Ці то яшчэ было

Апублiкавана: 17 красавiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

“Лягу-прылягу”, “Малінаўка”, “Завіруха” — у Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбыўся творчы вечар народнага артыста Беларусі, кампазітара Эдуарда Ханка. 

Эдуарда Сямёнавіча называюць легендай савецкай і беларускай эстрады. Песні мэтра — жывое адлюстраванне часу, іх ведаюць, любяць, іх спяваюць. Таму і 8 красавіка ў Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры гукі знаёмых мелодый разварушылі глядзельную залу. 

Вядучыя салісты тэатра выконвалі бессмяротныя эстрадныя шэдэўры Ханка. А самым хвалюючым момантам стаў аповед майстра пра цікавыя старонкі жыцця і выкананне кампазітарам хітоў. 

“Ці то яшчэ будзе”, “Два полі”, “Я ў бабулі жыву” з задавальненнем прыгадваюць розныя пакаленні. Сам музыкант лічыць пуцёўкай у творчае жыццё “Столь ледзяную...” (вершы Сяргея Астравога), якая ўпершыню загучала ў снежні 1970-га. Кампазіцыя ўвайшла ў навагодні канцэрт тэлефестывалю “Песня-71”. Сачыненні Ханка папаўнялі рэпертуар такіх знакамітых вакальна-інструментальных ансамбляў, як “Сябры”, “Верасы”, “Песняры”, многіх вядомых артыстаў. 

Эдуард Сямёнавіч з’явіўся на свет у Казахстане ў 1940 годзе. Пазней сям’я будучага мэтра пераехала ў Брэст. Пасля заканчэння сярэдняй школы таленавіты юнак паступіў у Мінскае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі, у Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага… Кампазітара напаткаў шчаслівы творчы лёс. А 18 красавіка аўтару шматлікіх хітоў споўніцца 83. З днём нараджэння, маэстра!