Як стваралі галоўны ваенны музей краіны і хто стаяў ля яго вытокаў

Апублiкавана: 07 красавiка 2023 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рыхтуецца адзначыць 80-годдзе — ён быў заснаваны ўвосень 1943-га ў Маскве, калі яшчэ толькі пачыналася вызваленне Беларусі ад гітлераўцаў. Першыя прадметы і дакументы збіралі ў партызанскіх злучэннях, што дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі. Партызанамі былі і тры першыя дырэктары музея. 

Супрацоўнікі ўстановы ці не аднымі з першых у Беларусі пачалі займацца зборам звестак аб месцах пахавання ахвяр нацызму, яшчэ ў той час, калі вайна працягвалася. Стваральнікі музея выпраўляліся ў экспедыцыі на месцы масавага знішчэння мірнага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных. Сярод першых прыкладаў такіх пошукаў быў выезд на тэрыторыю былога лагера смерці ў Малым Трасцянцы, адкуль прывезлі знаходкі, якія дагэтуль дэманструюцца ў музейнай экспазіцыі. 

Будоўля новага корпуса музея, 2012 год

Будоўля новага корпуса музея, 2012 год

У вызваленым Мінску для музея вылучылі адзін з найлепшых будынкаў у самым цэнтры горада — Дом прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Экспазіцыя была разгорнутая ў дваццаці пяці залах, тут музей дзейнічаў на працягу наступных дваццаці гадоў. А ў лістападзе 1967 года адчыніў свае дзверы па новым адрасе — у будынку на Цэнтральнай плошчы, якая цяпер завецца Кастрычніцкай. 

Многія мінчукі і госці сталіцы добра памятаюць асаблівую атмасферу таго музейнага гмаху, які цяпер ужо звыклі называць старым. У свой час мне пашчасціла пазнаёміцца з двума колішнімі дырэктарамі музея, якія займаліся яго развіццём у часы БССР і ў незалежнай Беларусі і стваралі экспазіцыі як у старым, так і ў новым корпусе. 

СПРАВА ЖЫЦЦЯ 

Аляксандр Ульяновіч, які ўзначальваў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з 1982 па 1993 год, сам быў ветэранам. З першых ваенных дзён быў стралком-радыстам бамбардзіроўшчыка, а пасля таго, як не здолеў працягваць службу ў авіяцыі па стане здароўя, служыў у пяхоце начальнікам батальённай радыёстанцыі, удзельнічаў у вызваленні Харкава, Варшавы, штурме Зеелаўскіх вышынь і ўзяцці Берліна. 

Перасоўная мабільная экспазіцыя на выездзе

Перасоўная мабільная экспазіцыя на выездзе

Менавіта з ініцыятывы Аляксандра Іосіфавіча экспазіцыя музея ў 1980-я істотна пашыралася, у ёй было нададзена больш увагі не толькі партызанскаму руху на тэрыторыі Беларусі, але і баявым дзеянням Чырвонай арміі, подзвігам франтавікоў. 

Перапрацоўка экспазіцыі вымагала істотных сродкаў, атрымаць якія на рэспубліканскім узроўні было немагчыма. Давялося звяртацца ў Міністэрства культуры СССР, а каб вылучэнне неабходнай сумы санкцыянавалі — зладзіць у Міністэрстве фінансаў канцэрт галоўных тагачасных беларускіх зорак — славутых “Песняроў”. У выніку справа была залагоджаная паспяхова. 

Сёння Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны застаецца адным з самых папулярных у краіне — за мінулы год яго наведалі каля 400 тысяч чалавек.

Нават пасля сыходу з пасады дырэктара музея Аляксандр Ульяновіч не спыніў цікавіцца яго клопатамі і выступаў у якасці кансультанта, дапамагаючы распрацоўваць тэматыкаэкспазіцыйны план ды архітэктурна-мастацкае афармленне экспазіцыі ў новым будынку, адкрытым для наведвальнікаў у 2014 годзе. 

Неўзабаве пасля гэтага ветэран перадаў на захоўванне ў фонды музея радыёпрыёмнік, які атрымаў ад камандавання перад дэмабілізацыяй у Берліне ў 1946 годзе, а таксама нагрудны знак “Гатовы да працы і абароны”, з якім прайшоў усю вайну. Аляксандр Іосіфавіч цікавіўся жыццём музея да самай сваёй смерці ў кастрычніку 2021-га, на 101-м годзе жыцця. 

СІМВАЛ ПЕРАМОГІ 

Генадзь Баркун пачаў працаваць намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў 1973-м, а праз дваццаць гадоў стаў яго дырэктарам, змяніўшы на гэтай пасадзе Аляксандра Ульяновіча, і прапрацаваў там да 2004 года. Генадзь Іванавіч прыгадвае, як пасля атрымання Беларуссю незалежнасці яго папярэднік ладзіў для супрацоўнікаў курсы па авалоданні ці ўдасканаленні ведаў беларускай мовы, на яе пераводзілася тады і музейная дакументацыя. 

Зрэшты, музей сутыкнуўся ў той перыяд і з пэўнымі цяжкасцямі — многія здатчыкі каштоўных прадметаў, асабліва тыя, хто пасля распаду СССР аказаліся ў іншых незалежных краінах, пажадалі вярнуць сабе здадзеныя раней у музей рэчы. Але, тым не менш, большасць такіх артэфактаў удалося адстаяць і зберагчы музейныя фонды. 

У залах музея

У залах музея

Бадай што самым значным і запамінальным сваім дасягненнем на пасадзе дырэктара музея, своеасаблівай кульмінацыяй уласнай дзейнасці, Генадзь Баркун называе арганізацыю прывозу ў Мінск у 2002 годзе знакамітага Сцяга Перамогі, які быў узняты 1 мая 1945 года над Рэйхстагам. 

Вывезці гэты важны сімвал за межы Расійскай Федэрацыі тады было даволі складана, але гэтую задачу ўдалося паспяхова выканаць, і з’яўленне каштоўнага артэфакта ў Мінску зрабіла сапраўдны фурор. Пасля выхаду на пенсію, пакінуўшы пасаду дырэктара музея, Генадзь Баркун не развітаўся са справай свайго жыцця, а працягнуў даследаваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, зрабіўшыся навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. 

ЗАХАВАЛЬНІКІ ТРАДЫЦЫЙ 

Новыя часы патрабуюць новых падыходаў і метадаў. Сёння вялікая ўвага надаецца ў музеі рабоце з дзецьмі і моладдзю. Для іх тут ладзяцца адмысловыя мерапрыемствы — анлайн-урокі альбо экспрэс-выставы “Музей у валізцы”, падчас якіх супрацоўнікі музея выязджаюць ва ўстановы адукацыі з наборам прадметаў і дакументаў, што дапамагаюць раскрыць тую ці іншую тэму з гісторыі Вялікай Айчыннай. Моладзь складае заўважную частку і сярод супрацоўнікаў музея — каля васьмідзесяці працэнтаў студэнтаў, якія праходзяць у музеі практыку, застаюцца пасля працаваць там як маладыя спецыялісты. 

У новым музеі, канцэпцыя і экспазіцыі якога ствараліся пры актыўным удзеле ветэранаў вайны і колішніх кіраўнікоў установы, працягваюць захоўваць пераемнасць з папярэднімі пакаленнямі і шанаваць іх традыцыі. 

Сёння Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны застаецца адным з самых папулярных у краіне — за мінулы год яго наведалі каля 400 тысяч чалавек, што, безумоўна, сведчыць аб яго запатрабаванасці і важнай ролі, якую грае гэтая ўстанова ў справе захавання памяці аб падзеях і ўроках ваеннага ліхалецця. 

Антон РУДАК