Наш першы выхад у інтэрнэт-эфір

Апублiкавана: 05 мая 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Сёння, у Дзень друку, у нашым медыяхолдынгу адбылося ўрачыстае адкрыццё прэсклуба “Культура і Мастацтва”, які стане пляцоўкай для абмеркавання надзённых пытанняў культурнага жыцця грамадства. Ён дасць пачатак некалькім праектам. 

“Прэс-цэнтр” дапаможа нашым калегам з розных СМІ атрымліваць найбольш актуальную і аператыўную інфармацыю ад запрошаных экспертаў сферы культуры. Абмеркаваць дасягненні і праблемы галіны дазволяць круглыя сталы, відэаканферэнцыі, своеасаблівыя адукацыйныя семінары. Дзякуючы найноўшым тэхналогіям прысутнічаць на гэтых мерапрыемствах змогуць спецыялісты з любога населенага пункта краіны і нават з замежжа. 

У “Прэс-гасцёўні” будуць ладзіцца сустрэчы са знакамітымі дзеячамі мастацтва. Акцёры, рэжысёры, кампазітары, музыканты прэзентуюць новыя работы, распавядуць аб творчых пошуках, а кінематаграфісты, як мяркуецца, змогуць правесці для прэсы паказы сваіх карцін. Плануецца, што на гэтай пляцоўцы таксама будзе абмяркоўвацца арганізацыя буйных фестываляў, такіх як “Славянскі базар у Віцебску”, “Лістапад” ды іншыя. 

Выставы і майстар-класы мастакоў, фатографаў, рамеснікаў пачнуць праводзіцца анлайн для гасцей “Прэс-майстэрні”. Да трансляцый змогуць падключыцца школы мастацтваў, ВНУ і каледжы творчага профілю, цэнтры і дамы рамёстваў, удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў. 

А цяпер пра адкрыццё прэсклуба “Культура і Мастацтва”. На першы свой “эфір” мы запрасілі прадстаўнікоў рэгіянальных устаноў культуры, нашых актыўных чытачоў і аўтараў. У прыватнасці, на відэасувязь з журналістамі выйшлі дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ганна Цюшкевіч, загадчык аддзела Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава, загадчык аддзела рэкламы і менеджменту Палаца культуры горада Ліды Святлана Бабошанкава, бібліятэкар Дуброўскай сельскай бібліятэкі Светлагорскага раёна Людміла Бусел. 

Мы будзем удзячныя за вашы прапановы. Якія тэмы варта абмеркаваць у прэс-клубе і каго з дзеячаў культуры запрасіць на размову — пішыце ў лістах на электронную скрыню kim@kultura-info.by. Пажадана, каб сярод нашых гасцей было больш рэгіянальных прадстаўнікоў, якія змогуць падзяліцца сваімі дасягненнямі і надзённымі праблемамі.