Праваднікі па гісторыі вашага роду

Апублiкавана: 19 мая 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

“Бібліяноч”, што прайшла напрыканцы красавіка ў Беларусі, прыцягнула ўвагу мноства гасцей. Адбыўся цэлы шэраг лекцый, цікавых як чытачам-аматарам, так і адмыслоўцам. Да прыкладу, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук старшы навуковы супрацоўнік сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Вадзім Урублеўскі распавёў пра найважнейшыя выданні, якія могуць спатрэбіцца кожнаму ў даследаванні ўласнага радаводу. 

Гэтыя кнігі па антрапаніміцы, вуснай гісторыі, архівазнаўстве, генеалогіі, некрапалістыцы, археаграфіі, гісторыі штодзённасці, рэгіянальнай гісторыі і іншых дысцыплінах прама ці ўскосна асвятляюць карціну сямейна-родавых сувязей нашых продкаў. Названыя даведнікі даступныя ў бібліятэках ды кнігарнях і здольныя значна аблегчыць стварэнне генеалагічнага дрэва. Сустрэча адбылася ў рамках цыкла лекцый па генеалогіі, які сёлета ладзіцца ў ЦНБ НАН пры падтрымцы Савета маладых вучоных Інстытута гісторыі. 

ІМЁНЫ 

Пачаць можна з выданняў, прысвечаных антрапаніміцы — то-бок паходжанню імёнаў, прозвішчаў і мянушак. У гэтай галіне варта звярнуць увагу на навуковую спадчыну філолага Мікалая Бірылы, які працаваў у пасляваенныя гады, і Аляксандра Рогалева, што сёння жыве і выкладае ў Гомелі. Другі даследчык — аўтар этымалагічнага слоўніка беларускіх прозвішчаў, які пабачыў свет у 2016 годзе. Таксама можна азнаёміцца з працай Валянціны Лемцюговай і Ірыны Гапоненка “Карані нашых прозвішчаў”, складзенай з адказаў на пытанні чытачоў. Прытым варта ўлічваць: цягам пакаленняў прозвішчы маглі змяняць формы і нават згадвацца ў розных варыянтах у адну эпоху. 

АРХІВЫ 

Дапамагчы ў пошуках каранёў здольныя таксама кнігі, прысвечаныя архівам, — напрыклад, даведнік па фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, які быў выпушчаны летась. Праца над выданнем вялася 15 гадоў. Самі ж вопісы сховішчаў цяпер алічбаваныя і даступныя на сайце ўстановы. Наогул жа вызначыцца, у якіх архівах трэба шукаць інфармацыю аб тым ці іншым населеным пункце, з якога паходзілі вашы продкі, можна, скарыстаўшы пошук па фондавым каталогу на сайце “Архівы Беларусі”. 

САСЛОЎІ 

Шэраг генеалагічных даведнікаў прысвечаны паходжанню прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп. Гэта кнігі, што распавядаюць аб гісторыі буйных магнацкіх родаў (Алелькавічаў, Валовічаў, Ільінічаў і г. д.), выпушчаныя Цэнтрам генеалагічных даследаванняў, які дзейнічаў пры Інстытуце гісторыі НАН, альбо біяграфічнае выданне, што змяшчае інфармацыю аб мінскіх губернатарах, віцэ-губернатарах і губернскіх маршалках шляхты часоў Расійскай імперыі, падрыхтаванае ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі Юрыем Снапкоўскім, ці серыя кніг, створаная Фёдарам Чарняўскім, з пасадамі і тытуламі ўраднікаў Менскага ваяводства XVI—XVIII стагоддзяў. 

“Гербоўнік беларускай шляхты” — яшчэ адзін маштабны праект, які рэалізоўваецца ўжо больш за 20 гадоў Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі. Зборнік адлюстроўвае звесткі аб шляхце Мінскай губерні, якія ўтрымліваюцца ў справах фонду Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу. Кожны том выдання прысвечаны прозвішчам на пэўную літару. На сёння свет пабачылі ўжо восем кніг — да “К”. Калі пры падрыхтоўцы першых тамоў укладальнікі часта сутыкаліся з праблемай фальсіфікацыі радаводаў, то цяпер гэты аспект улічваецца больш пільна і інфармацыя адмыслова верыфікуецца. 

Пра землеўладальнікаў Мінскай губерні 1861—1917 гадоў расказваюць даведнікі, укладзеныя аспірантам НАН Дзмітрыем Драздом, якія змяшчаюць, між іншага, такія каштоўныя для генеалагічных росшукаў дакументы, як справы аб выкупе сялянамі зямлі ў памешчыкаў. Спісы шляхты Магілёўшчыны і Віцебшчыны былі апублікаваны даследчыкам Аляксандрам Залівакам, спісы шляхты і сялян ХVIII стагоддзя па некаторых паветах падрыхтаваў гісторык Яўген Анішчанка. Пра паходжанне шляхты Ашмяншчыны распавядае цэлы шэраг даведнікаў, укладзеных Васілём Юршам. 

Тым жа, хто мае яўрэйскія карані, варта звярнуць увагу на выданне Эдуарда Рабіновіча “Фамилии, основы родословных евреев Минской губернии в XVIII — начале ХХ века”. Дзяніс Лісейчыкаў у 2015 годзе выпусціў кнігу “Святар у беларускім соцыуме”, якая змяшчае багата звестак аб грэка-каталіцкіх свяшчэнніках, многія з якіх пасля перайшлі ў праваслаўе. А Дзмітрый Матвейчык у 2016-м уклаў біяграфічны даведнік аб паўстанцах 1863—1864 гадоў, які змяшчае інфармацыю аб даце і месцы нараджэння інсургентаў, адукацыі, сацыяльным статусе, лёсе падчас і пасля паўстання, а таксама аб секвестрацыі маёнткаў. 

БАЗЫ ЗВЕСТАК 

Генеалагічныя дадзеныя па ХХ стагоддзі даволі шырока прадстаўлены ў інтэрнэце. Там можна лёгка знайсці базы звестак аб удзельніках Першай сусветнай, аб рэпрэсаваных у савецкі перыяд, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане і г. д. Такая ж інфармацыя ўтрымліваецца і ў кнігах серыі “Памяць”, кожная з якіх прысвечана пэўнаму раёну Беларусі, — гэтыя тамы пачалі з’яўляцца яшчэ ў савецкія часы. 

Пошук звестак пра ўласных продкаў можа зрабіцца пачаткам захапляльнага падарожжа ў мінулае. І паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе, можа кожны — варта толькі звярнуцца да адпаведнай літаратуры.

Важны памочнік у вызначэнні кірунку архіўных пошукаў — серыя кніг “Гарады і вёскі Беларусі”, якая выходзіла з 2004 года дбаннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. У даведніку на падставе найноўшых архіўных і іншых крыніц адлюстраваны гісторыя і сучасны эканамічны ды культурны стан адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі, а таксама ўсіх населеных пунктаў кожнага раёна, уключаючы тыя, што перасталі існаваць. Тамы серыі дапамогуць сарыентавацца, да якога павета і губерні, царкоўнага прыхода ці касцельнай парафіі адносілася тое ці іншае мястэчка, дзе жылі вашыя продкі, каб далей паглыбіцца ў метрычныя кнігі ці іншыя дакументы адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. 

Пошук звестак аб продках можа зрабіцца пачаткам захапляльнага падарожжа ў мінулае, і паспрабаваць сілы ў гэтай справе, як бачым, здольны кожны — варта толькі звярнуцца да адпаведнай літаратуры. Зычым рызыкнуць і пацікавіцца — верагодна, у выніку вы не толькі ўзбагаціце веды пра ўласны радавод, але і папоўніце шэрагі апантаных аматараў генеалогіі. 

Газета "Культура" №19 ад 13 мая.

Антон РУДАК