Энергія танца

Не кожны можа пахваліцца, што здолеў вызначыцца з прафесіяй у раннім узросце. Гэта не тычыцца Валерыі Клінцовай, якая заўсёды востра адчувала сваё прызванне: яна павінна прысвяціць сябе танцу. Куды прывяла дзяўчыну любоў да харэаграфіі і чаго не бачыў “Дэнс Кангрэс”? Адказы — у інтэрв’ю з гераіняй рубрыкі “Максіма маладых”.

— Валерыя, раскажыце, якім вы былі дзіцем? 

— Звышактыўнай, дапытлівай і дружалюбнай дзяўчынкай, якая нічога не баялася. Я не была сарамлівай. Думаю, на гэта паўплывала атмасфера свабоды, у якой мяне выхоўвалі. Ва ўсіх дзяцей пыталі: “Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?” Я заўсёды адказвала: “Буду зоркай”, хаця сама не разумела, што робяць такія людзі. 

— Як вы пазнаёміліся з танцам? 

— Па аповедах мамы, мае першыя крокі былі на дыбачках і мне спецыяльна клалі рукі на плечы, каб я апусцілася на ступні. Я заўсёды прытанцоўвала, і мяне называлі балерынай. Знаёмства з харэаграфіяй пачалося яшчэ ў дзіцячым садзе, а працягнулася ў гімназіі-каледжы мастацтваў горада Магілёва, дзе маім правадніком у гэтым творчым свеце стала выкладчык Ірына Іванаўна Смірнова. 

Кожны танец унікальны: ніхто не выканае яго так, як ты.

— Цяпер вы студэнтка першага курса спецыяльнасці “Харэаграфічнае мастацтва (эстрадны танец)”. Чаму захацелі вучыцца менавіта ў БДУКМ? 

— На маю думку, гэта самы маштабны і нават адзіны ў сваім родзе ўніверсітэт, дзе настолькі сканцэнтравана творчасць. Да паступлення я дакладна ўсведамляла, што хачу быць харэографам. Давялося выбіраць: пасля каледжа застацца і працаваць па размеркаванні ў родным горадзе ці паехаць у сталіцу, каб павысіць узровень у найлепшых педагогаў краіны. Другі варыянт падаўся больш прывабным. Я паспяхова вытрымала ўступныя іспыты і ўбачыла сваё імя ў спісе бюджэтнікаў. 

— Распавядзіце пра ўражанні ад вучобы. Ці спраўдзіліся вашы чаканні? 

— Шчыра кажучы, мне, як і многім студэнтам, не вельмі падабаецца сядзець на лекцыях. Люблю актыўнасці і практычныя заняткі, напрыклад эстрадны трэнаж, дзе мы вывучаем базу розных стыляў. Прыблізнае ўяўленне аб універсітэцкім жыцці ў мяне было, таму ўсё ідзе па плане. Адзінае, чаго хочацца, — дадаць яшчэ некалькі гадзін да сутак. Не хапае часу: шмат рэпеціруем, рыхтуемся да канцэртаў, а таксама развіваемся па-за ўніверсітэтам. 

— І дзякуючы гэтаму можаце ўдзельнічаць у самых ганаровых дзяржаўных мерапрыемствах. Якія эмоцыі адчуваеце, знаходзячыся на адной сцэне з вядомымі артыстамі? 

— Зусім нядаўна мы выступалі на “Песні года”. І я адразу зразумела маштабнасць праграмы, у якой былі задзейнічаны ўсе зоркі беларускай эстрады. Мы працавалі ў камандзе прафесіяналаў, і кожны нумар прапісваўся дакладна па хвілінах. Высокаму ўзроўню адпавядала канцэртная пляцоўка і гукавое суправаджэнне. Гэта класная магчымасць набрацца досведу і пагаварыць са знанымі людзьмі. Да іх прыхільнікі выстройваюцца ў чаргу, каб узяць аўтограф, а ты стаіш на сцэне побач і ствараеш антураж для песень. Крутое адчуванне! 

— Ужо падвялі вынікі II Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Дэнс Кангрэс”. Які кірунак вы там прадстаўлялі? 

— Хай-хілс у намінацыі “Сола” (узроставая група 16—21 год). Падаецца, такога “Кангрэс” яшчэ не бачыў. Гэта новы глыток паветра, які разбавіў масу кантэмпарары і эксперыментальнай харэаграфіі. Нумар поўнасцю рабіла самастойна, што дазволіла мне праявіцца як танцорцы і пастаноўшчыцы. Вядома, я прыслухваюся да ідэй педагога па балетмайстарскім мастацтве і ўвесь час працую над якасцю харэаграфічнага тэксту. Дарэчы, мы разам з эстрадным аддзяленнем універсітэта праводзілі майстарклас для ўдзельнікаў “Кангрэса”.

 

— Але ж на вашым творчым шляху былі бальныя танцы. 

— У бальныя танцы я прыйшла ў 16, што па мерках гэтага спорту лічыцца познім тэрмінам, бо дзе ці пачынаюць займацца ў пяць гадоў. На той момант мне хацелася разнастаіць жыццё, ды і сябар прапанаваў адважыцца на “авантуру” разам. Праз нейкі час я зразумела, што бальныя танцы пераследавалі мяне заўжды. Часта з мамай наведвала конкурсы ў якасці гледача: раскошныя сукенкі, рухі і музыка — усё страшэнна захоплівала. Каля года я сур’ёзна рыхтавала цела, трэніравалася штодня па 5—6 гадзін. Мне ўдалося выступіць на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах і заваяваць золата. Стоячы на найвышэйшай прыступцы п’едэстала, я адчувала неапісальны гонар: мы з партнёрам абышлі пары, якія займаюцца бальнымі танцамі з дзяцінства. Вядома, гэта вынік тытанічнай працы, дзякуючы якой я выхавала ў сабе вытрымку, жаноцкасць і ўпэўненасць, бо на паркет ты павінен выходзіць ужо пераможцам. Думаю, былых бальнікаў не існуе, і калі-нікалі ўва мне прачынаецца жаданне вярнуцца ў тыя часы. На жаль ці на шчасце, у жыцці пачаўся наступны этап у новым горадзе, і ўсе сілы сканцэнтраваны на развіцці ў сценах універсітэта культуры. 

— З якімі яшчэ стылямі танца вы знаёмыя? 

— У гімназіі-каледжы я добра вывучыла народны і эстрадны танец, а таксама класічную базу. Паралельна адкрывала для сябе такія стылі, як хіп-хоп, вэйвінг, пампінг. Спасцігала іх самастойна, гледзячы відэаўрокі на YouTube. Цяпер у маім жыцці шчыльна замацаваўся хай-хілс — стыль, які аб’яднаў бальны кірунак з эстрадным. Гэта танец на высокіх абцасах, што патрабуе стойкасці і вытрымкі. 

— Наогул, што вы ўкладваеце ў паняцце “танец”? 

— Яно асацыіруецца са свабодай. Гэта тое, з чым я прачынаюся і засынаю, што суправаджае мяне цэлы дзень. Кожны танец унікальны: ніхто не выканае яго так, як ты. 

У творчых ВНУ ў кожнага асаблівая энергетыка, якая зараджае. Я знаходжуся ў атмасферы, дзе немагчыма не натхняцца. Тут і выкладчыкі, і аднагрупнікі — асобы! Гляджу на іх і разумею, наколькі ўсе таленавітыя і розныя. Гэта і матывуе рабіць сумесныя перформансы, каб усіх здзіўляць. 

— Якой вы бачыце сваю будучыню? 

— Я атрымліваю асалоду ад працы з людзьмі. Мне падабаецца іх навучаць, таму жадаю паспрабаваць сябе ў прафесіі харэографа-пастаноўшчыка. Але не планую адмаўляцца ад ідэі выступаць самой. Хацелася б зрабіць унёсак у айчынную культуру, каб імя Валерыі Клінцовай асацыіравалася з крутымі і маштабнымі работамі! 

Настасся ЮРКЕВІЧ