Не варажы на рамонку, а ідзі да мар

Беларуская эстрада заўсёды жадае адкрыць новыя імёны. І ў апошнія гады мы бачым мноства маладых выканаўцаў на вялікай сцэне. Але вось ці ўспомніцца хоць бы адна песня… Ды гэта не пра нашу новую гераіню. Дзевятнаццацігадовая Анастасія Краўчанка запомнілася гледачу сваімі яркімі вобразамі і моцным вакалам. Як склаўся лёс экспрэсіўнай спявачкі пасля нашумелага шоу “X-Factor”, расказвае сама дзяўчына.

— Анастасія, распавядзіце пра сваё дзяцінства. Якія ў вас былі захапленні і адкуль схільнасць да спеваў? 

— З чатырох гадоў я займалася ў разнастайных гуртках: акрабатыка, спартыўная гімнастыка, вакал, фігурнае катанне, акцёрскае майстэрства. Фішка ў тым, што ў мяне ўсё атрымлівалася, таму ніякае хобі я не кідала, і ў нейкі момант маю маму гэта пачало насцярожваць. Спяваць пачала ў пяцігадовым узросце і паралельна займалася ў дзвюх вакальных студыях. А ўжо ў пятым класе ў маім жыцці з’явілася музычная школа. Памятаю, што не вельмі любіла яе наведваць, але яна знаходзілася у трох хвілінах хады ад дома, і, відавочна, гэта быў знак. Захапляюся, калі людзі граюць на музычных інструментах, але сама гэтага рабіць не ўмею і не хачу. Мая душа навекі належыць толькі вакалу. А зусім маленькай марыла стаць пракурорам, бо маім любімым серыялам быў “Мухтар”. 

— Каго вы лічыце сваім першым настаўнікам у свеце музыкі? 

— Пасля пераезду ў аграгарадок Сеніца з 7 па 11 клас займалася вакалам у першых прадстаўнікоў Беларусі на Еўрабачанні — дуэта “Аляксандра і Канстанцін”. З імі пачалася мая конкурсная дзейнасць, і я наведала шмат краін. 

— Давайце пагаворым пра праект “X-Factor”, які падарыў вам вялікую папулярнасць сярод беларускай публікі. Як прыйшла ідэя паўдзельнічаць у конкурсе і што вам запомнілася больш за ўсё? Што адчувае фіналістка такога маштабнага шоу? 

— Помню перыяд, калі быў застой у творчым жыцці. Для дзіцячых конкурсаў стала ўжо, бадай, дарослай, а для больш сур’ёзных заставалася дзіцём. Шаснаццаць гадоў — неакрэслены ўзрост для такой сферы. Доўга разважала, ці трэба мне браць удзел у такім праекце, бо з крутымі ўзнагародамі, высокімі пазіцыямі я прыязджала толькі з-за мяжы. У Беларусі мяне ніколі не заўважалі на падобных мерапрыемствах. Вядома, гэта моцна раніла і пакінула адбітак. Але мама сказала, маўляў, што мы губляем? Такім чынам, я адправілася на перадкастынг у Баранавічы, а потым і ў Мінск. Удзячная, што тады скарысталася гэтым шанцам. 

З кожным выступленнем на “X-Factor” звязаны ўнікальныя ўспаміны. Адзін з яркіх момантаў: пяты прамы эфір, калі з пяці ўдзельнікаў абіралі тройку суперфіналістаў. Я спявала кампазіцыю “Cryin’” і была ў дзёрзкім вобразе каўбоя. Гэта было незвычайна, бо ўсе прывыклі бачыць мяне мілай і добрай або сумнай і містычнай. А тут я была нахабнай дзяўчынай, якая ходзіць па стале і пхае нагой хлопца з падтанцоўкі. Такога досведу ў мяне не было, таму ён добра адбіўся ў памяці. Калі пачула, што стала суперфіналісткай, я проста на сцэне ўпала на калені. І ўсё было як у тумане: шум, апладысменты, супакойлівыя словы вядучай. Відэа з гэтым момантам разляцелася па ўсіх сацыяльных сетках. Уяўляеце: кожны тыдзень ты стаіш у чаканні гэтых вынікаў і настае самы вырашальны момант, а ў галаве толькі адно пытанне: ці прайшла ты далей? Гэта быў мільён бясконцых эмоцый, якія мяне проста разрывалі! 

— Як разгортваліся падзеі пасля фіналу? І як вынік праекта паўплываў на вашу кар’еру? 

— Усе падзеі скончыліся 25 снежня 2021 года, і я не разумела, што будзе далей. Нам абяцалі запісы песень, пастаянныя канцэрты. Праз сваю недаверлівасць я сумнявалася ў праўдзівасці гэтых слоў. Але ўжо шостага студзеня быў запіс маёй першай песні. Потым часовае зацішша, аднак нават у гэты перыяд я паспела выступіць на канцэрце, прысвечаным 9 мая. У той дзень мне споўнілася васямнаццаць гадоў, і я адзначыла дзень нараджэння на плошчы Перамогі, займаючыся сваёй любімай справай. Улетку ў нас пачаўся тур па гарадах Беларусі, потым шматлікія выступы на фестывалях на вольным паветры. Увогуле, жыццё зайграла новымі яскравымі фарбамі! 

Гэты праект моцна паўплываў на маю будучыню: уласныя песні, канцэрты, аўдыторыя, пазіцыі ў чартах. Нават тое, што вы цяпер бераце ў мяне інтэрв’ю, — усё гэта вынікі майго ўдзелу ў “X-Factor”. 

— А з кім з настаўнікаў і ўдзельнікаў праекта вы да гэтага часу падтрымліваеце сувязь? 

— Вядома ж, са сваім настаўнікам Сяргеем Васільевічам Суседавым, а таксама з Русланам Фёдаравічам Аляхно. З удзельнікамі шоу мы знаходзімся ў адной прадзюсарскай кампаніі, таму ўвесь час камунікуем. Усе непрыемнасці, канкурэнцыя забываюцца, маем выдатныя стасункі. 

— Летась вы сталі ўдзельніцай шоу “Залятай у трэнды”. Раскажыце пра досвед удзелу ў расійскім тэлевізійным праекце. 

— Для мяне гэта было глытком свежага паветра. Якім бы крутым ні падаваўся “X-Factor”, там мы выконвалі толькі каверы. А на “Залятай у трэнды” ты праяўляешся як артыст і знаёміш слухачоў са сваёй творчасцю. 

У канцы жніўня мяне запрасілі на прагляд у Маскву. І з верасня да снежня кожны месяц я ездзіла на здымкі на кінастудыю Amedia. Першапачаткова быў аб’яўлены прыз фіналістам — гэта фіты (сумеснае выкананне трэка) з настаўнікамі, імёны якіх мы даведаліся толькі ў дзень першых здымак. Але мне было ўсё роўна, таму што я разумела: магу праспяваць рок, поп, нават рэпчык зачытаць. Як гаворыцца, бачу мэту — не бачу перашкод. 

Калі абвясцілі спіс журы, адразу зразумела, што Мія Бойка — настаўніца, якая мне патрэбная. Нягледзячы на тое, што гэта мой другі буйны тэлевізійны праект, моцнай упэўненасці не адчувала. Як ні круці, Беларусь — родная краіна, а тут усе чужыя і здаюцца такімі рашучымі. У праект прайшлі яшчэ чатыры ўдзельнікі з “X-Factor”. І мы думалі: як добра, што мы тут разам, ідзём поплеч. 

Вынікам конкурсу стаў фіт “Фіялетава” з Міяй Бойка. Гэтая кампазіцыя — круты паказчык усіх чатырох месяцаў працы. Калі зразумела, што ўсе сем фіналістаў будуць выконваць дуэты з настаўнікамі, перамога стала для мяне не асноўнай мэтай. Мія выбрала мяне ў свой топ-3, і я вельмі ўдзячная за тое, што яна вырашыла ўзяць у каманду звычайную беларускую дзяўчыну і запісала з ёй песню. 

— Апроч фіта “Фіялетава” ў вас ёсць некалькі ўласных кампазіцый. Калі мы можам чакаць новых рэлізаў? 

— Так, у мяне ўжо ёсць свае песні: “Па полюшку”, “Рамонкі”, “Цырк”. Ужо дзве песні запісаныя і проста чакаюць свайго выхаду ў зручны момант. Але іх пішу не я. Сама складаю глыбокія, сэнсавыя, магчыма, недзе сумныя творы, якія пакуль не адпавядаюць майму вобразу. Пакуль што яны ляжаць у стале, і, магчыма, праз 10-15 гадоў я прадстаўлю іх шырокай аўдыторыі. Цяперашнія мае песні падабаюцца больш дзіцячай аўдыторыі, таму на дадзены момант мяне ўсё задавальняе. 

— Што вы адчуваеце падчас выступаў на сцэне? 

— Канцэрты — энергаабмен паміж мной і публікай, дзе я аддаю ўсе сілы. Падчас выступаў перад дарослай аўдыторыяй на афіцыйных мерапрыемствах я не бачу падтанцоўваючых гледачоў. Разумею, што па этыкеце яны не могуць сабе дазволіць скакаць і адбіваць рытм пад мае трэкі. Але пасля такіх мерапрыемстваў адчуваю сябе як выціснуты лімон. Вельмі люблю адкрытыя канцэрты, калі людзі не саромеюцца актыўнічаць: танцуюць, падпяваюць і фатаграфуюць. 

— Пасля такіх буйных праектаў вы набылі вялікую колькасць фанатаў і вядомасць. Ці паўплывала гэта нейкім чынам на вашы паводзіны? 

— Многія расказваюць, што пасля такіх шоу пачынаюць задумвацца аб сваіх дзеяннях і больш сціпла паводзіць сябе на публіцы. Я застаюся самой сабой заўсёды. Напрыклад, іду па горадзе ў кампаніі сваіх сяброў, гучна смяюся і шмат жэстыкулюю. Унутрана мяне нічога не стрымлівае. У мяне самыя лепшыя фанаты, якія поўнасцю мяне прымаюць і падтрымліваюць літаральна ва ўсім. Яны любяць манціраваць са мной розныя відэа і выкладваць у сацыяльныя сеткі — вядома, гэта вельмі замілоўвае. 

— Прыадкрыйце заслону і падзяліцеся з чытачамі газеты “Культура” творчымі планамі! 

— Збіраюся выпусціць яшчэ больш хітовых песень, якія заляцяць у вашы сэрцайкі, запоўніць сваёй творчасцю ўсе радыёстанцыі і трэнды ТikTok. Вельмі хацелася б запісаць альбом да канца года і проста развівацца як артыст, а таксама нарошчваць аўдыторыю. 

— Якую параду можаце даць маладым выканаўцам, што да гэтага часу шукаюць сябе? 

— Калі знаходзіцеся ў пошуках сябе, гэта забірае шмат вашай энергіі, якую можна ўкласці ў дзеянне. Выбіраеце паміж рок-, джаз-, поп-музыкай? Ды спрабуйце ўсё! Навошта марнаваць час на разважанні? Проста рабіце — і самі зразумееце, да чаго ляжыць душа. 

Настасся ЮРКЕВІЧ