Ухапіць час

Маладая мастачка Марыя Сыракваш па праве магла б заняць месца побач са сталымі калегамі, бо ўжо назапасіла ў партфоліа шэраг персанальных і калектыўных выстаў, узнагароды рэспубліканскіх і міжнародных арт-форумаў. І самае істотнае, да сваіх 22 гадоў ужо намеціла ўласную праграму і выпрацавала ўпэўнены почырк. 

Дзяўчына не займаецца пустым эпатажам, не разрываецца паміж рознымі тэмамі ды стылямі з намерам трапіць у мэйнстрым, а паслядоўна і “без спецэфектаў” крочыць уласным шляхам. Бо сапраўды мае што сказаць гледачу. Назва адной з персанальных выстаў — “Няўмольны час” — стала трапным абазначэннем звыштэмы Марыінай творчасці. Дзяўчына спрабуе асэнсаваць лёс спадчыны і перажыванні чалавека на фоне выпрабаванняў, якія падкідвае гэты самы бязлітасны час, а таксама імкнецца ўхапіць хуткаплыннае хараство наваколля. 

ВАНДРОЎКІ Ў МІНУЛАЕ 

Залессе, Друя, Гальшаны, Багданава, Савейкі, Любча, Мураванка… Як сапраўдны пілігрым, мастачка аб’ехала ці не звыш сотні значных гістарычных мясцін нашай краіны. Першыя ж пункты на ўласнай карце вандровак з’явіліся ў маленстве, калі дзяўчынка нават хадзіць яшчэ не навучылася. Падарожжы па родным краі сталі добрым сямейным звычаем, праз які Марыя, жыхарка прысталічча, адкрыла для сябе дзівосы правінцыі ды захапілася беларускай мінуўшчынай. 

Пасталеўшы, яна працягнула падарожнічаць па Беларусі, час ад часу на ровары: і цікавостак больш прыкмячаеш, і сябе ў форме трымаеш. А ў заплечніку — фарбы, пэндзлі і аркушы паперы. Каб захаваць чароўныя краявіды, вобразы славутых і малавядомых помнікаў, многія з якіх дайшлі да нашага часу занядбанымі. Але творца не проста фіксуе выгляд каштоўнасцей ці пераказвае іх біяграфію, а перадае нейкі асаблівы флёр, што ахутвае замкі, палацы, сядзібы і храмы. Перадае з лёгкасцю і свежасцю, утаймаваўшы капрызную акварэль і скіраваўшы наравістасць фарбы ў патрэбнае рэчышча. Здаецца, духі-ахоўнікі спрыяюць сваёй госці, нашэптваюць ёй нешта асаблівае пра свае дамоўкі. 

Так падчас пленэраў, ад першага на замкавай гары ў Любчы ў 2012-м да леташніх паездак, нараджалася буйная акварэльная серыя “Сведкі мінулага”. Яна дэманстравалася на выставах у сядзібе Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе, Бабруйскім мастацкім музеі, Мірскім замку, Заслаўскім музеі-запаведніку і Нацыянальнай бібліятэцы. Паказвала Марыя работы і па-за галерэйнымі сценамі — падчас розных фэстаў ладзіла імправізаваныя экспазіцыі пад адкрытым небам, на фасадах палаца Радзівілаў у Паланечцы, сядзібнага дома Раецкіх-Путкамераў у Райцы, на свірне двара Міцкевічаў у Завоссі. 

"Савейкі. Апошні прамень"

"Савейкі. Апошні прамень" 

Можна сказаць, аддзячыла кожнаму духу месца, які ўпусціў яе ў свае ўладанні, кожнаму закладальніку падмуркаў, кожнаму колішняму гаспадару і нават госцю тых куткоў, што цёпла прынялі вандроўніцу. Калі хоць для некага з гледачоў акварэлі сталі нагодай занурыцца ў гісторыю нашай зямлі ці проста прыгледзецца да яе скарбаў (такой публікі нямала, як сведчаць каментарыі ў сацсетках), то мастачка сапраўды аддала належнае сваім каменным і драўляным “натуршчыкам” ды асобам, чый лёс пераплецены з гэтымі аб’ектамі. Вядома, Марыіны акварэлі не толькі гімн мінуўшчыне, але і філасофскі роздум пра хуткабежнасць жыцця чалавека і пладоў яго працы, пра памяць і бяспамяцтва. Ці задумваліся вы, колькі пражыве зробленае вамі пасля адыходу сейбіта? 

НЕ ЗАБІВАЙЦЕ АЙЧЫНУ 

Асаблівым пунктам для Марыі стала Грушаўка на Ляхаўшчыне, дзе захаваўся комплекс былой сядзібы Рэйтанаў. Упершыню вырашыла завітаць туды, калі пачула па радыё абвестку, што ў гістарычнай мясціне зладзяць чарговы фестываль эксперыментальнага мастацтва “Дах”. Наведванне маёнтка натхніла мастачку на стварэнне маштабнага трыпціха ў тэхніцы лінагравюры, прысвечанага аднаму з прадстаўнікоў вядомага роду — Тадэвушу Рэйтану. Чытачам “К” не трэба тлумачыць гэтае імя, аднак у шырокіх колах пра асобу героя ведаюць мала ці не ведаюць увогуле. Марыя загарэлася ідэяй ушанаваць абаронцу незалежнасці. 

Першай з’явілася частка з выявай старога грушаўскага свірна. Рэшткі гаспадарчага будынка ўразілі аўтарку сваім маштабам ды падабенствам да нейкай выкапанай дагістарычнай жывёлы — ці то маманта, ці то дыназаўра. Пазней з’явіўся аркуш з выглядам капліцы і цэнтральная частка з уласна постаццю Тадэвуша Рэйтана на фоне сядзібы, ахопленай полымем. І палацык на заднім плане, натуральна, успрымаецца як алегарычны вобраз Бацькаўшчыны, што перажывае сапраўдную навалу. Рэйтан, здаецца, зараз пракрычыць свае славутыя словы: “Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!” — тыя, што ён прамовіў на гістарычным сойме, выступіўшы супраць падзелу Рэчы Паспалітай. 

ПРА СТАРОЕ — У НОВАЙ ФОРМЕ 

Аб тым, што яе непакоіць, Марыя расказвае не толькі ў традыцыйных формах мастацтва. Спачатку выступіла асістэнтам у падрыхтоўцы інсталяцыйнага праекта Змітра Юркевіча “Каласы пад сярпом”, прысвечаным Тадэвушу Рэйтану, Станіславу Манюшку, Уладзіміру Караткевічу, Адаму Міцкевічу ды іншым постацям беларускай гісторыі і культуры. А пазалетась на трыенале “Канцэпт” Беларускага саюза мастакоў прэзентавала ўжо дзве ўласныя інсталяцыі аб лёсе архітэктурных помнікаў і наступствах урбанізацыі. 

З РАЗМАХАМ 

Многія работы Марыі сапраўды манументальныя. Даўжыня кожнага аркуша з таго ж трыпціха — прысвячэння Тадэвушу Рэйтану па большым баку складае два метры. Аднак манументальнасць, вядома, вызначае не толькі памер, але маштаб ідэй і сіла іх увасаблення. 

Прасочваецца гэта не толькі ў гераічным пафасе — нават у звычайных сцэнах вясковага жыцця ці партрэтах-станах, якія ўтрымліваюць перажыванні звычайнага незнаёмага чалавека. Бо і сялянскія эпізоды, і “эмацыйныя рэнтгена- грамы” аўтарка, падаецца, выкарыстоўвае толькі як ракурс для выказвання аб планетарных праблемах. Урбанізацыя, глабалізацыя, інфармацыйныя хвалі разбуральнай сілы, канфлікты на розных узроўнях па ўсёй планеце — работы Марыі неадрыўныя ад гэтага кантэксту, ад усіх выпрабаванняў няўмольнага часу.

Так, на выставе “Учора. Сёння”, што цяпер працуе ў сталіцы, мастачка паказала работы, у якіх сутыкнула супрацьлеглыя светы — мінулае і сучаснасць, вёску і горад, традыцыі і навацыі. У некаторыя акварэлі (партрэты людзей у народных строях ці нацюрморты ў вясковым стылі) яна ўводзіць графіці — і ў выніку глядач становіцца сведкам займальнага дыялогу. Нярэдка ў работах аўтарка выкарыстоўвае вобраз сланечнікаў. І нездарма, бо для Марыі гэта незвычайная, сімвалічная кветка. З ёй звязаныя ўспаміны пра штогадовыя паездкі на летні адпачынак цягніком, калі за вокнамі мільгалі ярка-жоўтыя палі з кветкамі радасці. Засушаныя, яны набываюць крыху касмічны выгляд. Зімой у майстэрні нагадваюць пра хуткі надыход цёплай пары. Такім чынам, расчытваць іх можна як сімвал і імгненнасці хараства, і няспыннага колазвароту жыцця. 

Буйны фармат патрабуе складанай і доўгай працы. Друкаваць лінагравюры даводзілася марудным спосабам — лыжкай, бо станкоў патрэбнага памеру папросту няма. Але Марыя цяжкасцей не баіцца: “Буйны фармат — гэта як паглядзець фільм у кінатэатры, а не дома на камп’ютары. Хачу, каб праца ўплывала на гледача, уражвала, у залежнасці ад задумы нават падаўляла. Прынамсі на мяне так уплываюць добрыя буйныя творы іншых мастакоў. Яны глядзяцца як жывыя істоты, нібыта створаныя не чалавекам”. Таму мастачка і аддае перавагу лінарыту: фармат неабмежаваны. 

"Навагрудскі краявід"

"Навагрудскі краявід"

Нямала Марыя працуе вугалем і соусам. Гэтымі матэрыяламі яна карыстаецца пры стварэнні партрэтаў, маляванні ню. Віртуознае валоданне тэхнікай аўтарка паказала ў партрэце “Іздаг” (памер працы — 240х120 см), які напраўду прыцягваў да сябе шматлікіх наведвальнікаў выстаў у мінскім Палацы мастацтва. Што ж за загадкавая жанчына стала гераіняй твора? Пачнём здалёк. 

У КРАІ ГОРНЫМ 

Летась Марыя Сыракваш стала ўладальніцай Гран-пры Міжнароднага біенале друкаванай графікі “Кубачынская вежа” ў Дагестане. Але ж творцы паездка падарыла нешта важнейшае за адзнаку зробленага — натхненне на новыя работы. Тую вандроўку Марыя параўноўвае з кантрасным душам: “Калі мы прыехалі ў горную вёску Кубачы з шалёнага рытму сталіцы, дзе цябе на кожным кроку гатовыя збіць машыны, дзе дым, асфальт, спёка, процьма плакатаў, я змагла нарэшце глыбока ўдыхнуць”. Мастачку разам з іншымі ўдзельніцамі пасялілі ў гасцявы дом. Іздаг — гаспадыня гэтага гнязда. Яна адразу зачаравала госцю. Тая крыху паназірала за жанчынай, пазнаёмілася бліжэй — і прыступіла да накідаў. “Я са здзіўленнем назірала, як яна ўпраўляецца з гаспадаркай, агародам, трыма сынамі, мужам і дзесяццю гасцямі, паспявае хадзіць на працу, вязаць і вышываць, пры гэтым гадзінамі мне пазіраваць”, — прыгадвае Марыя. 

Марыя Сыракваш падарожнічае па Беларусі, каб захаваць чароўныя краявіды, вобразы славутых і малавядомых помнікаў, многія з якіх дайшлі да нашага часу занядбанымі.

Адзін эцюд ранкам, другі ўвечары. Да такога фармату працы дзяўчыну прывучылі на пленэры падчас навучання ў гімназіі-каледжы, і творца ўзяла яго сабе за правіла. У Кубачах час не губляла. Прачыналася а 4-й ці а 5-й гадзіне, каб паспець убачыць і намаляваць як мага больш. Пэўна, працавала паўсюль і з усімі. Замалёўвала старыя дворыкі, рабіла партрэт мясцовай бабулі пасярод вулкі (сабраўшы вакол сябе цікаўную дзятву) і тамтэйшага хлапчука з куркай на руках… Нават у паходзе, не маючы пад рукою матэрыялаў, зрабіла партрэт сваёй Іздаг — вугельчыкам на кавалку каменя. 

ЧАЛЯДНІК ТЫТАНА 

Дык што дапамагае ў даволі маладым узросце ўпэўнена пачувацца ў прафесіі? Акрамя ўпартага самаўдасканалення, прыклад і парады старэйшых. Марыя прызнаецца, што ёй заўсёды трапляліся цудоўныя педагогі. У каледжы Алена Карповіч дала азы акварэлі, а Марына Лагунова навучыла не проста маляваць — думаць. За авалоданне графічнымі тэхнікамі ў акадэміі дзяўчына ўдзячная віртуознаму мастаку і энергічнаму выкладчыку Раману Суставу. Знайшоўся арыенцір сярод старэйшын і па-за сценамі alma mater. Падчас творчага станаўлення пашчасціла быць побач з Алесем Родзіным. 

Творцы пазнаёміліся асабіста падчас падрыхтоўкі татальнай экспазіцыі “Міфалагема тысячагоддзя” ў Мінску. Марыя запісалася ў валанцёркі і, як сапраўдны чаляднік, падфарбоўвала бакі падрамнікаў, пісала стужкі з выслоўямі на нямецкай мове гатычным шрыфтам, выконвала іншыя даручэнні майстра і, вядома, засыпала яго пытаннямі. Пасля знаёмства з працэсам знутры былі сумесныя паездкі, пленэры, выставы. “Пасля “Даху” ў Грушаўцы я назірала за яго дзейнасцю, ведала, які гэта тытан. Ён стаў для мяне прыкладам сапраўднага мастака. Маштабы, глыбіня ідэй вельмі ўразілі. І ягоныя парады застануцца са мной”, — дзеліцца Марыя. 

Алесь Родзін настойваў, што чалавек можа ствараць, толькі калі штодня адкрывае новае, кладзецца спаць і плануе: заўтра будзе цікава. І гэтай пазіцыі трымаецца Марыя Сыракваш. Сярод іншага, паспяховасць яна вызначае як бесперапынны ўдзел у выставах і пленэрах, адчуванне росту. Вось і цяперашняй персанальнай экспазіцыяй “Учора. Сёння” маладая мастачка часова, а мо і назаўсёды, развітваецца з акварэллю, каб спрабаваць новае. Верыцца, што наступны перыяд будзе плённым. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва мастачкі