Музейны форум дзвюх краін-суседак

Апублiкавана: 24 мая 2023 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Першы Расійска-беларускі музейны форум прайшоў у Мінску 11—12 мая. Мерапрыемства звязала цэлы комплекс пляцовак. Падзея стартавала з выставы “Дыялог з космасам”, якую зладзілі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дзе можна пабачыць экспанаты з Аб’яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Юрыя Гагарына. Таксама да праекта далучыліся Музей гісторыі горада Мінска, Мемарыяльны музей касманаўтыкі ў Маскве, Архіў Расійскай акадэміі навук і Агенцтва па аэракасмічных даследаваннях Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Асноўная частка экспазіцыі “Дыялог з космасам” адкрылася да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і была прысвечана Сусветнаму дню авіяцыі і касманаўтыкі. Як паведаміў Сяргей Есіпаў, кіраўнік музея-запаведніка Юрыя Гагарына, спецыяльна да форуму праект пашырылі і дапоўнілі ўнікальнымі прадметамі з калекцыі ўстановы — сапраўднымі касмічнымі прыборамі, распрацаванымі пры падрыхтоўцы да першага палёту ў космас. 

Хроніка 12 красавіка 1961 года прадстаўлена ў экспазіцыі ў рэдкіх дакументах, на фатаграфіях і ва ўспамінах Юрыя Гагарына. Можна пабачыць і прадметы з калекцыі сваякоў Героя Савецкага Саюза: ваенную форменную кашулю, пашытую на замову, першае выданне кнігі Юрыя Гагарына “Дарога ў космас” з аўтографам, здымкі з сямейнага альбома. Даступная таксама галерэя скульптурных партрэтаў выдатных касманаўтаў, у тым ліку ўраджэнцаў Беларусі Уладзіміра Кавалёнка, Пятра Клімука і Алега Навіцкага. 

На выставе дэманструецца работа, прысвечаная першаму палёту чалавека ў космас. Яе народны мастак Беларусі Іван Міско падарыў роднаму гораду і музею Юрыя Гагарына. Гэта мемарыяльны знак з мармуру, граніту і бронзы з факсімільным аўтографам лётчыка. Помнік, паводле задумы майстра, мусіць быць усталяваны на бацькаўшчыне першага касманаўта. Асобны раздзел экспазіцыі — здымкі, зробленыя з борта Міжнароднай касмічнай станцыі, з аўтографамі Алега Навіцкага: Мінск з вышыні 450 кіламетраў, вылазка ў адкрыты космас, узыход сонца і неабсяжная планета Зямля. 

АКЦЭНТ НА НОВЫХ ТЭХНАЛОГІЯХ 

Пленарнае пасяджэнне форуму адбылося ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там прадстаўнікі сферы культуры дзвюх краін— кіраўнікі музеяў і супрацоўнікі турыстычных прадпрыемстваў — паразважалі аб пашырэнні ўзаемадзеяння ўстаноў, аб узмацненні ролі музеяў у прадухіленні спроб перапісвання гісторыі, абмеркавалі сумесныя выставачныя праекты, неабходнасць павышэння кваліфікацыі музейных работнікаў і шмат іншага. 

Першым узяў слова дырэктар Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі Аляксей Лявыкін. Ён распавёў пра тое, як стваралася ўстанова, пра яе ўзаемадзеянне з музеямі нашай краіны. Аляксей Канстанцінавіч адзначыў гатоўнасць да сумеснай работы і выказаў канкрэтныя прапановы аб супольных праектах у рамках Саюзнай дзяржавы. Таксама падчас выступлення было абвешчана аб заснаванні Асацыяцыі гістарычных музеяў Беларусі і Расіі. 

Кіраўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмой падзякаваў расійскім калегам, якія на працягу многіх гадоў плённа супрацоўнічаюць з установай. Таксама дырэктар музея прапанаваў стварыць выставачны праект, прысвечаны ўзнікненню Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, Аляксандр Васільевіч падкрэсліў паспяховую работу гісторыка-этнаграфічнай экспазіцыі “Жывая спадчына Беларусі” ў рамках Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. 

Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, у сваю чаргу, выказаў меркаванне, што дзейнасць сучасных музеяў перастала быць выключна экспазіцыйнай, таму цяпер установа арганізоўвае літаратурна-музычныя фестывалі, квэсты ды іншыя праекты. Таксама Сяргей Іванавіч паведаміў аб гатоўнасці да супрацоўніцтва з расійскімі калегамі ў рамках агульных ініцыятыў і абмену экспазіцыямі. 

У працяг пленума генеральны дырэктар Расійскага нацыянальнага музея музыкі Міхаіл Брызгалаў распавёў аб новых праектах яго ўстановы. У тым ліку — аб імпрэзах да 150-годдзя з дня нараджэння Сяргея Рахманінава. Дарэчы, было адзначана, што ў Беларусі плануецца размясціць экспазіцыю, прысвечаную дзейнасці і творчасці кампазітара. 

Прадстаўнік музейна-выставачнага цэнтра “РОСИЗО” Вольга Галакціёнава расказала аб выкарыстанні ў праектах аптычных галаграм, якія дапамагаюць дэманстраваць экспанаты больш якасна і робяць рэдкія прадметы мастацтва даступнымі шырокаму колу гледачоў. Выступоўца падкрэсліла, што ў наш час найбольшую зацікаўленасць у наведвальнікаў выклікаюць тыя ўстановы, дзе выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхналогіі. Акрамя таго, па выніках пленарнай сесіі Вольгу Галакціёнаву абралі каардынатарам супрацоўніцтва музейных супольнасцей Беларусі і Расіі. 

АКТУАЛЬНЫЯ ПЫТАННІ РАЗВІЦЦЯ 

Таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол пад старшынствам першага намесніка міністра культуры Валерыя Грамады і кіраўніка расійскай дэлегацыі Алы Манілавай. У сустрэчы паўдзельнічалі міністры культуры расійскіх рэгіёнаў — Ніжагародскай, Растоўскай, Яраслаўскай, Варонежскай, Тульскай абласцей і Краснадарскага краю, а таксама кіраўнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Падчас дыялогу прагучала шмат прапаноў па арганізацыі сумесных праектаў: экспазіцый, канцэртаў і турыстычных маршрутаў. Прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі распавялі пра спадчыну кожнай з абласцей, абмяняліся досведам работы з расійскімі калегамі, прэзентавалі брэндавыя культурныя мерапрыемствы і запрасілі замежных гасцей на гэтыя імпрэзы. 

А 12 мая ў Нацыянальным гістарычным у рамках форуму прайшлі сесіі “Музейныя фонды Расіі і Беларусі: сучасныя метады захавання і прамоцыі музейных калекцый”, “Расія і Беларусь: музейны праектны офіс” і “Музейны турызм”. Да пасяджэнняў далучыліся кіраўнікі і спецыялісты вядучых музеяў абедзвюх краін, прадстаўнікі Саюза музеяў Расіі, музейных асацыяцый Беларусі, а таксама фондаў і арганізацый у сферы захавання культурнай спадчыны. Удзельнікі мерапрыемстваў надалі ўвагу развіццю музейнай індустрыі ў лічбавую эпоху, абмеркавалі ўкараненне інфармацыйных тэхналогій, перспектывы рэалізацыі сумесных экспазіцыйных праектаў і навукова-асветніцкіх праграм, а таксама пытанне прыцягнення ва ўстановы дзяцей і моладзі. 

Газета "Культура" №20 ад 20 мая.

Антон РУДАК