Напісаны жыццём кінасцэнарый

Апублiкавана: 25 мая 2023 Кiно Кіно Гомель і вобласць

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры да Дня Перамогі прэзентаваў фільм “Дзеці вайны”. Карціна адлюстроўвае лёсы трох жанчын, чые дзяцінства і юнацтва прыпалі на Вялікую Айчынную. Народная стужка зроблена творцамі-самавукамі без буйнога бюджэту, але выніку пазайздросцяць нават профі тэлеэфіру. 

“Мама сказала: «Ідзі вазьмі ступу і таўчы кашу». І раптам немец ідзе. Сеў, закінуў нагу на нагу і навёў на мяне пісталет. Я спужалася, кінула ўсё і збегла. Схавалася ў прыбіральні і доўга там сядзела, доўга. А мама шукала мяне. Увечары я ўбачыла, што нікога ўжо няма, і праз акно залезла ў хату. Мама так узрадавалася… Дзякуй богу, што знайшлася”. Гэта толькі адзін са страшных эпізодаў, якія ў вайну перажыла Лілія Аляксейкава. І на 91-м годзе яна ў дробязях згадвае цяжкае маленства. Успаміны Ліліі Мяфодзьеўны, а таксама Клаўдзіі Іванаўны Сяргеевай (95 гадоў) і Інесы Уладзіміраўны Шыркоўскай (93 гады) склалі аснову фільма “Дзеці вайны”. 

ДАКУМЕНТ І РЭКАНСТРУКЦЫЯ 

Рэжысёр Дзмітрый Нячаеў не хавае, што праект пачынаўся з прапановы зняць ваенную работу на конкурс. Каб прапазіцыя паступіла камусьці іншаму, можа, і атрымалася б “датнае” кіно “на адзін раз”. Дзмітрыю ж халтурыць не даспадобы. Творцу важна, каб стужка мела доўгае жыццё і адгукнулася масавай аўдыторыі, а не толькі вузкаму колу суддзяў. Задача надзвычай складаная, асабліва калі рэсурсы ў пастаноўшчыка абмежаваныя. Вакол патэнцыйнага гледача столькі відовішчаў, а яму трэба адкласці забаўкі і цярпліва выслухаць балючыя ўспаміны незнаёмца. Пагадзіцеся, 30-хвілінны маналог успрымаецца цяжка, якой бы пранізлівай ні была гісторыя. Для зумераў такая карціна ўвогуле надзвычайнае выпрабаванне. 

Каб пазбегнуць прэснасці і ўтрымаць чалавека ля экрана, аўтар звярнуўся да дакудрамы — гібрыднай формы на мяжы дакументальнага і ігравога кіно. У фільме чаргуюцца фрагменты інтэрв’ю з удзельнікамі вайны і пастановачныя сцэны — рэканструкцыя сапраўдных гістарычных падзей. Гэтыя ілюстрацыі даюць адчуць, няхай не ў поўнай меры, страх, смутак і радасць Перамогі, што зазналі гераіні. Дасягаецца такі эфект за кошт руплівай працы акцёраў-аматараў, дбайнага падбору натуры, дэкарацый, рэквізіту і касцюмаў. Глядач нібы вяртаецца з дзецьмі вайны ў вогненныя гады: трапляе ў акупаваны горад і лясны партызанскі лагер, пражывае бамбёжкі, здзекі, а таксама гібель блізкіх, сустракаецца з самаадданасцю і здрадай. 

ПАДАРОЖЖА Ў ЧАСЕ 

Кіно дазваляе прайсці з гераінямі шлях ад першых бамбардзіровак да пераможнай вясны. Здаецца, канва падзей знаёмая. Мы чулі ад сваякоў ці чыталі аб разбурэннях, страшным голадзе, забойствах мірнага насельніцтва. Але ж досвед кожнага чалавека адметны. Нідзе больш не знайсці ідэнтычных успамінаў пра паходы на партызанскія заданні, пра пошукі хоць нейкіх харчоў, пра ўбачаны ў маленстве расстрэл землякоў. Нарэшце, пра сустрэчу ўжо пасля трагедыі з суседкай, якой у ліхалецце пагарджалі, бо любілася з немцамі. Як паказвае жыццё, высновы бываюць заўчаснымі.

Глядач нібы вяртаецца з дзецьмі вайны ў вогненныя гады: трапляе ў акупаваны горад і лясны партызанскі лагер, пражывае бамбёжкі, здзекі, гібель блізкіх, сустракаецца з самаадданасцю і здрадай. 

У экспазіцыі і эпілогу паўстаюць сучасныя кадры. Пачынаецца карціна тым, што Інеса Шыркоўская наведвае родную даваенную хату. Завяршаецца рэпартажным відэа: Гомель святкуе чарговую гадавіну Перамогі, дзеці бесклапотна бавяць час на гульнявой пляцоўцы. Кантраст з рэканструяванымі ваеннымі эпізодамі і хронікай падмацоўвае звышідэю стужкі, заключаную ў рэпліцы Клаўдзіі Сяргеевай: “Трэба берагчы мір”. 

КІНАТАЛАКА 

Без перабольшання, праект атрымаўся народным. Дзмітрый Нячаеў здолеў заахвоціць да ўдзелу ў фільме людзей розных прафесій і ўзростаў. У пастановачных сцэнах здымаліся дзеці работнікаў Цэнтра інклюзіўнай культуры і людзі з інваліднасцю, якія наведваюць арганізацыю. Пагадзіліся дапамагчы камандзе і сябры клуба рэканструкцыі “Памяць” — яны выконвалі ролі нямецкіх салдат. Вядома, праца з аматарамі мае свае цяжкасці. Некаторых акцёраў даводзілася замяняць непасрэдна падчас здымак. 

Таксама да праекта падключыліся прафесіяналы: мастаком па святле выступіў Павел Антонаў, а кампазітар Дзмітрый Жур бясплатна прапанаваў творы для музычнага афармлення карціны. “Я верыў у тое, што рабіў. Верагодна, гэтая вера перадалася сябрам, знаёмым. І думаю, яны не пашкадавалі, што далучыліся”, — дзеліцца Дзмітрый Нячаеў. 

САБРАЦЬ КОЛА АДНАДУМЦАЎ 

Пасля прэм’еры на вялікім экране фільм “Дзеці вайны” паказалі ў святочным эфіры рэгіянальнага тэлеканала “Беларусь 4. Гомель”. Стваральнікі плануюць прэзентаваць работу на конкурсах, а пасля апублікаваць у адкрытым доступе. 

Мяркуецца, што першая буйная стужка кінавідэастудыі “Ракурс” стане прыступкай да запуску своеасаблівай кінафабрыкі ў Гомелі. Дзмітрый Нячаеў упэўнены, што творчая індустрыя мае права на жыццё ў абласным цэнтры — выязджаць у сталіцу ці за мяжу неабавязкова. Маленькімі крокамі кіраўнік студыі ідзе да сваёй мэты. Ён бачыць “Ракурс” аб’яднаннем здольных да каманднай працы энтузіястаў, гатовых спасцігаць майстэрства на практыцы, непасрэдна на здымачнай пляцоўцы, а не за партамі. Калі ж калектыў заручыцца і фінансавай падтрымкай, можна будзе чакаць яркія прэм’еры: тэлевізійныя праграмы, фільмы-казкі і нават псіхалагічнае кіно. 

Газета "Культура" №19 ад 13 мая.

Данііл ШЭЙКА 

На фота кадры з фільма