Перспектывы для “Перспектывы”

Апублiкавана: 02 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: Аўтары

Апладысменты, букеты і адчуванне неверагоднага шчасця. Ці не пра гэта марыць артыст-пачатковец? Некаторым яшчэ вельмі важна, каб побач былі надзейныя сябры. У Лідзіі Нарыжновай, Прохара Гароніна і Анастасіі Асіповіч ёсць усё пералічанае. Калі маладыя творцы вучыліся на другім курсе Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, яны ўтварылі камерны ансамбль “Перспектыва”. Якіх поспехаў дасягнуў калектыў сёння і якія планы мае? 

ПАВАРОТНЫЯ МОМАНТЫ 

Шлях да свайго інструмента ў кожнага з нашых герояў розны. Прохара, напрыклад, натхніў папулярны выканаўца Аляксандр Рыбак: 

— Памятаю, як убачыў па тэлевізары яго выступленне. Гэта была нейкая магія! Экспрэсія, эмоцыі, што б’юць праз край. Я папрасіў бацькоў аддаць мяне ў музычную школу! Вось так некалькі хвілін назірання за сапраўдным талентам вызначылі мой лёс. 

Лідзія з чатырох гадоў займалася ва ўзорным ансамблі народнай песні “Святкі”, дзе ўвагу дзяўчынкі прыцягнула педагог-акампаніятар: 

— Яна забараняла падыходзіць да інструмента тым, хто не вучыўся ў музычнай школе. А я вельмі хацела стаць піяністкай! Давялося паспрабаваць сябе на ўступных экзаменах... Думаю, гэта было паваротным момантам у маім жыцці. 

Анастасія заўсёды марыла аб альце, аднак спярша скончыла клас скрыпкі. 

— Альт не так распаўсюджаны, хаця ў яго ўнікальная тэмбральная афарбоўка. Ёсць нізкая струна, з-за чаго гучанне становіцца глыбейшым. Ды і наогул, я нават анатамічна падыходжу: высокая, з доўгімі рукамі і пальцамі. Усё было прадвызначана, — усміхаецца дзяўчына. 

ДВОЕ — ДОБРА, ТРОЕ — ЛЕПШ 

Але ж калі лёс звёў дзяўчат і хлопца? Лідзія і Прохар разам вучыліся ў музычнай школе, а ў каледжы Прохар пасябраваў з Насцяй. Звычайна ў адукацыйных установах утвараюцца дуэты скрыпкі і фартэпіяна, аднак Вольга Вікенцьеўна Маркевіч — педагог нашых герояў — ацаніла таленты і вырашыла, што ўдзел у трыа зможа даць штуршок да развіцця кожнага артыста. 

— Выкладчыкі, улічваючы асабістыя якасці навучэнцаў, міжасобасныя адносіны, спрабуюць стварыць найлепшы ансамбль, — тлумачыць сістэму адбору выканаўцаў у калектыў Насця. 

Маладыя творцы граюць на розных інструментах, маюць розны бэкграўнд і розныя амбіцыі — як жа героям удалося стаць не проста калегамі, а сябрамі? 

Міжнародны конкурс выканальніцкіх мастацтваў “Паўночнае ззянне” ладзіўся пры падтрымцы Камітэта па культуры Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ды іншых. Вынікі былі падведзены 10 сакавіка.

— Не буду хлусіць, мы пераадолелі некаторыя цяжкасці. Мы яркія індывідуальнасці, у кожнага — сваё бачанне. Але разам вучыліся знаходзіць кампрамісы. Дамовіліся, што праблемы ў стасунках не паўплываюць на нашу музыку, і з часам вельмі з’ядналіся, — распавядае Лідзія. 

Скрыпач дапаўняе каляжанак: 

— Добрыя адносіны ўнутры каманды вельмі важныя. Мы вучымся адзін у аднаго. У кожнага натуральным чынам вызначыліся свая роля, абавязкі. Праз нашы інструменты мы імкнёмся паказаць прыгажосць. І тое, што нас трое, дапамагае знаходзіць баланс. 

ІДЭАЛЬНАЯ НАЗВА 

Акрамя балансу, трыа здолела адшукаць сабе “імя”. У адказ на пытанне, як калектыў ператварыўся ў “Перспектыву”, Прохар паціскае плячыма і смяецца: 

— Дзяўчынкі самі ўсё вырашылі і паставілі мяне перад фактам! 

Анастасія тлумачыць: 

— Тут няма ніякай таямніцы. Пры падачы заяўкі на адзін з конкурсаў трэба было ўпісаць назву калектыву. Мы з Лідай сядзелі ў аўдыторыі і не маглі нічога прыдумаць. Выручыла Вольга Вікенцьеўна. Яна неяк няўзнак вымавіла гэтае слова, і мы адразу зразумелі, што “Перспектыва” ідэальна нам падыходзіць. 

РАЗМЕРКАВАННЕ РОЛЯЎ 

Нягледзячы на тое што маладыя музыканты — студэнты трэцяга курса, яны ўжо добра ведаюць свае абавязкі і пастаянна шукаюць новыя магчымасці. 

У камерных ансамблях часта менавіта піяніст бярэ на сябе ролю лідара. Не парушаючы традыцый, Лідзія першая прапанавала дадатковыя рэпетыцыі: 

— Спачатку я была ініцыятарам пазакласных сустрэч, дасылала заяўкі на конкурсы. Прохар у нас адказвае за арганізацыйныя моманты: дамаўляецца з выкладчыкамі аб занятках, шукае студыі. Насця любіць знаходзіць нешта новае ў творах, падладжваць іх пад нас. Мне таксама гэта падабаецца, мы часта працуем разам. 

Дапаўняе сяброўку альтыстка: 

— Паміж намі такая сінергія, што цяпер мы лёгка падмяняем адзін аднаго. І ўсё ж разам нашмат лепш. Пастаянна адчуваецца падтрымка. 

ЗОЛАТА, ЗОЛАТА, СРЭБРА 

Выдзеліць час для інтэрв’ю музыкантам удалося з цяжкасцю. Яны занятыя не толькі вучобай, але і ўдзелам у шматлікіх конкурсах. 

— Па сутнасці, мы працуем з 8.30 раніцы да 8.30 вечара. Аднак калі ты поўны любові да справы, стома не так моцна адчуваецца, — дзеліцца сакрэтам працаздольнасці Лідзія. 

Толькі за сакавік калектыў здолеў узяць першае месца на Міжнародным конкурсе выканальніцкіх мастацтваў “Паўночнае ззянне” і на Міжнародным музычным конкурсе “Гукі часу” ў Санкт- Пецярбургу. А на Міжнародным конкурсе выканаўцаў на струнна-смычковых інструментах і арфе Divertimento ансамбль “Перспектыва” стаў лаўрэатам другой ступені. 

ЗАПАЛЬВАЮЦЦА ЗОРАЧКІ 

Вытрымліваць падобны графік дапамагае толькі тое, што мерапрыемствы праводзяцца дыстанцыйна. Аднак артыстам гэта не вельмі падабаецца. 

— Хочацца адчуваць энергію залы. Мне даражэйшы за ўсё трыумф на Мінскім гарадскім адкрытым конкурсе камерных ансамбляў “Струны Арфея”. Там мы выступалі вочна і, хоць жудасна хваляваліся, паўсталі перад гледачом з усмешкамі на тварах. Тады мы адчулі, як з’ядналіся, — распавядае Анастасія. 

— Так, менавіта тое першае месца аказалася для нас самым значным. Мы па-сапраўднаму прасякнуліся згуртаванасцю і пасля некаторы час знаходзіліся ў эйфарыі. Для чаго ж яшчэ патрэбная музыка? — усміхаецца Лідзія. 

Прохар пагаджаецца з сяброўкамі: 

— На конкурсе было каля 150 удзельнікаў з усёй Беларусі. Гэта розныя калектывы — ад дуэтаў да квінтэтаў. Нам асабліва хацелася добра праявіць сябе ў сценах роднага каледжа. 

Вольга Вікенцьеўна пра вучняў адгукаецца з вялікім гонарам: 

— Яны нашы зорачкі. Адзіны камерны ансамбль каледжа — лаўрэат міжнародных конкурсаў. У гэтых студэнтах шмат працавітасці і таленту, таму нядзіўна, што маладыя выканаўцы дасягаюць такіх вынікаў. 

КАЛІ МЫ РАЗАМ… 

Перамогі зусім не закружылі нашым героям галовы. 

— Мы адчуваем вялікую адказнасць перад педагогамі і перад самімі сабой. Кожнае першае месца — толькі прыступка на шляху развіцця. Перспектыва для “Перспектывы”— дасягнуць найвышэйшай кропкі росту, — распавядае Анастасія. 

Маладыя таленты прагнуць займацца музыкай. Трыа падарыла ім не толькі надзейных сяброў, але і новыя творчыя магчымасці, план на будучыню. Артысты перакананыя, што іх камерны ансамбль — найлепшы калектыў, бо геро¬ ям ёсць на каго абаперціся, з кім падзяліць і горыч паражэнняў, і радасць перамог. Калі Лідзія, Прохар і Анастасія разам, то адолеюць усё. 

Ясенія АЛЯКСЕЕВА