Сціплае хараство народнай архітэктуры

Апублiкавана: 02 мая 2023 Стужка Архітэктура Мінск Соцыум

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Важным этапам маштабных работ, якія адбыліся цягам апошняга года ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”, стала аднаўленне царквы Ражджаства Багародзіцы. Менавіта аднаўленне, а не будаўніцтва новага храма. Гэта сімвалічная даніна памяці жыхарам спаленай вёскі. Аднак ці лёгка было вярнуць з нябыту вобраз будынка, страчанага ажно 80 гадоў таму? 

ГУСТОЎНАСЦЬ У ПРОСТАСЦІ 

Як сведчаць архіўныя дакументы, храм з’явіўся ў Хатыні яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Праўда, ніякіх звестак пра яго не захавалася. Святло гісторыі пралітае хіба на падзеі куды пазнейшыя. 6 лістапада 1794 года ў сяле была асвечаная грэка-каталіцкая царква Нараджэння Дзевы Марыі, якая па скасаванні Уніі стала праваслаўнай. Да нас дайшлі інвентары храма ХІХ стагоддзя. 

Згодна з гэтымі дакументамі, царква была маленькай — даўжыня ўсяго каля 10 м. Пабудаваная з бруса, гонтавы дах, дашчаная падлога, чатыры акны, вежачка з купалам, вялікі алтар разной работы… Адным словам, звычайная вясковая цэркаўка. І менавіта ў гэтай простасці тоіцца непаўторнае хараство і густоўнасць народнай архітэктуры. 

Зрэшты, была там і свая адметнасць, якой вяскоўцы, напэўна, вельмі ганарыліся — срэбны келіх вагою (калі верыць інвентару) ажно пад 10 кг. Можна толькі сабе ўявіць, як доўга і з якой любоўю збіралі на яго ахвяраванні не надта заможныя жыхары Хатыні! Пагатоў прыход быў зусім невялікі: у 1861 годзе — усяго пяцьдзясят чалавек. 

Падчас карных аперацый нацыстаў менавіта храмы не раз станавіліся эпіцэнтрамі трагедыі. Царква ў Хатыні той жудасны сакавіцкі дзень нейкім цудам перажыла — ды ненадоўга. Яна была спаленая пры невядомых абставінах літаральна праз пару месяцаў— у жніўні таго самага года. 

Ідэю аднаўлення царквы дырэктар мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артур Зельскі агучваў яшчэ гадоў дзесяць таму — у тым ліку і на старонках “К”. Калі ініцыятыва атрымала падтрымку на самым высокім узроўні, яе рэалізацыя не прымусіла сябе чакаць. 

“ЗБОРНАЕ АБЛІЧЧА” ВЯСКОВАЙ ЦАРКВЫ 

Навукова абгрунтаваная рэканструкцыя (а пра іншыя падыходы і гутаркі не вялося) прадугледжвае трывалую дакументальную аснову. У дадзеным выпадку з гэтым усё складана: ніводнага фота або малюнка хатынскай царквы не захавалася. Тыя, хто бачыў яе на свае вочы, да нашых дзён не дажылі. 

Адпаведна, перад архітэктарамі стаяла вельмі няпростая задача: у кароткі час рэканструяваць вобраз помніка, не маючы ў наяўнасці ніякіх іканаграфічных крыніц. Вобраз, канешне, гіпатэтычны — але, як вядома, гіпотэза адрозніваецца ад фантазіі. 

— У архіўных апісаннях можна адшукаць габарытныя памеры царквы, пэўныя звесткі пра яе ўнутраную структуру, — распавядае кіраўнік распрацоўкі навукова-каштарыснай дакументацыі Раман Забела. — Для спецыялістаў гэта вельмі важная інфармацыя: у драўлянай архітэктуры выгляд будынка непасрэдна залежыць ад яго канструктыўных асаблівасцей і выкарыстаных тэхналогій будаўніцтва. 

У такіх выпадках звычайна ўжываецца метад аналогіі: навукоўцы знаходзяць падобны помнік і выкарыстоўваюць яго ў якасці ўзору, каб запоўніць “белыя плямы”. Аднак наколькі гэты падыход апраўданы тут? 

Ёсць рамантычнае ўяўленне, нібы народнае дойлідства заўсёды непаўторнае. Раман Забела з ім не можа пагадзіцца: услед за многімі аўтарытэтнымі даследчыкамі, ён сцвярджае, што “тыпавое будаўніцтва” практыкавалася ўжо пару-тройку стагоддзяў таму. 

— У той час храмы будавалі адмысловыя арцелі, якія пераязджалі з месца на месца, — тлумачыць архітэктар. — Адпаведна, багата розных аб’ектаў маглі быць створаныя аднымі рукамі. Разуменне гэтага дало нам ключ для далейшых пошукаў. Мы вывучылі тыпавыя канструкцыі і аб’ёмныя рашэнні драўляных цэркваў навакольнага рэгіёна, супаставілі іх з апісаннямі царквы ў Хатыні — і ўрэшце зрабілі важнае адкрыццё: як выявілася, адзін з тыпаў адпавядае нашаму выпадку! 

Інтэр'ер царквы Ражджаства Багародзіцы

Інтэр'ер царквы Ражджаства Багародзіцы

Праз вывучэнне аналагаў удалося таксама ўзнавіць прыёмы, якія выкарыстоўвалі будаўнікі царквы ў Хатыні. Адноўленая царква, як і аўтэнтычная, збудаваная “ў кут”: гэта адмысловы спосаб замацавання бярвенняў у кутах канструкцыі.

Невялічкая званіца, што знаходзілася побач, была рэканструяваная паводле тых аналагаў, якія апісаў вядомы даследчык Сяргей Сергачоў. Нават такая, здавалася б, дэталь, як каваны крыж, таксама мае гістарычны прататып, зафіксаваны ў даследаваннях Яўгена Сахуты. 

— Устанавіўшы асноўныя параметры храма — габарыты, форма плана і ўнутраная структура, вышыня, форма даха, месца размяшчэння купала, колькасць вокнаў, — мы ў гэтых межах стварылі свайго кшталту “зборнае аблічча” вясковай царквы дадзенага рэгіёна, — падсумоўвае архітэктар. — Прычым не ставілі задачу зрабіць выгляд, нібы царква тут “заўсёды стаяла”: гэта быў бы падман. Таму пры будаўніцтве выкарыстаныя традыцыйныя матэрыялы — дрэва, метал, камень… Але ж тэхналогіі — сучасныя! У выніку атрымаўся сучасны будынак, які належыць да традыцыйнай народнай архітэктуры. 

БЕЗ ЯРКІХ КОЛЕРАЎ 

Драўляныя цэрквы мы прызвычаіліся бачыць пафарбаванымі ў яркія светлыя колеры: сіні, зялёны, жоўты... Гэтай традыцыя — зрэшты, не такой і даўняй — у Хатыні вырашылі не прытрымлівацца. Найперш для архітэктараў было важна, каб новы аб’ект не надта браў на сябе ўвагу і не канфліктаваў з ужо сфармаваным ландшафтам мемарыяльнага комплексу. Таму вырашылі, што менавіта натуральны колер “старога дрэва” (састараць яго адмыслова) дазволіць новаму храму захаваць сціпласць. І сапраўды, візуальна ён амаль зліваецца з навакольным лесам. Тым болей менавіта гэты колер быў уласцівы драўляным цэрквам у мінулыя часы. 

Атмасфера сціплай сельскай царквы захаваная і ва ўнутраным убранстве. Па словах настаяцеля Князь-Уладзімірскага храма Барысава протаіерэя Паўла Яцукевіча, які апякуецца будоўляй і ўпарадкаваннем царквы ў Хатыні, інтэр’еры вытрыманыя ў максімальнай адпаведнасці з тымі звесткамі, што захаваліся ў інвентарах. 

— У кожным разе ўнутры гэты храм так і сапраўды мог раней выглядаць, — удакладняе святар. — З інвентароў вядома, што ў ім былі попельныя фіранкі, заслона блакітнага колеру. Усё гэта адноўлена. Як і даўней, у царкве ёсць іконы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, Свяціцеля Мікалая... Клірас для пеўчых таксама стылізаваны пад даўніну. Падсвечнікі і панікадзіла — гэта ручная коўка, ніякіх фабрычных вырабаў! Разны іканастас мы хацелі замовіць прафесійным майстрам, але навукоўцы параілі нам лепей звярнуцца да мясцовых умельцаў — так, як рабілі продкі, аздабляючы свой храм. Адзінае, колер у іканастаса іншы, больш цёмны. Раней быў белы, але цяпер для Хатыні ён, вядома, ужо не пасуе. 

А вось тое, што ніякім чынам аднавіць немагчыма, дык гэта ранейшае прыхадское жыццё храма, куды ўся вёска збіралася па нядзелях і святах. Вёскі ўжо няма — адпаведна, няма і прыхода. Але протаіерэй Павел упэўнены, што царква пуставаць не будзе. 

Літургія там будзе служыцца толькі ў адмысловыя даты — у тым ліку, вядома ж, і 22 сакавіка. Паніхіда па нявінных ахвярах нацызму плануецца куды часцей — раз на два тыдні. Але і ў вольны ад багаслужбаў час храм заўсёды будзе адкрыты — каб кожны наведвальнік Хатыні мог зайсці туды, паставіць свечку, памаліцца… Або проста пабыць у цішы, асэнсоўваючы ўбачанае. 

Ілья СВІРЫН 

Фота Рамана ЗАБЕЛЫ