Дамінік Стэфановіч. Ля вытокаў беларускага піянізму

Сёння пагаворым пра знакамітага мінскага піяніста Дамініка Стэфановіча. Падаецца, жыццярыс гэтага папулярызатара музычнай культуры будзе цікавым не толькі адмыслоўцам. 

ТРОХІ АСАБІСТАГА 

Неяк у 2000 годзе ў маю хатнюю бібліятэку трапіла кніга Аляксандра Капілава і Алены Ахвердавай “Музыкальная культура Беларуси ХІХ — начала ХХ века”, што ўтрымлівала невялічкі нарыс пра Стэфановіча. Крыху пазней напаткаў кнігу гісторыка Генадзя Кісялёва “Героі і музы” (1982) з нарысам, напісаным на багатым архіўным матэрыяле. Пасля прачытаў артыкул Алены Ахвердавай “Пачынальнікі беларускага піянізму” (1985) ды шмат іншых публікацый. І высветлілася, што “стэфановічыяна” не толькі тупае на адным месцы, але ўжо нават забыла многае з таго, што Кісялёў адшукаў у архівах Беларусі і Літвы ў 1970—1980-х. Так пачалося гэтае даследванне… 

ШЛЯХЕЦКАЯ ФАМІЛІЯ 

У мінскім гістарычным архіве захоўваецца багата дакументаў, датычных роду Стэфановічаў. Пачынальнік роду Рыгор нібыта быў буйным мінскім ураднікам напрыканцы XVII стагоддзя. Яго сын Станіслаў, ізноў нібыта, жыў на Браслаўшчыне і ў 1720 годзе быў харунжым пінскай брыгады (хаця гэтая 2-я Брыгада Нацыянальнай кавалерыі ВКЛ была створаная толькі ў 1776-м). Цікава, што ў дваранскай справе іншай галіны роду Станіслаў названы беспатомным (!). Пры гэтым ён неяк нарадзіў Андрэя Францішка, а той — Рыгора Юзафа. Невядомыя раней метрыкі братоў знайшліся ў сямейных судовых дакументах. З іх вынікае, што 10 (21) мая 1797-га ў Сеніцкай грэка-ўніяцкай царкве быў ахрышчаны Дамінік сын Рыгора Юзафа і Марыі Стэфановічаў. Там жа ў 1804-м ахрысцілі Вінцэнта. Далей у радаводзе Дамініка ўсё больш-менш празрыста (былі браты і сёстры, сыны і дочкі, унукі і г.д.). 

СЯМ’Я 

Дамінік быў жанаты тройчы. Паўліна з Навіцкіх і Дарота з Дамброўскіх — мінчанкі. А вось трэцяй жонкай стала Марыя Іванаўна Сацье (Сотие), швейцарка з горада Аванш, якая атрымала адукацыю ў Жэневе і з нейкай прычыны напрыканцы 1840-х трапіла ў Мінск. Ад кожнай з жонак Дамінік меў дзетак. Апошнім нарадзіўся Казімір, хрост якога адбыўся 27 чэрвеня 1862 года (стары стыль). Сярод запрошаных на ўрачыстасць быў вучань і сябра Стэфановіча Манюшка, які яшчэ ў лютым знаходзіўся ў Парыжы і Берліне, вясной у Варшаве, а 24 чэрвеня (6 ліпеня), акурат пад нараджэнне Казіміра, прыехаў з жонкай на радзіму і спыніўся ў доме Ваньковічаў. 

СЯБРЫ. ШТО НІ ІМЯ… 

Калі раней мы маглі толькі меркаваць пра кола сяброў гэтай сям’і, то сёння маем дакладны адказ. 4 (16) мая 1852 года ў Стэфановічаў нарадзілася дачка. Хроснымі Фларэнціны Марыі сталі рэктар рымска-каталіцкай епархіяльнай семінарыі Адам Вайткевіч і Людвіка Горват, жонка мінскага губернскага маршалка Атона Горвата з Дукораў. Была яна дачкой Льва Оштарпа, жорсткага прыгонніка, якому паэт Ігнат Легатовіч прысвяціў эпіграму: “Са смерцю Оштарпа ўсё інакшым стане: панове кінуць піць, пачнуць есці сяляне”. 

Дамінік Стэфановіч. Мастак Часлаў Манюшка, 1836 г.

Дамінік Стэфановіч. Мастак Часлаў Манюшка, 1836 г.

Сведкі на хросце Фларэнціны — старшыня мінскай казённай палаты Асінкрыт Ламачэўскі і Тэафілія Спасовіч, жонка Данііла Спасовіча, знакамітага беларускага медыка, стваральніка Таварыства мінскіх дактароў. Іх сын Уладзімір Спасовіч — аўтар першага падручніка па крымінальным праве, гісторык і літаратурны крытык, якога пісьменнік Фёдар Дастаеўскі называў “каралём адвакатаў”. 

Не менш знакамітым быў і жандар Ламачэўскі, які пакінуў па сабе добрую памяць. Адзін уніяцкі святар выказаўся так: “Вы першы навучылі мяне паважаць блакітны мундзір, а не палохацца яго”. Праз два гады жандар далучыўся да следства, што мусіла расплесці вузел змовы, “якая пагражала жыццю манарха”. Далучэнне да справы Ламачэўскага выратавала ад смерці і катаргі многіх ні ў чым не вінаватых людзей (гл. “Записки жандарма”, 1872). 

ТОЙ, ХТО ВЫВЕЎ НА ВЯЛІКІ ШЛЯХ 

Дамінік Стэфановіч, як правіла, згадваецца ў публікацыях як настаўнік трыяды МММ — Манюшкі, Міладоўскага і Марцінкевіч. Калі даследчыкі яшчэ сумняваюцца ў тым, якую ролю сыграў у жыцці Манюшкі Стэфановіч, дык сам кампазітар у гэтым пытанні не хістаўся: “Настаўнікамі фартэпіяннай музыкі былі: у вёсцы— мая маці, у Варшаве — слаўны арганіст Фрэер, у Мінску — мой бясцэнны пан Дамінік Стэфановіч. Гэты апошні, улюбёны ў сваё мастацтва, будучы здольным ацаніць маё такое ж парыванне да музыкі, здолеў так умела скіраваць яго ў маю карысць, што з таго часу музыка стала для мяне самай важнай мэтай”. Шчырае сяброўства з настаўнікам Манюшка пранёс праз усё жыццё. 

Будынак колішняй мінскай гімназіі, у якой мог вучыцца Дамінік Стэфановіч

ЖАНОЧЫ ПАНСІЁН 

“Прашэнне. З даўняга часу займаюся я навучаннем музыцы высакароднага юнацтва і ўтрыманнем Мінскай гарадской музыкі. Цяпер, намерваючыся заснаваць пад загадваннем жонкі маёй тут жаночы пансіён, патрэбна мне пасведчанне аб маіх паводзінах і спосабе думак, чаму і прашу пакорліва ваша высокаблагароддзе аб выдачы мне такога, падаючы на гэты выпадак адзін ліст гербавай двухрублёвага кляйма паперы. Дамінік Стафановіч. Кастрычніка 24 дня 1836 года. Г. Мінск” (Г. Кісялёў). У тыя часы такія пансіёны былі ледзь не адзінай магчымасцю для дзяўчынак з дваранскіх і мяшчанскіх сем’яў атрымаць выхаванне і адукацыю. Пансіён Стэфановічы адкрылі толькі ў 1848 годзе (у сваім доме на Францішканскай вуліцы). У 1854/55 гадах ён ужо быў даволі буйной установай, у якой навучаліся 103 дзяўчыны, з якіх 15 бясплатна. Выкладалі ў пансіёне рускую, нямецкую і французскую мовы, рускую і агульную гісторыю, геаграфію, арыфметыку, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, танцы і, вядома, музыку і спевы. Музыцы і спевам, як адзначаецца ў ведамасці, навучаў “сам трымальнік”. У пансіянаце выкладала таксама і жонка Стэфановіча Марыя Сацье. Пансіён быў закрыты ў 1865 годзе. 

СПРАВА АБ ВЫКЛАДАННІ 

У 1858 годзе на Дамініка Стэфановіча ў канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі была заведзена справа “Аб бясплатным выкладанні вучням Мінскай гімназіі нотных спеваў…”. Гаварылася ў ёй, што Дамінік Стэфановіч ужо два гады выкладае нотныя спевы гімназістам і “пры старанным спрыянні пана Стэфановіча гімназія мае добры хор пеўчых”. У 1859 годзе за станоўчыя вынікі бясплатнага навучання настаўніку была аб’яўлена падзяка міністэрства народнай асветы. Як сцвярджаў Г. Кісялёў, “гэтыя дакументы характарызуюць Стэфановіча як музычнага дзеяча-энтузіяста, які садзейнічаў прапагандзе музычнай культуры ў Беларусі”. 

ТОЛЬКІ НАСТАЎНІК? 

Менавіта як настаўніка мы і ведаем Дамініка Стэфановіча. Але вось што піша польскі музыказнаўца Мар’ян Фукс (“Полымя”, 1967) : “Думаецца, што гэты сціплы правінцыяльны выкладчык музыкі быў тым чалавекам, дзякуючы якому Манюшка стаў кампазітарам. Менавіта пад апекаю Дамініка Стэфановіча фарміраваўся музычны густ Манюшкі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць нават, што Д.С. быў скрытым суаўтарам слабюткага твора пятнаццацігадовага Манюшкі — камедыі-оперы «Канторшчыкі»”. Беларуская ж музыказнаўца Святлена Немагай зрабіла адкрыццё. Ёй удалося знайсці музычны твор Стэфановіча, які выводзіць яго ў ранг беларускіх кампазітараў ХІХ ст. І тут паўстае пытанне, а ці быў гэты твор адзіны? 

ЗАЛАТАЯ ГОРКА 

У 1874 годзе ў Парыжы выйшаў слоўнік музычных дзеячаў, у якім згадвалася, што Дамінік Стэфановіч “памёр каля 1870 года”. Сёння час закрыць гэтае пытанне раз і назаўжды. Вось што напісана ў метрыцы смерці музыканта: “1870 декабря 2 дня скончался в городе Минске дворянин Доминик Осипов Стефанович от тифозной горячки, быв приобщен св. Тайн имея от роду 80 лет Мариинского прихода, оставил жену Марию урожденную Сотие 46 лет и сыновей: Виктора 30, Станислава 27, Казимира 8, дочерей Владиславу 28 и Марию 18 лет. Тело его кс. Валицкий по законному дозволению похоронил на кладбище Золотой Горки” (у 1887 годзе на гэтых жа могілках быў пахаваны і ягоны брат Вінцэнт Стэфановіч). 

Памяць мінскіх музыкантаў можна было б ушанаваць, усталяваўшы блізу касцёла св. Роха памятны камень, дадаўшы на яго імя знакамітага асветніка Дамініка Манюшкі, пахаванага там жа. 

Дзякую за некаторыя прадастаўленыя матэрыялы сваячніцы музыканта Ірыне Стэфановіч і музыказнаўцы Святлене Немагай. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ