Ня­мар­ная ма­ра На­сты

Дзіцячыя летуценні з часам ператвараюцца ў рэальнасць, а здольнасці ды ўпартая праца прыводзяць да высокіх вынікаў. У 25 гадоў ураджэнка Мазыра Анастасія Чадзій стала членам Беларускага саюза мастакоў, адкрыла ўласную арт-студыю і паўдзельнічала ў больш чым 40 экспазіцыях.Дзяўчына працягвае раскрываць новыя грані свайго таленту і пастаянна эксперыментуе з матэрыяламі для работ. Наша гераіня падзялілася з карэспандэнтам “К” думкамі аб ролі творцы ў сучас ным свеце, пошуках натхнення і значнасці навучання людзей Мастацтву.

— Анастасія, цяга да творчасці, як я разумею, праявілася ў вас яшчэ ў маленстве... 

— Гэта насамрэч так. Памятаю, што дзяўчынкай я ўвесь час хацела паказаць сябе менавіта мастачкай. Калі мне было пяць гадоў, тата рабіў на нафтаперапрацоўчым заводзе. І аднойчы прафсаюз абвясціў там дзіцячы конкурс на найлепшы малюнак. Я аддала свае творы. Колькі было эмоцый, калі ўзамен атрымала вялікі пакет цукерак “Кароўка”! Дасюль тая гісторыя асацыіруецца ў мяне з самай вялікай узнагародай за старанні. 

— Каб стаць сапраўдным прафесіяналам, вы атрымалі акадэмічную адукацыю. Раскажыце аб этапах навучання. 

— Пасля 11-га класа я планавала пайсці ва Універсітэт культуры. Але мой настаўнік параіў паступаць у гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка пасля дзявятага. Калі прыехала здаваць уступныя экзамены, мяне апанавала любоў з першага погляду: да таго часу я не была знаёмая са скульптурай, ніколі не бачыла вялікіх жывапісных палотнаў. Словам, усе іспыты ў выніку вытрымала, бо асабліва не хвалявалася. Навучанне цалкам захапіла. Вакол заўсёды знаходзіліся людзі, якія цесна звязаны з творчасцю: артысты, мастакі. Для мяне было чыстай асалодай працаваць над сваім развіццём сем дзён на тыдзень з раніцы да вечара. 

Пасля выпуску з каледжа, цягам двухгадовага размеркавання, жыццё бурліла: мае вучні займалі першыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах, сама актыўна ўдзельнічала ў выставах, праводзіла майстаркласы і адкрыла ўласную арт-студыю ў Мазыры. Але адчувала вострую патрэбу ў прафесійным развіцці, якая і прывяла мяне да паступлення ў БДАМ на кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Яшчэ ў каледжы я наведала акадэмію і ўбачыла працы студэнтаў кафедры. Менавіта праз той візіт я закахалася ў будучую alma mater. 

— У жыцці кожнага творчага чалавека ёсць фігура настаўніка. Хто для вас праваднік у свет мастацтва? 

— З упэўненасцю магу сказаць, што для мяне такі чалавек — Дуброва Мікалай Кузьміч. На жаль, яго ўжо няма з намі, але я ніколі не забуду нашу першую сустрэчу. Я вучылася ў трэцім класе мастацкай школы і неяк прыйшла на заняткі ў гурток шыцця з сяброўкамі. Побач размяшчалася студыя малявання, дзе я заўважыла творцу з вялікай барадой. 

Гэта быў вельмі добры і спагадлівы чалавек, які неймаверна любіў сваю прафесію. У мае 13 гадоў ён сказаў: “Вось намалюеш, Насця, карціну, мы аднясём яе на выставу, каб потым ты ўступіла ў Беларускі саюз мастакоў”. Я заўсёды адчувала надзейную апору ў асобе Мікалая Кузьміча, які ў самыя адказныя моманты знаходзіўся побач. 

— Вы ўдзельніца такіх буйных праектаў, як “Дэкарт-22”, Трыенале маладых мастакоў, “Восеньскі салон”, “Кропка адліку”, “Арт-Мінск”, “Артпанарама”, “Фарбы Палесся” ды іншыя. Раскажыце аб значэнні гэтых мерапрыемстваў у вашым жыцці. 

— У 15 гадоў я патрапіла на сваю першую рэспубліканскую выставу ў Палацы мастацтва як аўтар. Цяпер на маім творчым рахунку больш за 15 рэспубліканскіх экспазіцый, а ў цэлым праектаў налічваецца каля 40. У 20 гадоў праходзіла мая персанальная выстава, якая дэманстравалася ў Брэсце, Гродне, Мінску, Оршы, Мазыры. Здараліся і замежныя паездкі. Напрыклад, мінулым летам удзельнічала ў татарстанскай экспазіцыі ў Елабузе. А ўжо ў лютым гэтага года я стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Свет вачыма мастака”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу і сабраў каля 750 творцаў з 24 краін. 

Кожнае такое мерапрыемства мае для мяне асаблівае значэнне і адбіваецца ў памяці. Не забуду, як плакала ад радасці, калі мае працы прайшлі адбор у дарослай катэгорыі на выставе “Арт-Мінск”. І падобныя эмоцыі ў мяне штораз. 

— У вашай творчасці вылучаецца серыя партрэтаў пажылых людзей, а таксама карціны, у якіх можна прасачыць матыў інтэлектуальных гульняў. Чаму вас так зацікавілі падобныя тэмы? 

— У партрэтаў “Бабуля” і “Дзядуля” ёсць рэальныя прататыпы. Гэта мае родныя бабуля і дзядуля, якія жывуць у Мазыры. Менавіта іх выявы — адлюстраванне таго, што ў мяне асацыіруецца з дзяцінствам. Чаму сталыя людзі? На іх тварах бачныя адбіткі вопыту. У майго настаўніка Мікалая Кузьміча былі вельмі добрыя зморшчынкі. І калі я назірала за яго мімікай, адразу разумела, што выкладчык шчыра ўсміхаўся ўсё жыццё.Таксама вабіць матыў інтэлектуальных гульняў. Скажам, у шахматах дзейнічаюць пэўныя алгарытмы, кожная фігура ходзіць па сваіх правілах. Па эстэтыцы мяне сапраўды чапляе гэтая тэма. 

— У вашай біяграфіі ёсць унікальны досвед. У рамках практыкі ад Акадэміі мастацтваў вы распісвалі новую капліцу ў Талачыне. Раскажыце аб працэсе. 

— Гэта і сапраўды незабыўна, мы працавалі на будаўнічых рыштаваннях, якія складаліся з трох узроўняў па два з паловай метры кожны. Таксама наша група ўвесь час знаходзілася ў манастыры, жыла з манашкамі, ела згодна з постам, выкарыстоўвала спецыяльныя сілікатныя фарбы, якія прымяняюцца толькі пры роспісе капліц. Вядома, фізічная нагрузка аказалася цяжкай, але не ўсе могуць распавесці аб працы ў такіх незвычайных умовах. Гэта было стварэнне нечага маштабнага і вельмі значнага. 

— Вы пастаянна ўдасканальваецеся прафесійна, але ў той жа час паспяхова праявілі сябе як арганізатар, адкрыўшы студыю “Квадрат” у Мазыры. Як да вас прыйшла падобная ідэя? 

— Ужо пасля заканчэння каледжа заўважыла за сабой цікавую рэч: маю добра развітыя арганізатарскія здольнасці. У 2017-м мяне чакала двухгадовая адпрацоўка ў Мазыры. Тады там не было ніякіх культурных ініцыятыў. Па сутнасці, у горадзе самым папулярным месцам заставалася кавярня. А я зразумела, што ў Мінску прывыкла кожныя выхадныя наведваць нейкія выставы, жыць у патоку культуры і мастацтва. Тут нічога падобнага не існавала. Чым мне займацца ў вольны час, калі я не куру, не п’ю і па начных клубах не хаджу? 

Праз чатыры месяцы пачала ладзіць арт-вечары, паралельна працавала з дзецьмі. Гэта дапамагло мне зразумець: для нас, творцаў, мастацтва — штодзённасць, а для іншых людзей — нешта падобнае да цуду. 

У выніку ўжо больш за пяць гадоў праводжу майстар-класы для дарослых і маленькіх у сваёй арт-студыі “Квадрат”. Зусім нядаўна пачала рабіць тое самае ў Мінску. Людзі атрымліваюць новы досвед. І некаторыя з іх нават не здагадваюцца пра свой схаваны талент. У Мазыры мы арганізавалі поўнамаштабны праект “Новыя імёны”. У выставе ўдзельнічалі асобы розных прафесій, якія прыходзілі маляваць у студыю. Мы ладзілі экспазіцыю тры гады запар, у другі раз у ёй дэманстравалася больш за 240 работ 60 аўтараў. 

Самая вялікая падзяка для мяне — словы вучняў, якія пачынаюць заўважаць прыгажосць у дробязях і ацэньваць усё поглядам мастака. Да прыкладу, прыходзяць і кажуць: “Я зараз убачыла маляўнічы захад сонца. Раней бы яго не прыкмеціла, а цяпер іду і думаю: якія ж фарбы змяшаць, каб атрымаць такія адценні?” 

— Сёлета ў студзені вас прынялі ў Беларускі саюз мастакоў. Раскажыце, наколькі гэтая падзея важная ў вашым жыцці. 

— Я прайшла захапляльны шлях, які пачаўся ў тым жа 2017 годзе. Каб трапіць у шэраг прафесіяналаў, ты павінен мець за плячыма вышэйшую адукацыю, пэўную колькасць рэспубліканскіх выстаў, рэкамендацыі іншых членаў Саюза мастакоў. Можна сказаць, дзіцячая мара здзейснілася. Заўсёды хацелася быць творцам, які мае гэты статус. 

— Адкуль вы чэрпаеце натхненне і з якімі матэрыяламі прывыклі працаваць? 

— Натхненне не прыходзіць, калі ты садзішся перад аркушам паперы і думаеш, маўляў, час наступіў. Ідэі з’яўляюцца ў працэсе стварэння нейкай работы. Ты можаш ісці па вуліцы, заўважыць пэўную дэталь і прыдумаць канцэпцыю для праекта. Асабіста мяне цікавіць фармат серый, якія матывуюць на новыя пошукі. Да прыкладу, у апошняй серыі “Мелодыя” я адлюстравала розныя музычныя трубы. Мне заўсёды было цікава эксперыментаваць і спалучаць размаітыя тэхнікі. Часта праца з матэрыялам можа даць іншае прачытанне першапачатковага эскіза. 

— Падзяліцеся планамі на найбліжэйшую будучыню. 

— Хачу бесперапынна ўдасканальвацца ў прафесіі. Ёсць жаданне паказваць людзям, наколькі цудоўна быць мастаком, вучыць іх нечаму нязвыкламу. Планую надалей удзельнічаць у цікавых выставах і, канешне ж, ствараць уласныя праекты. Думаю, пра гэта вы хутка даведаецеся. 

Настасся ЮРКЕВІЧ