Сацыяльныя сеткі ў дапамогу

Апублiкавана: 18 красавiка 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск Соцыум

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

Пытанні камп’ютарызацыі і інфарматызацыі бібліятэк Беларусі рэгулярна разглядаюцца як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўнях. І новая статыстыка, якой з намі падзяліліся ў галоўнай кніжнай скарбніцы краіны, сведчыць, што маштабныя зрухі ў гэтым аспекце бібліятэчнага жыцця — ужо рэальнасць і, можна сказаць, сапраўдная будзённасць. 

ПЕРАВАГІ АНЛАЙН-ФАРМАТУ 

Не сакрэт, што бібліятэкары сёння плённа шчыруюць у інтэрнэце. А яшчэ больш плённа карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, дзе піяраць праекты, змяшчаюць відэакантэнт або рэкламуюць навінкі сваіх устаноў. 

— Самай папулярнай сярод сацыяльных сетак з’яўляецца “УКантакце” — ёй аддае перавагу 70% бібліятэк, — падзялілася з “К” свежай статыстыкай загадчык сектара сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Бандарчук. — А старонка Горацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі — найбольш масавая “УКантакце” (4,7 тыс. падпісчыкаў). 

Па словах Вольгі Бандарчук, у Павуцінні таксама запатрабаваныя “Аднакласнікі” і Instagram. Натуральна, адна і тая ж бібліятэка можа быць прадстаўлена адразу ў некалькіх сацсетках. І гэта зразумела, калі ўлічваць розную аўдыторыю той ці іншай платформы. 

— Напрыклад, 38 % бібліятэк выбіраюць “Аднакласнікі”, а 33,5 % — Instagram, — кажа Вольга Бандарчук. — Лідар па колькасці ўдзельнікаў у “Аднакласніках” — група Іўеўскай раённай бібліятэкі (2,9 тыс.), у Instagram — старонка Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі г. Мінска (3,1 тыс. падпісчыкаў). Сацыяльная сетка TikTok не надта распаўсюджаная сярод бібліятэкараў. Аднак звяртае на сябе ўвагу старонка Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, у якой 16,3 тыс. падпісчыкаў! 

ПРАЦА НА ПАПУЛЯРНАСЦЬ 

Цікава, што розныя бібліятэкі тлумачаць сваю актыўнасць у той ці іншай сацыяльнай сетцы па-рознаму. Некаторыя ўстановы, напрыклад, выбіраюць платформы, больш запатрабаваныя ў моладзі. 

— Сёння мы прысутнічаем у розных сацсетках, асабліва актывізавалі дзейнасць у інтэрнэце падчас кавідных абмежаванняў, — патлумачыла намеснік дырэктара па бібліятэчнай рабоце Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Алена Чарняўская. — Выкладваем ролікі, робім віртуальныя выставы, віктарыны. А Instagram, што карыстаецца папулярнасцю ў дзяцей і моладзі ды дае магчымасць хутка прагледзець інфармацыю, я думаю, менавіта з гэтай прычыны так у нас “раскруціўся”. 

Зразумела, над падобнай “раскруткай” трэба працаваць самааддана, не шкадуючы высілкаў. Тады вынік абавязкова прыйдзе. Доказ — ужо згаданая Іўеўская раённая бібліятэка. 

— Над сваёй старонкай у “Аднакласніках” працавалі вельмі шчыльна, і гэта была першая сацыяльная сетка, дзе мы завялі акаўнт, — распавядае дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі Святлана Мірончык. — Працавалі нават з дома, адсочвалі кожны лайк, прапаноўвалі ўступаць у групу адданым чытачам і аматарам літаратуры, тым, хто зацікавіўся нашай інфармацыяй пра розныя бібліятэчныя падзеі. Таму, хоць і маем прадстаўніцтвы ў іншых сацсетках, “Аднакласнікі” атрымаліся найбольш запатрабаванымі. 

Падчас кавіду ўсе без выключэння ўстановы культуры Беларусі, у тым ліку і кніжныя скарбніцы, актыўна пашыралі прысутнасць у інтэрнэце. У прыватнасці — і на відэахостынгу YouTube, дзе з’явіліся сотні ролікаў, прысвечаных прапагандзе чытання ці падзеям бібліятэчнага жыцця. 

Не стаў выключэннем і TikTok, дзе лідарства трымае Петрыкаўская цэнтральная раённая бібліятэка. Складнік поспеху — зацікаўленыя і харызматычныя супрацоўнікі, неабыякавыя да ўсяго новага і адметнага. 

— Думаю, наша старонка ў TikTok набыла такую папулярнасць з некалькіх прычын, — адзначае дырэктар Петрыкаўскай раённай бібліятэкі Таццяна Галіцкая. — Па-першае, у нас вельмі добры і зладжаны калектыў, дзе ўсе без выключэння адгукаюцца на прапанову паўдзельнічаць у здымках таго ці іншага роліка. Па-другое, галоўны генератар розных ідэй для TikTok — гэта Святлана Яжкова, якая распрацоўвае сцэнарыі відэа, што прапагандуюць чытанне, любоў да Радзімы, здаровы лад жыцця ды шмат чаго яшчэ. І, мабыць, трэці, але таксама немалаважны фактар — аўдыторыя канала ў асноўным жаночая. А ў роліках часта ўдзельнічае харызматычны кіроўца аўтабібліятэкі Аляксандр Булка, які спрыяе таму, што ўсё больш і больш карыстальнікаў праглядаюць нашы відэа. 

ІНТЭРНЭТ НА ПЕРСПЕКТЫВУ 

Так, інтэрнэт імкліва стаў папулярным сродкам узаемадзеяння паміж людзьмі ва ўсім свеце. У тым ліку — у бібліятэчным асяроддзі Беларусі. Садзейнічае гэтаму і высокая доля падключэння айчынных кнігасховішчаў да найноўшых камунікацый, што пацвярджаюць апошнія статыстычныя дадзеныя. 

— Калі ў 2012-м мелі выхад у інтэрнэт 59 % кніжных скарбніц, дык сёння, праз 10 гадоў, магчымасць карыстацца рэсурсамі Павуціння ёсць у 89 % публічных бібліятэк краіны, — кажа Вольга Бандарчук. — Увогуле, калі браць статыстыку па рэгіёнах, то поўнасцю падключаны да Сеціва публічныя бібліятэкі Мінска, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. 

Як бачна, паказчык падключэння да інтэрнэту дасягае амаль 90 % — цяпер нават у аддаленых паселішчах можна карыстацца выгодамі найноўшых тэхналогій. Праўда, не ўсе бібліятэкі маюць сайты. Але для ўстановы ў той ці іншай вёсцы або нават у аграгарадку стварэнне асобнага сайта не заўсёды апраўдана. Гэтую думку пацвярджае і Вольга Бандарчук: 

— Сёння ў нашай краіне каля 400 бібліятэк (19 %) маюць розныя вэб-прадстаўніцтвы. Такая нешматлікасць тлумачыцца тым, што з агульнай колькасці кніжных скарбніц 78 % — сельскія філіялы, дзе працуе, як правіла, адзін бібліятэкар. На практыцы гэты адмысловец сутыкаецца з шэрагам абставін, якія тармозяць “уваходжанне” бібліятэкі ў інтэрнэт- прастору, — ад элементарнага недахопу часу да праблем тэхнічнага або кампетэнтнаснага характару. 

Шчыра кажучы, аднаму чалавеку, які б ён ні быў дасведчаны і зацікаўлены, складана разбірацца і з сайтам, і з асноўнай бібліятэчнай працай. Таму не дзіва, што ў сельскай мясцовасці тых, хто заводзіць асобную старонку для ўстановы ў Сеціве, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Але гэтыя энтузіясты ў Беларусі, натуральна, ёсць. Магчыма, неўзабаве іх будзе больш, балазе сфера інфарматызацыі краіны пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца. І тое яшчэ раз сведчыць, што стварэнне сайтаў і старонак у сацыяльных сетках бібліятэкамі — не нейкая прыхамаць, а надзённая патрэба ў наш імклівы і прагрэсіўны час. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ