Каранаваная прыгажосць

З першымі вясновымі промнямі пачынаюць красаваць не толькі кветкі. Канец сакавіка заўсёды асацыіруецца з правядзеннем самага чаканага конкурсу прыгажосці ў сталіцы. Сёлета, каб пазмагацца за тытул “Міс Мінск — 2023”, на адборачным этапе прыгажуні мусілі адпавядаць дакладным патрабаванням: прывабныя знешнія дадзеныя, узрост ад 18 да 24 гадоў, рост не ніжэйшы за 172 сантыметры. У фінальны тур прайшлі 20 дзяўчат, якія, на думку журы, найлепш прэзентавалі сябе на кастынгу. Газета “Культура” стала сведкай яркага фіналу конкурсу і дзеліцца сваімі ўражаннямі.

У мінулую пятніцу у Палацы Рэспублікі адбыўся сапраўдны свецкі раўт, бо і госці, запрошаныя на гламурнае мерапрыемства, імкнуліся выглядаць адпаведна. У зале панавала атмасфера чакання чагосьці грандыёзнага, каля трох тысяч месцаў былі заняты сваякамі ўдзельніц, групамі падтрымкі, а таксама знаўцамі нацыянальнай прыгажосці. Самыя нецярплівыя гледачы сваімі гучнымі апладысментамі спрабавалі наблізіць пачатак шоу, а самі фіналісткі з заміраннем сэрца чакалі яго за кулісамі. 

Мерапрыемства складалася з некалькіх дэфіле з канцэртным суправаджэннем. Канкурсанткі прадэманстравалі пяць вобразаў: народны касцюм, спартыўная і ваенная формы, купальнікі і вечаровыя сукенкі. Выпрабаванні для дзяўчат пачаліся задоўга да выхаду на сцэну: на працягу месяца прыгажуні праяўлялі сябе з розных бакоў і паспелі наведаць інтэрнат для дзяцей са слабым слыхам, прытулак для жывёл, Тэатр лялек, новую станцыю метро “Аэрадромная” і нават Палац Незалежнасці. 

Аб працэсе падрыхтоўкі, складанасцях падчас конкурсу і сваіх дасягненнях расказваюць удзельніцы праекта “Міс Мінск”. 

КАЦЯРЫНА КАВАЛЁВА, ФІНАЛІСТКА КОНКУРСУ “МІС МІНСК —2023”: 

— Пра конкурс я даведалася ад намесніка дэкана майго факультэта. Бацькі падтрымалі, і я вырашыла зрабіць крок у невядомасць — запісалася на кастынг. Як толькі апынулася ў Нацыянальнай школе прыгажосці, зразумела, што гэтае месца мне да душы. Нават не чакала, што прайду на другі этап — дэфіле ў купальніках. Пасля яго заставаліся яшчэ гутарка з журы і дэфіле ў вечаровых сукенках. На апошнім рубяжы адчула зусім іншы ўзровень, бо нас засталося не так шмат. Чаму я прайшла ў топ-20? Лепш спытаць у журы, бо, па адчуваннях, і сапраўды выбіралі лепшых з лепшых. 

Да гэтага я ніколі не ўдзельнічала ў конкурсах прыгажосці, але так атрымалася, што сёлета вырашыла паспрабаваць свае сілы ва ўніверсітэцкім конкурсе “Міс МДЛУ”, у якім стала пераможцай. Даводзілася сумяшчаць падрыхтоўку да абодвух мерапрыемстваў, аднак вынік мяне вельмі парадаваў. 

Калі казаць пра “Міс Мінск”, то самымі працаёмкімі былі пачатак і канец падрыхтоўкі. Калі мы прыйшлі на першую рэпетыцыю, то нават не ўмелі правільна дэфіліраваць па сцэне, таму нам дапамагалі сапраўдныя прафесіяналы. На жаль, не абышлося без траўм. На адной з рэпетыцый я ўпала са сцэны, калі мяне асляпіў пражэктар. На шчасце, абышлося без сур’ёзных пашкоджанняў, але на фінале давялося выкарыстоўваць усе б’юці-сродкі, каб замаскіраваць сіняк на назе. Дарэчы, перад выступленнем два дні запар мы рэпеціравалі па 12 гадзін. 

Мой самы любімы выхад – у народных касцюмах. У мінулым я танцавала народныя танцы і на конкурсе была рада зноў апынуцца ў тым антуражы. У дадатак да ўсяго першае дэфіле было “адкрывашкай”, а гэта шанц заявіць пра сябе і злавіць кантакт з гледачом.

На працягу месяца мы не толькі рыхтаваліся на сцэне, але і пабывалі ў розных цікавых месцах. Падчас кожнай паездкі я адчувала неверагодныя эмоцыі, бо ў такіх установах раней не была. Самай запамінальнай падзеяй стала наведванне школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Гэта цудоўныя дзеці! Настолькі актыўныя, жыццярадасныя і ўсмешлівыя. Менавіта яны навучылі нас некаторым фразам на мове жэстаў. Я зразумела: каб камунікаваць з такімі светлымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, мне варта толькі вывучыць іх мову. Паколькі я лінгвіст, гэта стане для мяне займальнай задачай, таму ў хуткім часе планую заняцца яе вывучэннем. 

У нашым цудоўным дзявочым калектыве склаліся самыя цёплыя адносіны, якія толькі можна ўявіць. Не адчувалася канкурэнцыі, а толькі падтрымка. Дапамагчы надзець сукенку, паправіць макіяж ці прычоску — без праблем. Усе вельмі вясёлыя і лёгкія на ўздым, таму ў перапынках мы спявалі песні, гулялі ў “Аліяс” (настольная гульня). З некаторымі дзяўчатамі ў мяне ўзнікла сапраўднае сяброўства. Не чакала на падобным конкурсе знайсці настолькі роднасныя душы, з якімі маю кантакты дагэтуль. 

З дзяцінства я займалася ва ўзорным ансамблі танца “Асарці”. Але доўгі час з пэўных прычын не выступала і неверагодна сумавала па сцэне. За кулісамі я заўсёды адчуваю “мандраж”, асабліва ў першыя хвіліны, калі публіка збіраецца, але святло яшчэ не згасла. Ты чуеш шум залы, апладысменты гледачоў, і, вядома, гэта выклікае хваляванне. Але галоўнае перад выхадам на сцэну — зрабіць глыбокі ўдых і першы крок. 

Дзень фіналу быў вар’яцкім, але я адчувала вялікую падтрымку з боку блізкіх і сяброў. Магчымасць выступіць на такой славутай сцэне перад вялізнай залай выпадае ці не раз у жыцці. Трэба лавіць кожны момант, пражываць яго напоўніцу і зараджаць іншых людзей сваёй энергіяй! Адчула сапраўднае чарадзейства, а ўвесь канцэрт праляцеў як на адным дыханні. Вядома, я ўдзельнічала з мэтай перамагчы, аднак не менш важным для мяне аказаўся ўвесь пройдзены шлях. Ты ловіш рэакцыю залы, слухаеш вядучых і з захапленнем думаеш: няўжо я частка ўсяго гэтага?! Нягледзячы на тое, што я не выйграла ні ў адной з намінацый, шчыра ўзрадавалася за ўсіх пераможцаў, асабліва за маю сяброўку Надзю!

НАДЗЕЯ ТОЎСЦІКАВА, ПЕРАМОЖЦА КОНКУРСУ “МІС МІНСК —2023”: 

— На кастынг я прыйшла з выразным усведамленнем: хачу данесці да людзей тое, што дзяўчына можа быць прыгожая і знешне, і душой. Да гэтага брала ўдзел у розных конкурсах прыгажосці. Стала фіналісткай спаборніцтва “Каралева Вясна БНТУ — 2020”, але, на жаль, з-за пандэміі мерапрыемства адмянілі. Таксама мне пашанцавала перамагчы ў конкурсе Miss Viva Braslav — 2021. 

Падчас падрыхтоўкі да “Міс Мінск” больш за ўсё мяне ўразіла “Фаўна горада”. Мы ў адказе за тых, каго прыручылі, але, на жаль, шмат людзей не нясуць адказнасці за свае ўчынкі, што засмучае. Гэтая паездка надоўга застанецца ў маім сэрцы, я збіраюся і далей дапамагаць братам нашым меншым. 

Што тычыцца канкурэнцыі, то яна не адчувалася. Наадварот, панавала вельмі сяброўская і прыязная атмасфера ў нашым калектыве. Кожная з дзяўчат гатова была прыйсці на дапамогу нягледзячы ні на што. Мы настолькі здружыліся, што сталі маленькай сям’ёй. 

Адзіны складаны момант падчас падрыхтоўкі да “Міс Мінск” — гэта шматгадзіннае хаджэнне на абцасах. На нагах заставаліся велізарныя балючыя мазалі, адчувалася стомленасць. 

На мне зараз ляжыць вялікая адказнасць перад людзьмі, якія мяне выбралі, якія за мяне перажывалі і непакоіліся. Я зраблю ўсё, каб ніхто не ўсумніўся, што ганаровы тытул атрымала годная дзяўчына. З вялікай адказнасцю буду несці гэты тытул і рабіць для краіны ўсё, што ў маіх сілах.

Хваляванне прысутнічала на генеральных прагонах, а менавіта ў дзень фіналу мы проста расслабіліся і паказалі тое шоу, якога ад нас усе чакалі. Усё, што вы ўбачылі на сцэне, — вынік не толькі нашай працы, але і работы вялізнай каманды. Насамрэч у апошні дзень я адчувала нотку суму, бо завяршалася выдатная частка майго жыцця. 

Калі падчас аб’яўлення пераможцы пачула свой нумар і прозвішча, ува мне завіравалі неверагодныя пачуцці і эмоцыі. Я была настолькі шчаслівая, што не змагла стрымаць свае слёзы і радасць. У зале прысутнічалі мае бацькі, і я зразумела, што яны могуць мною ганарыцца. 

На дадзены момант я ў роздумах: ці гатова прымаць удзел у конкурсе “Міс Беларусь”? Паколькі гэта зусім іншы ўзровень, падрыхтоўка да конкурсу павінна быць каласальная. Але я адчуваю, што гэта будзе неверагодны досвед і паспрабаваць пераадолець новыя складанасці я змагу! 

Зазірнуўшы ў закуліссе конкурсу прыгажосці, мы ўбачылі яго зусім нечаканы бок: тут знаходзяць сапраўдных сяброў, без стомы рэпеціруюць, займаюцца дабрачыннасцю і асветай. Паняцце “прыгажосць” трансфармавалася і набыло новыя грані. Трэнд на натуральнасць набірае абароты, і акрамя знешнасці ацэньваецца талент, эрудыцыя ды сіла характару. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ