Каб цмок не крыўдаваў

Для чаго прызначаны раённыя музеі? У свой час на гэтае пытанне мне вельмі даходліва адказалі старшыні Дубровенскага і Астравецкага райвыканкамаў. Па-першае, спадары абураліся, што ў іх такіх устаноў яшчэ няма (цяпер ёсць). Па-другое, музеі патрэбныя ў якасці візітовак. Маўляў, завітае ў раён дэлегацыя, вось у музеі прыезджым і патлумачаць, якую гісторыю ды культуру мае гэты край. Збольшага правільна, але дужа прагматычна і вузкаскіравана. Трэба ж — не прыземлена, а ўзнёсла. Каб на ўсіх хапіла. І на гасцей, і на тутэйшых.

Добры музей — гэта машына часу. Купляеш квіток, уражваешся і глядзіш з шырока расплюшчанымі вачыма, адчуваеш подых, хаду вякоў... Словам, ператвараешся ў сведку лёсавызначальных падзей. Калі выключныя экспанаты адпавядаюць адмысловай канцэпцыі, установа, па маім перакананні, ёсць брэндавай. І візітоўкай раёна музей лічыцца не з прычыны інфарматыўнасці — ён прымушае разважаць, разумець і радавацца жыццю. 

ПАМАЦАЦЬ ЧАС 

Прыдумаць музейную канцэпцыю — усё адно што нарадзіць дзіця, выхаваць яго і адправіць у самастойнае плаванне. Адзін з яскравых доказаў таму — музей “Палеская веда” ў Мазыры. Экспазіцыя паўтарае лінію жыцця — ад нараджэння да скону. Мэта ўстановы— захаванне этнакультурнай рэгіянальнай ідэнтычнасці (вось чаго бракуе пэўным нашым установам!). Неверагодная рэч: праект не тое што доўгатэрміновы, ён вечны! Варта наведваць музей цягам жыцця. З узростам удасканальваецца светапогляд, і ты сам мяняеш ракурс экспазіцыі, атрымліваеш усё новыя і новыя ўражанні... 

Маё першае музейнае здзіўленне здарылася ў юнацтве ў палацы Румянцавых у Гомелі. Памятаю стары надпіс на франтоне — “Палац піонераў”. Ужо тады ўстанова была досыць шматпланавай. Я любіў завітваць у мастацкую галерэю. Менавіта тут упершыню пазнаёміўся з малюнкамі геніяльнай Надзі Рушавай. 

Праз гады ўразіў абласны музей у Брэсце. Тут панаваў інтэрактыў. Можна было памацаць час рукамі: паўдзельнічаць у друкаванні кнігі, праехаць у чыгуначным купэ па наваколлі, наведаць шляхецкі баль… 

Але не буду спыняцца на абласных установах, бо ўсе яны досыць моцныя. А вось у раённых сітуацыя не такая адназначная. 

ПАНАЕХАЛІ… 

У адным музейчыку мне распавялі, як прыдбалі пашанотны кавалак мамантавага біўня. Не, не ў выніку раскопак. У выніку нескладанай гандлёвай аперацыі. Музейшчыкі з іншай вобласці прапанавалі такую “негоцыю”. У іх рэгіёне, як аказалася, маманты размнажаліся з задавальненнем, біўняў хапала. Было вырашана частку прадаць. Вось мае суразмоўцы і папоўнілі музейны фонд артэфактамі. А я з таго часу з вялікім недаверам стаўлюся да падобных рэчаў. Не тутэйшыя яны, з іншых раёнаў “панаехалі”… 

Да музейных прадметаў мы яшчэ вернемся... Пагаворым пра канцэпцыі. На Беларусі ёсць музеі ката, піва, навукі, скейтборда, канструктара “Лега”, валуноў… Але ўсе яны мінскія. А што ў раёнах? 

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, ВАВЁРКА! 

У косаўскім палацы Пуслоўскіх, кажуць, з’явіўся музей праса, а ў полацкай воданапорнай вежы — экалогіі. Музей у Салігорску аформлены ў выглядзе штрэкаў. На Ганцаўшчыне дзейнічаў музей “АнтыБахус” (ці застаўся ён пасля аптымізацыі, невядома). 

Пойдзем далей. Вельмі магутнымі падаліся музейныя аб’яднанні ў Браславе і Оршы. Шматпланавай праектнай дзейнасцю вызначаецца музей у Бярозе, а адмысловымі тэатралізацыямі — у Брагіне. 

У Бераставіцы зрабілі цікавую спробу абагульнення гісторыі ды культуры вакол сюжэтнага стрыжня, звязанага з перажываннямі самага папулярнага мясцовага звярка — жвавай вавёрачкі. Яна сустракае наведвальнікаў на ўваходзе ва ўстанову. Сімпатычная, вясёлая, ручная. Можна пагладзіць. Камунікаваў з бераставіцкім звярком і думаў, як пазнаёміць яго з “рудымі белкамі” Акцябршчыны. Можна было б казаць пра міжраённае музейнае аб’яднанне. 

МЕЦЭНАТА! 

Водар вёскі Стрэльна і агаломшыў, і вярнуў на час у дзяцінства, на лясную паляну, дзе мы з маці збіралі святаяннік. Гэта я ў Доме траўніка пабываў, філіяле Мотальскага музея народнай творчасці. Лекаванне зёлкамі… Тое і даўняе рамяство, і сённяшні брэнд, уласцівы толькі Іванаўшчыне. На другім паверсе сельскага музейчыка можна зняць пакой для адпачынку, пераначаваць на матрацах, напоўненых духмянымі травамі. Працэдура цудоўна супакойвае нервы. Паверце, сніцца бесклапотнае дзяцінства. 

У дачыненні да развіцця музейнай справы Іванаўскі раён — унікальны. Тут ёсць Мотальскі музей народнай творчасці, яго філіял, які ўжо згадалі, — у Стрэльне. Яшчэ адзін філіял, архітэктурны, у Моталі — “Нашы карані”. Музей Напалеона Орды ў Варацэвічах. Родавы маёнтак мастака ў Чырвоным Двары. Ну, і школьны музей Дастаеўскіх у Дастоеве. Вось бы так у кожным рэгіёне! 

Адно непакоіць: няма ў музеі Орды арыгінальных малюнкаў творцы. Як, дарэчы, і жывапісных работ Міхаіла Савіцкага ў талачынскім музеі (нарадзіўся майстар у вёсцы Звянячы непадалёк ад раённага цэнтра). Самы час распавесці пра неабыякавых мецэнатаў, якія спяшаюцца названую недарэчнасць выправіць. Хочацца распавесці, але не выпадае. Няма фундатараў. Відаць, нашы Мамантавы і Траццяковы яшчэ ў дзіцячы садок бегаюць. Аднак пра гэта — у наступны раз. 

КУРАТАРСКІЯ ВЫСТАВЫ 

Вельмі баюся пакрыўдзіць некага з музейшчыкаў. Мо кагосьці не назваў, мо на кагосьці элементарна забыўся? 

А цяпер, дазвольце, пра мае любімыя раённыя музеі. Аднойчы ніяк не мог патрапіць да кіраўніка клічаўскага. Безупынна да ўстановы пад’язджалі аўтобусы з наведвальнікамі. У ліку іншых супрацоўнікаў дырэктарка ладзіла экскурсіі. Шмат разоў пісаў, як і чым сюды прывабліваюць людзей. Нагадаю толькі, што музейшчыкі здолелі стварыць у роднай установе літаратурна-музычную гасцёўню, куды завітваюць аматары мастацтва. Тут існуе свой дрэс-код, свае традыцыі… 

Візітоўкай раёна музей лічыцца не з прычыны інфарматыўнасці — ён прымушае разважаць, разумець і радавацца жыццю.

Абмінуць родную Ветку не магу і не буду. Кожную пятніцу ў мясцовым музеі ладзяцца куратарскія экскурсіі. Мне доўга тлумачылі, што гэта такое. А вось што. Бярэцца вузкая тэма, прапаноўваецца яе паглыблены разгляд: аналізуецца сэнс рэчаў, усведамляецца наватарства апошніх музейных адкрыццяў, распачынаецца дыялог спецыялістаў з аматарамі. Куратары — арганізатары выставы і эксперты музейнай справы. Людзі спецыяльна наведваюць такія экскурсіі. 

А ІНШЫЯ? 

Я мог бы прывесці тут россып зорных прозвішчаў і прапанаваць жмені пераканаўчых лічбаў. Мог бы, але не буду. Галоўнае, што ёсць сярод раённых музеяў самабытныя; галоўнае, што рэалізаваныя праекты — унікальныя. Такія існуюць, але іх недастаткова. А як жа іншыя рэгіёны? 

З задавальненнем наведаў бы музей вады, бо азёраў і рэк у нас — безліч. Шмат і вёсак з назвамі Гута і Рудня, а музеі шкла і жалеза пакуль адсутнічаюць. 

І вось які музейны прадмет я хацеў яшчэ назваць. Справа ў тым, што Уладзімір Караткевіч у свой час “засяліў” Лепельскае возера цмокамі. Факт засведчаны скульптурнай выявай міфічнай істоты на адным з берагоў вадаёма. А музея цмока няма! Побач прэстыжны санаторый, людзей вельмі шмат. Турыстаўвандроўнікаў — таксама. А сімпатычны брэнд не працуе. 

Лепельскі змей пакуль сумуе. 

Газета "Культура" №14 ад 8 красавіка.

Яўген РАГІН