Мастак Адам і паэт Юзаф

Ёсць у нашай сталіцы, адразу за Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, невялічкі, але ўтульны мікрараён Вялікая Сляпянка. Адметны ён не толькі сядзібай Ваньковічаў (не блытаць з домам-музеем у цэнтры Мінска), але і вуліцамі, названымі ў гонар творцаў і навукоўцаў. Іх прозвішчы, дарэчы, гучаць амаль як той спеў: “Ваньковіча — Буйніцкага, Дамейкі — Тарашкевіча, Рушчыца і… ШЭМЕША”. Пагаворым сёння пра таямніцы роду Шэмешаў, які пакінуў у гісторыі Беларусі адметны след. 

ШЭМЕШЫ 

Не хопіць газеты, каб даць разгорнутую характарыстыку ўсім прадстаўнікам гэтага роду, таму абмяжуемся кароткай даведкай пра бацькоў Адама і Юзафа. Казімір Шэмеш, маршалак шляхты Ігуменскага павета, быў сынам Міхала і Апалоніі Ільініч, чый маёнтак Барацічы знаходзіўся на поўдзень ад горада Беразіно, амаль на самым беразе ракі. Меў брата Гілярыя, які жыў у Пуцьках. Сваяцтвам Шэмешы былі шчыльна звязаныя з такімі вядомымі старымі родамі, як Ваньковічы, Абуховічы, Валовічы, Бярновічы, Яленскія, Ромеры, Чаховічы, Святарэцкія... Ажаніўся Казімір з Эвелінай Вэндарф з Клеччыны. Цікавыя падрабязнасці, датычныя жывой гісторыі гэтага і сваяцкіх Шэмешам родаў, пакінула ў сваіх успамінах дачка Казіміра і Эвеліны, знакамітая пісьменніца Ефа Фелінская. Дарэчы, брат яе мужа Алойзы Фелінскі стварыў трагедыю “Барбара Радзівіл”, што ў 1817 годзе з ашаламляльным поспехам была пастаўленая на тэатральнай сцэне. 

АДАМ 

У гісторыі беларускага мастацтва Адам Шэмеш пакінуў вельмі значны след. І не толькі як выдатны жывапісец: партрэтыст (выявы Уладзіслава Сыракомлі, Станіслава Манюшкі і жонкі кампазітара Аляксандры з сынам), ілюстратар (творы Адама Міцкевіча), майстра тэатральных дэкарацый (супрацоўніцтва з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам), але і як мастацтвазнавец. Менавіта яго пяру належаць першы пасмяротны жыццяпіс старэйшага сябра, вядомага мінскага мастака Яна Дамеля (сканаў у 1840-м годзе, пахаваны ў касцёле на Кальварыі) і гісторыя Віленскай мастацкай школы, якія надрукаваў у альманаху Athenaeum пружанец Юзаф Крашэўскі, знакаміты пісьменнік, публіцыст і выдавец ХІХ стагоддзя. Заслугі Адама Шэмеша не абыдзены ўвагай беларускіх экспертаў. Сярод найлепшых публікацый — “Ключ да мастацтва, або Багатае сэрца Адама Шэмеша” выдатнага беларускага мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака (гл. “К” №№ 32 і 33, 2011). Дзякуючы названаму матэрыялу, на ўмоўным “дрэве памяці” аўтара гэтых радкоў з’явілася яшчэ адна “прышчэпка”, шэмешаўская. І вось якія плады яна дала. 

Пішучы пра месца нараджэння мастака, даследчыкі бяруць даволі шырокі абсяг — Слуцкі павет (па сённяшніх мерках тэрыторыя некалькіх раёнаў). Ёсць пытанні да даты нараджэння. Давайце зазірнём у метрыку хросту Адама Станіслава Шэмеша. З’явіўся на свет 19 жніўня 1808 года па старым стылі ў Клецкай парафіі. У метрыцы напісана Ratynkа, але, пэўна, маецца на ўвазе Галынка, якая належала Вэндарфам, сваякам Адамавай маці. Хроснай стала Алена Вянгрэцкая, а хросным — князь Антон Радзівіл (!). Праўда, не АнтонГенрык, кампазітар і аўтар музыкі да оперы Ёгана Гётэ “Фаўст”. Хросны Адама быў сынам троцкага ваяводы Юзафа Мікалая Радзівіла і ўнукам Марціна Мікалая Караля Радзівіла — таго самага, які займаўся навукамі і алхіміяй, займеў мянушкі “Сіняя Барада” і “беларускі Фаўст”. Асістэнтамі на хросце былі ротмістр нацыянальнай кавалерыі Ігнат Вэндарф, жонка маршалка Пінскага павета Яна Арэшка і іншыя значныя асобы. 

Што ж датычыцца месца і дня скону, то лічыцца, быццам Адам Шэмеш спачыў у Мінску летам 1808 года. Але метрыка сведчыць: смерць ад “кадучай хваробы” (эпілепсіі) напаткала творцу ў Вільні, у доме Ромераў (сваякоў мастака Альфрэда Ромера) на вуліцы Савіч (сёння Бокшта, 10). Здарылася гэта 3 жніўня 1808-га. А 7 жніўня Адама пахавалі на бернардзінскіх могілках, дзе раней знайшла апошні прытулак маці жывапісца. На жаль, магіла творцы не захавалася. 

ЮЗАФ

У 1838 годзе ў віленскім альманаху “Бірута” з’явілася невялічкая публікацыя пад простай назвай “Юзаф Шэмеш”, побач — некалькі вершаў (“Магіла маці” і два санеты). Думаецца, што аўтарам ананімнага матэрыялу стаў старэйшы брат Юзафа Адам. Бо хто, як не ён, настолькі добра ведаў пра жыццё маладога паэта, што памёр, “пачынаючы дваццаць пяты год”? Вось кароткая біяграфічная нататка, у якой мы выкарысталі звесткі ананімнага аўтара і дадалі архіўныя знаходкі (новая інфармацыя вылучаная паўтлустым). 

Як і Адам, Юзаф нарадзіўся не ў Барацічах. Ён з’явіўся на свет на Клеччыне, у Галынцы (маёнтку сваёй маці Эвеліны Вэндарф) 7 (?) лютага 1810 года і ў той жа дзень быў ахрышчаны адной вадой Юзафам Афанасовічам, адміністратарам галынкаўскай уніяцкай царквы (царква захавалася, але ў 1864 годзе была перабудаваная). Дапоўнілі хрост алеем 25 ліпеня 1820 года ўжо ў Бярэзінскай парафіі. Хваробы, перанесеныя Юзафам у дзяцінстве, адбіліся потым на ўсім яго лёсе, бедным на шчаслівыя выпадкі і здзяйсненні, але багатым на пачуцці. Вучыўся будучы паэт спярша ў Мінску, а з 1825-га — у Вільні. Верагодна, перабралася туды і маці Юзафа, каб быць бліжэй да сыноў. Там яна і памерла, маючы 39 гадоў, 2 жніўня 1827 года. Пахавалі Эвеліну на знакамітых бернардзінскіх могілках у правым крыле катакомбаў (разрабаваных і знесеных у савецкі час). У 1828-м Юзаф паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта і пачаў пісаць вершы. Але напрыканцы 1829-га вучобу прыйшлося спыніць, бо смяротна хворы бацька выклікаў сына ў Барацічы. 5 лютага 1830 года Шэмеш-старэйшы сканаў і быў пахаваны ў сямейнай капліцы. А 1 жніўня (у метрыцы 2 жніўня) 1835-га памёр ад сухотаў і сам Юзаф. Яго аддалі зямлі на мясцовых могілках (звяртаемся да бярэзінскіх краязнаўцаў з просьбай дапамагчы ў пошуку пахаванняў сям’і Шэмешаў). Прыкладна тады ж брат Юзафа Адам прадае маёнтак. Ці то сумныя ўспаміны, ці то фінансавыя варункі сястры, якая страціла дом праз пажар 1835 года ў Мінску, а можа, і тое, і другое разам прымусілі мастака расстацца са спадчынай бацькі. 

Творы, якія пакінуў Юзаф, у асноўным пісаліся з 1830 па 1832 гады. Гэта была самая важная ў жыцці кожнага юнака пара — час першага кахання. Нешчаслівага, як ва ўсіх паэтаў. Пад уплывам пачуццяў малады чалавек сярод іншага напісаў драму “Фатальны пацалунак”, што, на думку аўтара некралога, была самым арыгінальным і дасканалым вершаваным тэкстам Юзафа. Сам хлопец чытаў няшмат, у асноўным творы, якія набылі славу (і якія не заўсёды апраўдвалі чаканні, бо ён меў аналітычны склад розуму, любіў разбірацца ў дробязях). На вялікі жаль, спярша цяжкія хваробы, потым маёмасны клопат, а за імі і “смерць на ўздыме”, не дала паэтычнаму таленту Юзафа разгарэцца на поўную моц. 

Усё, што мы маем сёння, гэта надрукаваныя ў 1838 годзе вершы. Магчыма, недзе ў архівах Шэмешаў або іх сваякоў захоўваюцца невядомыя цяперашняй публіцы творы, у тым ліку і “Фатальны пацалунак”. Паважаныя чытачы, калі ласка, далучайцеся да пошукаў! 

Пасля 1838-га імя Юзафа Шэмеша толькі адзін раз з’явілася на старонках газет: 23 лістапада 1993 года “Кур’ер віленскі” надрукаваў зусім маленькі артыкул — вытрымку з публікацыі 1838-га. А на радзіме яго імя зусім не было вядомае. 

А значыць... З вяртаннем! 

Газета "Культура" №48 ад 26 лістапада 2022 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ