіцця бібліятэчнай адукацыі? Гэта ж патрабуе значнай аналітычнай працы. 

— Так. І гэта праца на нашым факультэце праводзіцца пастаянна з дапамогай аналізу запытаў ад працадаўцаў, ад нашых студэнтаў, ад абітурыентаў, правядзення маніторынгу, анкетавання і гэтак далей. Увогуле, гэта даволі складаная тэма, якая патрабуе асобнай гутаркі. Скажу толькі, што, на мой погляд, у вызначэнні перспектыўных вектараў развіцця бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі варта прытрымлівацца сінтэзу ў развіцці інавацыйных і традыцыйных практык, тэхналогій, спосабаў дзеяння, своечасова рэагаваць на змяненні знешняга асяроддзя і запыты карыстальнікаў адукацыйных паслуг. 

— Калі мы ўжо загаварылі пра маніторынг, то, наколькі я ведаю, не так даўно вы зладзілі адзін з іх, які закранае пытанні прафесійнай адаптацыі выпускнікоў спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. І якія тут вынікі? 

— Даволі пазітыўныя. Падчас маніторынгу мы правялі анкетаванне выпускнікоў 2019, 2020 і 2021 гадоў, апытванне студэнтаў 4 курса, а таксама анкетнае апытванне прадстаўнікоў 39 арганізацый. І як высветлілася, дамінуючая большасць нашых выпускнікоў працаўладкаваны ў бібліятэках, якія з’яўляюцца базавымі арганізацыямі і арганізацыямі-заказчыкамі кадраў па спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. Так, 67,2% уладкаваны ў публічных бібліятэках, 26,3% — у спецыяльных (навуковых, абласных, універсітэцкіх), а 4,9% — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

— Што наконт прафесійнай адаптацыі? 

— Атрыманыя намі звесткі сведчаць, што прафесійная адаптацыя нашых выпускнікоў цягнецца пераважна ад 1 да 6 месяцаў (у 78,8% рэспандэнтаў). А сярод найбольш характэрных адаптацыйных цяжкасцей для маладых спецыялістаў бібліятэк з’яўляюцца недастатковы ўзровень заработнай платы (50,8% рэспандэнтаў), высокае псіхаэмацыйнае напружанне (24,6%), рэжым і ўмовы работы (21,3%).

 Падчас практычных заняткаў у Прэзідэнцкай бібліятэцы

Падчас практычных заняткаў у Прэзідэнцкай бібліятэцы

— А ці прагназуюць працадаўцы патрэбы ў маладых спецыялістах? Пытанне гэта актуальнае, бо, як вядома, сёння назіраецца тэндэнцыя старэння кадраў бібліятэчных устаноў, а супрацоўнікі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць не больш за 20% ад агульнай сукупнасці работнікаў публічных бібліятэк Беларусі. 

— Паводле вынікаў нашага маніторынгу, 97,6% апытаных кіраўнікоў бібліятэк загадзя прагназуюць патрэбы ў маладых спецыялістах. Таксама ажыццяўляюць кадравае планаванне, у прыватнасці, маюць пла- ны па развіцці кадравых рэсурсаў на 5 гадоў (47,6% рэспандэнтаў), на 3 гады (35,7%), на бягучы год (11,9%). А каб замацаваць маладых спецыялістаў, іх уключаюць у праектныя групы (45,2% рэспандэнтаў), у навукова-даследчую працу (16,7%), у працэсы кіравання бібліятэкай (19%) і гэтак далей.

— Высновы даволі цікавыя, вартыя, на мой погляд, таксама асобнай гутаркі. І яшчэ адно, цалкам практычнае пытанне. Падчас камандзіровак даводзілася бываць як у звычайных бібліятэках, так і ва ўстановах так званага змешанага тыпу, накшталт бібліятэк-музеяў, бібліятэк-клубаў. Да працы ў іх падрыхтаваныя выпускнікі? Ці могуць ладзіць цікавыя і адметныя мерапрыемствы, замяняючы клубных супрацоўнікаў?

— І ў гэтым аспекце нашы выпускнікі падрыхтаваны на ўсе сто працэнтаў. Па-першае, яны лёгка могуць працаваць з рознымі катэгорыямі чытачоў. Па-другое, валодаюць навыкамі правядзення разнастайных сацыякультурных праектаў, а таксама ўмеюць прыдумваць свае, арыгінальныя, суправаджаючы іх на ўсіх узроўнях — ад задумы і да рэалізацыі. 

— Юлія Мікалаеўна, вялікі дзякуй за гутарку. І да сустрэчы на размеркаванні! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота аўтара