Падмурак культуры і дзяржаўнасці

Апублiкавана: 01 чэрвеня 2023 Стужка Архітэктура Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Ахова культурнай спадчыны — абавязковая ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы і ўмацавання яе прэстыжу ў міжнароднай супольнасці. Матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці грамадства, якія ахоўваюцца нормамі права, з'яўляюцца аб'ектамі нацыянальнай бяспекі Беларусі і прыярытэтнымі напрамкамі культурнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Аб асноўных дасягненнях і планах на будучыню ў гэтай галіне распавяла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева.

ВЯРНУЦЬ ПОМНІКІ ДА ЖЫЦЦЯ 

У Год гістарычнай памяці Урадам Рэспублікі Беларусь былі пастаўленыя задачы спрасціць парадак уключэння ў гаспадарчы абарот гісторыка-культурных каштоўнасцей, прыняць меры па аднаўленні помнікаў архітэктуры, якія не выкарыстоўваюцца, у тым ліку з прыцягненнем інвестараў, а таксама актывізаваць распрацоўку праектаў зон аховы і пашпартоў аб’ектаў спадчыны. У мінулым годзе прынятыя нарматыўныя прававыя акты, якія спрасцілі правядзенне работ на помніках архітэктуры для суб’ектаў гаспадарання, выключыўшы неабходнасць дадатковага звароту па ўзгадненне ў Міністэрства культуры, а таксама павысілі адказнасць мясцовых органаў у частцы забеспячэння захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны. 

Косаўскі палацава-паркавы ансамбль у Івацэвіцкім раёне

Косаўскі палацава-паркавы ансамбль у Івацэвіцкім раёне

Сумесна з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці спрошчаны парадак падрыхтоўкі дакументаў для продажу пашкоджаных аб’ектаў на аўкцыёнах. Сёння з’явілася магчымасць продажу на таргах руініраваных аб’ектаў спадчыны, якіх у краіне налічваецца 280, без вырабу тэхнічнага пашпарта. У мэтах фінансавага стымулявання інвестараў, па прапанове Міністэрства культуры ў снежні 2022 года ўнесеныя змяненні ў Падатковы кодэкс, якія дазволілі замацаваць нормы аб вызваленні ад падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку ўсіх помнікаў архітэктуры. З сакавіка 2022-га распрацаваны і рэалізуюцца планы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама на 2022—2025 гады па захаванні такіх аб’ектаў з пакрокавымі дзеяннямі па кожным з іх, дзякуючы чаму 14 помнікаў архітэктуры ўдалося ўключыць у гаспадарчы і турыстычны абарот. 

АХОВА І ЎЗБАГАЧЭННЕ 

У 2022-м Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся пятнаццацю новымі аб’ектамі спадчыны, у тым ліку васьмю новымі нематэрыяльнымі праявамі творчасці чалавека, такімі як традыцыі прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы ў шасці абласцях краіны, традыцыйная калядная батлейка “Жлоб” у Віцебску і Наваполацку, традыцыя вырабу прыпяцкага чоўна ў в. Перароў Жыткавіцкага раёна. Статус помніка архітэктуры атрымалі тры аб’екты: сядзібны дом Бонч-Асмалоўскіх 1895 года ў Блоні Пухавіцкага раёна, драўляная капліца 1810 года ў вёсцы Паляны Аршанскага раёна і царква 1818 года ў Вялікіх Шылавічах Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці, а ў спіс помнікаў горадабудаўніцтва быў уключаны гістарычны цэнтр Бабруйска. Акрамя таго, спіс помнікаў гісторыі папоўнілі цэгла з надпісам “Умираем не срамя” і фрагменты сцяны з Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, а таксама помнік танкістам-вызваліцелям у Мінску. 

Сядзібны дом у Блоні (злева) і Палац у Залессі (справа)

Узмоцненая каардынуючая роля Міністэрства культуры па правядзенні маніторынгаў гісторыка-культурных каштоўнасцей. Выканкамамі праведзена 1366 маніторынгаў, ацэнены фактычны стан 2519 аб’ектаў спадчыны, вынесена 607 пісьмовых рэкамендацый аб ліквідацыі парушэнняў. За невыкананне патрабаванняў заканадаўства аб гісторыка-культурнай спадчыне ў 2022-м 25 юрыдычных і фізічных асоб прыцягнута да адміністратыўнай адказнасці. 

Сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаныя 5655 аб'ектаў і элементаў, у тым ліку 1830 помнікаў архітэктуры, 1215 помнікаў гісторыі, 2229 помнікаў археалогіі, 67 помнікаў мастацтва, 13 помнікаў горадабудаўніцтва, 4 запаведныя месцы, 126 рухомых гісторыкакультурных каштоўнасцей і 171 нематэрыяльная праява творчасці чалавека.

Летась арганізавана павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з абласцей і раёнаў з павелічэннем колькасці навучэнцаў у тры разы — з 25 да 76 чалавек. Працягнутая работа па папулярызацыі і ўліку гісторыка-культурнай спадчыны праз напаўненне дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў gosspisok.gov.by (Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей) і livingheritage.by (Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі). З мая 2022-га размешчаны ў абароненай віртуальнай інфраструктуры ТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі” новы інфармацыйны рэсурс “Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь” па адрасе heritage.gov.by. 

АДРАДЖЭННЕ СТАРЫХ МУРОЎ 

У 2022 годзе праводзіліся работы па рамонце, рэстаўрацыі і тэхнічным абслугоўванні на 270 гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку завершаныя рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 54 помніках архітэктуры, на гэтыя патрэбы патрачана каля 99 мільёнаў рублёў. З Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена 2 мільёны 970 тысяч рублёў на аднаўленне і захаванне царквы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, сядзібна-паркавага ансамбля ў Залессі Смаргонскага раёна і Гальшанскага замка ў Ашмянскім раёне, паўночна-ўсходняй аркады Ружанскага палаца ў Пружанскім раёне і капліцы ў Закозелі Драгічынскага раёна. 

Царква ў Мураванцы (злева) і Капліца-пахавальня ў Закозелі (справа)

Сярод знакавых аб’ектаў, уведзеных у эксплуатацыю ў 2022 годзе, — Косаўскі палацава-паркавы ансамбль у Івацэвіцкім раёне, былы калегіум езуітаў у Юравічах Калінкавіцкага раёна. Завершаныя работы на палацы Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна. Адмысловая ўвага была нададзеная прамоцыі гісторыка-культурнай спадчыны на міжнародным узроўні, пацвярджэнне таму — прызнанне часткай сусветнай спадчыны чалавецтва намінацыі “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні”, якое стала пятым элементам нематэрыяльнай спадчыны Беларусі ў спісах UNESCO. 

ЁСЦЬ ШТО ПАКАЗАЦЬ СВЕТУ 

Сёлета працягваюцца маштабныя работы на Гальшанскім, Крэўскім, Навагрудскім і Ружанскім замках, храмах у Полацку, Нясвіжы і Закозелі. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей чатыры новыя элементы: мірская батлейка, магілёўскія свістулькі, маларыцкае ткацтва і традыцыя роспісу на шкле ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах. У сакавіку накіраваныя ў штаб-кватэру UNESCO для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва намінацыі “Беларускае мастацтва выцінанкі” і “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”. 

Запланаваная падрыхтоўка новай намінацыі “Культура беларускай дуды”, якая да лета будзе ўключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а ў сакавіку 2024 года мусіць быць накіраваная ў UNESCO. Таксама наперадзе сістэматызацыя работы па падрыхтоўцы Гродзенскім аблвыканкамам дасье па Каложскай царкве ў Гродне як прыкладзе гродзенскай архітэктурнай школы, Віцебскім і Гродзенскім аблвыканкамамі — па культавых пабудовах абарончага тыпу ў Камаях, у Сынкавічах і Мураванцы, а таксама Брэсцкім аблвыканкамам — па комплексе фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара