ДШМ — “старая школа” ў развіцці

Апублiкавана: 18 мая 2023 Стужка Музыка Мінск Пазіцыя

Аўтар: РАГІН Яўген

Днямі патэлефанавалі дзяўчаты з раённага аддзела культуры. Добры аддзел: смелы, выніковы, нестандартны і аўтарытэтны. Таму і спыталіся ўпэўнена: “А што ты, Рагін, пра школы мастацтваў мала пішаш?” Я паабяцаў выправіцца. 

Сапраўды, пра ДШМ распавядаю не пастаянна. І ёсць для таго прычына… Пра гэта сёння і гаворка. 

ЧАМУ ЭЛІТА? 

Выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў — эліта прафесійнай культурнай грамады. Вось і настаўніцкія, і вучнёўскія калектывы — самыя беспраблемныя ў нашай сферы. Чаму? Лічу, што галоўным тут з’яўляецца адсутнасць кадравай праблемы. Яна калі і не вычарпана да канца, дык вырашаецца без асаблівых цяжкасцей. Так, не стае іншым разам музыкантаў, якія не толькі па нотах граюць, але і на слых. Аднак хібы гэтай не параўнаць з клубна-бібліятэчнай, калі на пасаду вымушана бяруць не спецыяліста, а, скажам, крамніцу або цялятніцу. 

У ДШМ падыход да ліквідацыі кадравай нішчымніцы паспеў стаць класічным. Таленавітыя вучні працягваюць падрыхтоўку ў ВНУ і вяртаюцца пасля ў роднае паселішча, у родную школу мастацтваў. Не толькі прэстыжна, але і дастаткова заможна. Рухавік кадравага папаўнення ці не вечны. 

З жыллём таксама ўсё як мае быць. Прынамсі, пры наяўнасці мудрых раённых кіраўнікоў. Маладыя спецыялісты жывуць у бацькоў, бо збольшага мясцовыя. Калі не, атрымліваюць здымныя ці інтэрнацкія пакоі. Больш дасведчаным кадрам даюцца кватэры. Калісьці пры мне дырэктар Драгічынскай школы мастацтваў па тэлефоне абяцаў патэнцыяльным выкладчыкам (мужу і жонцы) добраўпарадкаванае жытло. Мець добрых настаўнікаў — прэстыжна, бо прэстыжна мець дзяцей, якія любяць вучыцца ў ДШМ. 

Цяпер пра “заможна”. Пры жаданні неблагі выкладчык можа працаваць больш, чым на стаўку. Ды плюс гурткі з факультатывамі. У Зэльве, ведаю, ДШМ не зачыняецца нават па выхадных. 

Мы пакуль — пра матэрыяльнае. Грошы і жыллё… Што яшчэ трэба чалавеку? Па вялікім рахунку — яшчэ шмат. Але тое ўжо з вобласці маралі. Вось пра гэта і пагаворым. 

BEATLES НА БАЛАЛАЙЦЫ 

Палац у Жылічах Кіраўскага раёна. Апрача музея, ёсць тут і ДШМ. Побач — шыкоўны старасвецкі парк. З хлопцам гадоў дванаццаці сядзім на лаве ў засені рэдкіх дрэў. Юнак — выхаванец школы мастацтваў. Вучыцца граць на балалайцы. Пытаюся: “А Beatles на балалайцы зможаш?” Адказвае: “Лёгка!” — і паведамляе, што бацькоў у яго няма, жыццё ў дзіцячым доме не салодкае, што некалі ўсынавіла яго адна сям’я, але ён пуньку там спаліў, цяпер патрапіў да іншых людзей, нібыта пасталеў, выправіўся. Музыка выратавала? 

Так! Эстэтычнае выхаванне лекуе грамадства. Прынамсі, на міліцэйскім уліку вучні ДШМ, як правіла, не стаяць. Не я пра гэта кажу, а афіцыйная статыстыка па рэспубліцы. І гэта таксама “старая школа” нашай эстэтычнай адукацыі ды асаблівасці творчай беларускай душы. 

ПА ГАЛОЎНАЙ ВУЛІЦЫ З АРКЕСТРАМ 

Калі я, малады журналіст, прыехаў у Нароўлю, мяне сустракаў духавы аркестр. І гэта было не дагаджаннем, а добрым гумарам сяброўскай ветлівасці. Вось тады і сутыкнуўся ўпершыню з гаючай сілай мастацтва, яна не давала падшыванцам шанцу. З таго часу і бяруся сцвярджаць: калі адчуваеш сябе кепска, час выклікаць не толькі хуткую дапамогу, але і секцыю адчайных духавых. 

У чым удасканаленне “алдскульных” прынцыпаў? Асновы эстэтычнага навучання не мяняюцца. Па-ранейшаму мы танчым ад печы, малюем фарбамі, спяваем па нотах… А вось метадычныя падыходы да вучэбнага працэсу трансфармуюцца. Да прыкладу, няма ўжо патрэбы ў нотнай бібліятэцы, будзённымі сталі анлайнавыя конкурсы. Камп’ютарныя магчымасці няўхільна пашыраюцца. З гэтай прычыны сёння даступная любая, нават самая прэстыжная, канцэртная зала свету. Была б пад рукой мультымедыйная апаратура. 

На вялікі жаль, традыцыйным застаецца і пэўны недахоп новых музычных інструментаў. Пісаў пра гэта шмат, таму не хачу паўтарацца. Выйсце, як паказвае практыка, у цэнтралізацыі працэсу набыцця. Гродзеншчына калісьці дабілася тут неблагога выніку. 

АДНОЙЧЫ… 

Аднойчы мяне літаральна за рукі зацягнулі на справаздачны канцэрт у Кобрынскай ДШМ. З названых раней прычын хацеў наведаць клубы ды бібліятэкі. Аднак зацягнулі. Выцягвалі, дарэчы, таксама за рукі. Не жадаў сыходзіць, бо спадабаліся і цудоўная па акустыцы зала, і шматжанравая вельмі якасная імпрэза. Тады яшчэ раз пераканаўся, што філарманічныя выступленні можна ладзіць толькі ў добра падрыхтаваных памяшканнях. У адваротным выпадку публіка на такія канцэрты хадзіць не стане. Між тым арт-тэрапія не будзе залішняй і для дарослых. Аднак гэта зусім іншая тэма… 

Запомнілася яшчэ і тое, што вельмі амбіцыйныя і дасведчаныя педагагічныя калектывы ДШМ у Бярозе, Свіслачы, Дзяржынску, Ляхавічах, Ельску, Расонах… З асаблівым задавальненнем пабываў калісьці ў Церахоўцы (Добрушскі раён), дзе нарадзіліся мой дзед і бацька. Таксама вельмі актыўны калектыў і настаўнікаў, і вучняў. Але па тым часе ў Церахоўцы выявілася і сур’ёзная камунальна-бытавая праблема. У тамтэйшай школе мастацтваў санітарныя выгоды знаходзіліся на вуліцы. Вельмі спадзяюся, што сёння ўсе нашы ўстановы культуры і іх сельскія філіялы маюць пад сваім дахам і водаправод, і прыбіральню. 

КУДЫ РАЗВІВАЦЦА БУДЗЕМ? 

Колькі ездзіў па камандзіроўках, столькі і разбіраўся, па якіх крытэрыях варта ацэньваць дзейнасць ДШМ. 

Сапраўды, якая ўстанова найлепшая? Тая, што перамагае ў конкурсах? А мо першынство трэба прысуджаць за немалую колькасць народных і ўзорных калектываў? Ці за трывалую сетку філіялаў? А ёсць яшчэ такія паказчыкі, як ахоп вучняў сярэднеадукацыйных школ, працэнт паступлення выхаванцаў ДШМ у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Натуральна, удасканальвацца трэба ва ўсіх гэтых важных кірунках. 

У дадзеным выпадку “старая школа” — традыцыя, калі хочаце, класіка пачатковай эстэтычнай адукацыі, якая няўхільна развіваецца. Надзвычай істотны момант. Неабходнай умовай азначанага працэсу я б назваў і падпіску на “Культуру” і “Мастацтва”. Урэшце, мы ж пра эліту гаворым. 

Газета "Культура" №16 ад 22 красавіка.

Яўген РАГІН