Сальфеджыа мінскай прасторы

Апублiкавана: 12 красавiка 2023 Стужка Музыка Мінск Пазіцыя

Аўтар: РАГІН Яўген

Адзін з праспектаў вялікага горада. На ходніках — людскі вір. Кожны спяшаецца. Твары засяроджаныя і заклапочаныя. Раптам адзін з мінакоў выцягвае з-пад курткі… валторну. На супрацьлеглым баку вуліцы купка дзяўчат выхопліваюць скрыпкі і альты. Дзесьці паблізу прачынаюцца саксафон з трамбонам. Праз хвілю на праспекце зладжана ды натхнёна гучыць сімфанічны аркестр. Людзі запавольваюць хаду, на вуснах з’яўляюцца ўсмешкі. Дзеля гэтага флэшмоб і ладзіцца. Рознакаляровая жывая карцінка на фоне застылых шэрых шматпавярховікаў.

Але флэшмобы — справа эпізадычная, можна сказаць, выпадковая. А горад, па маім перакананні, павінен гучаць пастаянна. Маю на ўвазе не толькі стук абцасаў, буркатанне легкавікоў і застылую музыку архітэктуры. Горад павінен мець сваё непаўторнае музычнае аблічча. 

Дык як змагацца з шэрым буднем і пахмурнымі тварамі? 

ВАШ ТАЛЕНТ АЦЭНІЦЬ ВУЛІЦА 

Перакананы, што адно з выратаванняў — вулічны музыкант. Не жабрак, які вывучыў тры акорды, а прафесійнік, здольны стварыць непаўторную аўру вуліц і плошчаў, напоўніць іх светлым блюзавым сумам або жыццесцвярджальным маршам струнных, смычковых і духавых… Ад такой шчырай музыкі мяняецца настрой, хочацца спяваць, радавацца — жыць. 

Раней з гэтай функцыяй цудоўна спраўляліся духавыя аркестры. Дарэчы, у пэўных раённых цэнтрах Беларусі традыцыя паркавых канцэртаў ды танцаў вяртаецца. Дай Бог ёй дабрацца і да вялікіх гарадоў. 

Лабухі (часам так сябе называюць вольныя музыканты) на гарадскіх вуліцах — прадмет пастаяннай турыстычнай зацікаўленасці. У Піцеры я з гадзіну назіраў за працай кавер-бэнда “Штрудзель”. Вакалістка з магутным вакалам, два жвавыя гітарысты і неўтаймоўны барабаншчык трымалі на пешаходным лапіку Неўскага праспекта некалькі соцень (!) мінакоў. Вуліца высока ацаніла якасць гурта. Людзі слухалі, смяяліся, пляскалі ў ладкі, плацілі. 

УПРЫГОЖЫЦЬ ЖЫТЛО 

Калі Беларусь — наш дом, дык Мінск — наша кватэра. Мы ўпрыгожваем сцены карцінамі, час ад часу ўключаем музыку для настрою. Натуральна, маю на ўвазе графіці, вулічных музыкантаў, іншыя не менш яскравыя праявы стрыт-арту. Якаснае графіці стала аздабленнем кварталаў, дзе сканцэнтраваныя знакавыя аб’екты культуры — да прыкладу, мастацкія галерэі. І з вулічнымі музыкантамі хацелася б урэшце разабрацца: яны ў нас ёсць ці няма. 

Яшчэ адно пытанне: на мінскіх вуліцах можна адшукаць жывыя пешаходныя ўчасткі? Менавіта на іх, па маім меркаванні, у першую чаргу павінна гучаць музыка. Менавіта тут можна будзе ўбачыць хіп-хоп, дабстэп, брэйк, локінг, іншыя вулічныя танцы. Убачыць і пазайздросціць маладосці. 

ШЧАСЦЕ ПА РЭГЛАМЕНЦЕ 

Зразумела, мастацтва цяжка рэгламентаваць: вызначыць строгія рамкі месца і часу. Добрая ўсмешка на твары не рэгламентуецца. Хоць для выканання песняроўскіх кавераў не прыдумаць лепшага месца, чым бульвар Мулявіна. Ці не годзе яму маўчаць? 

Колькі гадоў таму я пісаў пра мінскіх вулічных музыкантаў. Доўга хадзіў па вуліцах і пераходах, пазнаёміўся ці не з сотняй лабухаў. Дзіўная справа, толькі адзінкі выступалі дзеля грошай. Моладзь пераважала: флейтысты з музычных вучылішчаў, гітарысткі з кансерваторыі, студэнты-замежнікі з папулярызацыяй народнай музыкі сваіх бананавых краін. Усе яны рэпеціравалі “выхад на сцэну”, выпрабоўвалі на публіцы ўласныя сілы. І вуліца не хлусіла. Сапраўдная музыка нязменна збірала ўдзячных слухачоў. 

Былі і ветэраны: саксафаніст з аркестра Фінберга імправізаваў на стадыёне “Дынама”, паўсляпы баяніст-самавук зарабляў ля Малінаўскага рынку. 

ПАЧАЦЬ З НОТЫ “ДО”

Мінчукам бракуе чыстага гучання нашых вуліц. Як сродку ад пахмурнасці твараў. Вулічнае сальфеджыа нават для стомленага горадам чалавека ніколі не будзе залішнім. Гама, актава, гукарад пачынаюцца з ноты “до”, ёю і заканчваюцца. З гэтай “до”, напэўна, і варта пачынаць мінскі вулічны блюз. Я асабіста прыхільнік рок-н-ролу. 

Яўген РАГІН