Адваротны бок ветлівасці. Музей для ўсіх. Частка 4

Апублiкавана: 01 красавiка 2023 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Інклюзіўная прастора — гэта не толькі фізічная даступнасць, але і этычная камунікацыя з рознымі групамі наведвальнікаў. Як культработніку правільна пабудаваць узаемадзеянне з людзьмі з інваліднасцю, разбіралася “К”. 

Адзінага зводу правілаў інклюзіўнай камунікацыі няма: розныя даследчыкі і арганізацыі распрацоўваюць уласныя рэкамендацыі, дыскутуюць наконт падыходаў. Аднак паўсюль дзейнічаюць такія агульныя прынцыпы, як роўнасць людзей з інваліднасцю з усімі членамі грамадства і неад’емнае права на павагу чалавечай годнасці. Гэтыя палажэнні, да прыкладу, зафіксаваныя ў нашым заканадаўстве — яно, у сваю чаргу, адпавядае Канвенцыі аб правах інвалідаў, якую Беларусь ратыфікавала ў 2016 годзе. 

Разважаючы на тэму этычнай камунікацыі, мы абапіраемся на афіцыйныя рэкамендацыі ААН і, як патрабуе прынцып інклюзіі “Нічога для нас і пра нас без нас”, на каментарыі чалавека з інваліднасцю. Ведамі і жыццёвым досведам для гэтага матэрыялу падзялілася Дар’я Захаранкава. Яна праз аварыю атрымала траўму і ўжо шэсць гадоў перасоўваецца на вазку. Дзяўчына працуе ў кавярні “Інклюзіўны барыста” і вядзе блог у Instagram на амаль паўтары тысячы падпісчыкаў, дзе расказвае пра асабістае і прафесійнае жыццё, а таксама ўздымае пытанні безбар’ернага асяроддзя і карэктнай камунікацыі. 

НА ПЕРШЫМ МЕСЦЫ — ЧАЛАВЕК 

Падчас камунікацыі з людзьмі з інваліднасцю варта рабіць акцэнт на асобе, а не яе сэнсарных, фізічных, псіхалагічных ці інтэлектуальных парушэннях. На першым месцы чалавек і толькі пасля — яго асаблівасці: “карыстальнік з дыслексіяй”, “мужчына з інтэлектуальнай інваліднасцю”. 

— Я з’яўляюся інструктарам у летніках актыўнай рэабілітацыі для людзей, якія перасоўваюцца на вазку. Штогод там працуюць новыя валанцёры. Яны прызнаюцца, што спачатку думаюць толькі пра тое, як дапамагчы і падстрахаваць, падбіраюць словы ў размове з намі, баяцца пакрыўдзіць. А калі праходзіць пэўны час і яны знаёмяцца бліжэй, вазок нібыта знікае — і яны бачаць перад сабой цэласную асобу са сваёй біяграфіяй, досведам і характарам. Людзі з інваліднасцю такія ж звычайныя, як усе, — каментуе Дар’я Захаранкава. 

Мовы развіваюцца — і тэрміны, якія раней выкарыстоўваліся паўсюль, сёння ставяцца пад пытанне. Хоць паняцце “інвалід” дагэтуль застаецца ў Канстытуцыі і законах, назвах мерапрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый, назваць яго карэктным нельга. Частка супольнасці гэта разумее і стараецца пазбягаць недалікатнага слова, аднак нярэдка замяняе яго на недарэчную намінацыю “чалавек з абмежаванымі магчымасцямі”. Такі выраз фарміруе вобраз няздольнага і непаўнацэннага. Пад інваліднасцю ж разумеецца вынік узаемадзеяння паміж людзьмі з парушэннямі здароўя і бар’ерамі, якія перашкаджаюць поўнаму і эфектыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства нароўні з іншымі. Такое вызначэнне замацаванае ў беларускім заканадаўстве. То-бок праблемай варта лічыць не стан здароўя, а неўладкаванасць асяроддзя. Эўфемізмы кшталту “сонечныя дзеці” ці “асаблівыя” таксама могуць успрымацца як паблажлівыя ці нават зняважлівыя. 

Чаму такая ўвага да слоў? Бо недарэчныя выразы могуць прывесці да таго, што чалавек пакрыўдзіцца ці адчуе сябе прыгнечаным, а гэта бар’ер для паўнавартаснага ўдзелу людзей з інваліднасцю ў грамадскім жыцці. Да таго ж некарэктныя словы спрыяюць распаўсюджанню памылковага і прадузятага ўяўлення пра інваліднасць. 

БЕЗ ДРАМАТЫЗАЦЫІ 

Вы можаце дапусціць дыскрымінацыйныя выказванні ці дзеянні, нават калі не хочаце насамрэч прынізіць і абмежаваць суразмоўцу. І справа ў неўсвядомленай прадузятасці. Да прыкладу, шырацца стэрэатыпы, якія паказваюць людзей з інваліднасцю гераічнымі ці, наадварот, вартымі жалю і бездапаможнымі. Адмыслоўцы раяць не драматызаваць біяграфію людзей з інваліднасцю або беспадстаўна паказваць іх як узор звышчалавека, бо пад гэтым хаваецца пасыл, што ім неўласціва дасягаць поспеху, жыць шчасліва і паўнацэнна. У той жа час нельга замоўчваць інваліднасць.

— Траўма ці хвароба — сапраўды гора на пачатку шляху для нас і нашых блізкіх. Але чалавек робіць выбар, заставацца ў гэтым ці прымаць новыя ўмовы і рухацца далей. Калі для некага я герой, бо не скончыла жыццё самагубствам ці не спілася, няхай так будзе. Калі нехта перагледзіць свае каштоўнасці праз гэта, я буду толькі рада. Але мы жывём як усе, толькі сутыкаемся з перашкодамі праз адсутнасць безбар’ернага асяроддзя, — дзеліцца Дар’я Захаранкава. 

НЕ САРОМЕЙЦЕСЯ ПЫТАЦЦА 

Часам мы не хочам паступіць няслушна, але не разумеем, што або як варта сказаць і зрабіць. У такім выпадку адмыслоўцы раяць спытаць непасрэдна асобу з інваліднасцю, напрыклад, пра яго перавагі па даступнасці. 

— Чалавек часам хапаецца за вазок з памкненнем дапамагчы і пачынае каціць. Гэта не толькі непрыемна, але і небяспечна: па няведанні можна справакаваць падзенне. Як правіла, калі чалавеку на вазку патрэбная дапамога, ён папросіць і дасць інструкцыю. Самастойныя спробы лепш не рабіць, — тлумачыць Дар’я Захаранкава. 

Такім чынам, не трэба навязвацца з падтрымкай, як і распытваць малазнаёмых людзей пра парушэнні іх здароўя. Таксама некарэктна браць невідушчых ці слабавідушчых людзей за руку без дазволу, абапірацца ці перасоўваць вазок (гэта працяг асабістай прасторы яго ўладальніка), адцягваць увагу сабакі-павадыра. Памылкай будзе і здагадка, што досвед і адчуванні асоб з інваліднасцю мусіць супадаць з вашымі ўяўленнямі на гэты конт. 

Данііл ШЭЙКА

ЦІ ВЕДАЕЦЕ ВЫ?

Варта пазбягаць фармулёвак Рэкамендаваныя выразы
Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, хворы, калека, чалавек з дэфектам/недахопам здароўя  Чалавек з інваліднасцю
Нармальны, здаровы, паўнацэнны Чалавек без інваліднасці, шырэйшыя слаі насельніцтва
Разумова адсталы, разумова непаўнацэнны, чалавек з інтэлектуальнай недастатковасцю Чалавек з інтэлектуальнай / ментальнай інваліднасцю, чалавек з інтэлектуальнымі / ментальнымі парушэннямі
Псіхічнахворы, вар’ят, чалавек з псіхічным разладам Чалавек з псіхасацыяльнымі парушэннямі
Даўн, сонечнае дзіця Чалавек з сіндромам Даўна
Вазочнік, прыкаваны да інваліднага вазка Чалавек, які перасоўваецца на вазку / выкарыстоўвае інвалідны вазок

Крыніца: Дапаможнік ААН па інклюзіўнай камунікацыі на тэму інваліднасці.