Без права на памылку

Апублiкавана: 03 красавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Першае пасяджэнне Савета па культуры пры Міністэрстве культуры прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы 28 сакавіка. На ім разглядаліся пытанні рэалізацыі кадравай палітыкі і падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы культуры. У склад савета ўваходзяць заслужаныя дзеячы сферы культуры Беларусі, дэпутаты, работнікі выканкамаў, кіраўнікі ўстаноў культуры, грамадскіх аб’яднанняў. 

Міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў: “Мы бачым пройдзены шлях і з задавальненнем адзначаем, што збольшага пытанне кадравага забеспячэння вырашаецца станоўча. Але разам з тым сфера культуры адчувае неабходнасць у абнаўленні. Сур’ёзнае пытанне з рэзервам кадраў. Мы павінны работу выбудаваць крыху на іншым узроўні, каб у выпадку неабходнасці была лаўка запасных — тых, хто зможа ў любы час прыйсці і далей прасоўваць ідэі ў сферы культуры і выконваць якасна свае прафесійныя абавязкі. Гэта закон для кожнай сферы, і сфера культуры не з’яўляецца тут выключэннем. Таму сёння мы, збіраючы нашых самых аўтарытэтных супрацоўнікаў, работнікаў сферы культуры, вынеслі гэтае пытанне на абмеркаванне”. 

Паводле слоў міністра, самае галоўнае — выпрацаваць механізмы, якія дазволяць і ў кароткатэрміновай, і ў доўгатэрміновай перспектыве вырашаць паступова і паэтапна праблемы, што наспелі ў кадравым забеспячэнні: “У нас ёсць шэраг навучальных устаноў, якія паспяхова працуюць, ёсць Інстытут павышэння кваліфікацыі. То-бок вельмі шмат структур, закліканых у сваёй дзейнасці, выконваючы свае функцыі, вырашаць надзённыя праблемы. Наколькі гэта атрымліваецца — трэба сур’ёзна абмеркаваць і зрабіць высновы”. 

Таксама Анатолій Маркевіч падкрэсліў: “Кадры вырашаюць усё, мы не маем права памыляцца ў кадравай палітыцы і ў назначэнні кіраўнікоў. Гэтыя памылкі дорага каштуюць для калектыву, а з асобных калектываў складаецца наша агульнае, цэласнае, уся сфера культуры. Пры падрыхтоўцы кадраў трэба выхоўваць патрыёта сваёй краіны, які валодае сваёй прафесіяй, канкурэнтаздольнага і таленавітага”. 

ВЫГАДАВАЦЬ НАСТУПНІКА 

Начальнік аддзела кадравай работы і дзяржаўных узнагарод Міністэрства культуры Вольга Германовіч паведаміла, што сёння ў сферы культуры працуе звыш 42 тысяч чалавек. Найбольшую патрэбу ў спецыялістах адчуваюць клубныя і тэатральна-відовішчныя арганізацыі: запатрабаваныя рэжысёры, акцёры, кіраўнікі творчых калектываў. За апошнія тры гады ў арганізацыі прыбылі больш за тры тысячы маладых спецыялістаў, аднак практычна палова з іх не замацоўваецца на месцах. 

Тым не менш назіраецца станоўчая тэндэнцыя па амаладжэнні кіруючага складу. Сярэдні ўзрост прызначаных у 2022 годзе — 39 гадоў. Задача ўсіх кіраўнікоў — выгадаваць свайго магчымага наступніка, убачыць патэнцыял у спецыялістах, якія працуюць у калектыве. Для прыцягнення творчай моладзі ў прафесію важна выкарыстоўваць інфармацыйную прастору, што будзе фарміраваць прывабны імідж галіны; прыцягваць залаты фонд краіны, вядомых і паспяховых дзеячаў культуры, якія з’яўляюцца не толькі гонарам, але і матыватарам для моладзі. 

ПЫТАННІ ПЕРАПАДРЫХТОЎКІ 

Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч адзначыла, што работа ўстаноў адукацыі ў сферы культуры выбудоўваецца на выкананні асноўных напрамкаў Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. З мэтай прыцягнення абітурыентаў за апошнія два гады адкрыта шэсць новых спецыяльнасцей па розных напрамках. 

Адным з праблемных пытанняў застаецца падрыхтоўка кадраў па мэтавым накіраванні, апошнія два гады мэтавую падрыхтоўку для атрымання вышэйшай адукацыі ажыццяўляў толькі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Другі праблемны момант — старэнне прафесарска-выкладчыцкага саставу: ва ўзросце ад 71 года цяпер працуе больш за 120 чалавек. Найбольш запатрабаваныя чатыры спецыяльнасці перападрыхтоўкі ў БДУКМ: “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, “Камунікацыя ў сферы музейнай дзейнасці”, “Культурна-дасугавая дзейнасць” і “Інструментальная музыка”. 

СТВАРЭННЕ КАНКУРЭНТНАГА АСЯРОДДЗЯ 

Мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў падчас дыскусіі адзначыў, што натуральны адток маладых спецыялістаў часта адбываецца пры сутыкненні з рэальнасцю практычнай работы. Жорсткая і патрабавальная прафесія сустракае не з распасцёртымі абдымкамі. Выступоўца прапанаваў пашырыць сферу падрыхтоўкі кадраў, каб у выніку натуральнага адсеву ў прафесіі заставаўся большы працэнт спецыялістаў. 

Уладзімір Рылатка, які займаў пасаду першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь з 1996 па 2010 год, выказаў думку, што самае галоўнае ў культуры — гэта існаванне сур’ёзнага канкурэнтнага асяроддзя. Першая задача — даць магчымасць усім здольным вучыцца, маладыя павінны мець магчымасць праяўляць сябе ў справе. Будучыня опернага тэатра вырашаецца не на пятым курсе кансерваторыі, а ў сёмым класе музычнай школы ў глыбокай правінцыі. Правінцыю неабходна дацягваць да сталіцы, павышаць узровень, бо многія геніяльныя дзеячы культуры — дзеці глыбінкі. 

НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА СІСТЭМЫ 

Члены Савета па культуры абмеркавалі і іншыя пытанні, якія павінны забяспечыць якасную рэалізацыю дзяржаўнай кадравай палітыкі ў сферы культуры. Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў падзяліўся досведам работы свайго ведамства ў галіне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў дзяржаўных устаноў адукацыі. Аб асаблівасцях узаемадзеяння ўстаноў адукацыі сферы культуры з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў расказала рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская. Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч распавяла пра рэгіянальныя аспекты замацавання маладых спецыялістаў у арганізацыях культуры пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. 

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч звярнула ўвагу на тое, што малады спецыяліст павінен адчуць сябе найважнейшай часткай цэлай сістэмы: “Формай развіцця кадравага патэнцыялу могуць стаць сустрэчы маладых спецыялістаў у сферы культуры з кіруючым складам Міністэрства культуры і падведамасных арганізацый. Гэта стала б добрай матывацыяй для маладых кадраў”. 

Падводзячы вынікі пасяджэння Савета па культуры, Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што адбыўся адкрыты і прадуктыўны дыялог па адным з актуальных пытанняў сферы. Падзякаваўшы прысутным за актыўны ўдзел, кіраўнік ведамства адзначыў, што ўсе выказаныя ў ходзе мерапрыемства прапановы будуць улічаны ў рабоце і лягуць у аснову выніковага рашэння савета. 

Антон РУДАК 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ