Твой унёсак дзеля агульнай мэты

Апублiкавана: 09 чэрвеня 2023 Стужка Афіцыйна Брэст і вобласць Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

У рэспубліканскім суботніку паўдзельнічала каля 3 млн жыхароў Беларусі. Заробленыя сродкі накіруюць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці і на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці.

ЖЫВАЯ ПЕРАШКОДА 

У сакавіку 1944 года 9-я армія вермахта арганізавала часовыя канцэнтрацыйныя лагеры побач з вёскамі Дзерць, Падасіннік і Азарычы. На тэрыторыю за калючым дротам сагналі дзяцей, жанчын, людзей сталага веку і цяжкахворых. Іх трымалі пад адкрытым небам без вады і ежы. Заражаныя тыфам вязні мусілі стаць жывой перашкодай для прасоўвання савецкага войска. У комплексе лагераў, які існаваў толькі 10 дзён, загінула больш за 20 тыс. мірных людзей. Аб гэтай трагедыі нагадвае мемарыял, збудаваны за чатыры кіламетры ад Азарычаў. Кожную гадавіну вызвалення, 19 сакавіка, там збіраюцца былыя вязні, прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў, моладзь. 

ВЕЖА ПАМЯЦІ 

У Год міру і стварэння ў мемарыяльным комплексе пачалася рэканструкцыя. Будаўнікі працуюць у Азарычах з 10 красавіка. Яны манціруюць ходнікі, стылізаваную агароджу, рыхтуюць пляцоўкі пад розныя элементы. Падчас рэспубліканскага суботніка на тэрыторыі шчыравалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і яго намеснікі, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ, кіраўнікі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама. Прадстаўнікі ўлады дапамагалі на заліўцы чарнавой падлогі будучага інфармацыйнага цэнтра, прыбіралі павал на будоўлі і прымацоўвалі шпакоўні. Раней падчас абласнога суботніка жыхары рэгіёна сабралі больш за 3 млн рублёў на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу. 

Вежа памяці. З праекта рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу на месцы Азарыцкага лагера смерці

— Кожны зможа даведацца пра тыя нечалавечыя ўмовы, у якіх існавалі вязні лагера. Тэрмін жыцця тут быў тры дні. Мы павінны гэта памятаць. Памятаць і ствараць. Гэта важна і для сёння, і для будучыні, каб нашы дзеці не забывалі тую страшную трагедыю. На гэтай зямлі заўсёды мусіць быць мір. І вайна тут ніколі не павінна грымнуць, гісторыя Азарычаў ніколі не павінна паўтарыцца, — адзначыў на суботніку старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. 

Галоўным архітэктарам праекта выступіў аўтар мемарыяла на месцы знішчанай захопнікамі вёскі Ала Сяргей Пярвіцкі. Паводле канцэпцыі, тэрыторыя комплексу ў Азарычах пашырыцца і на ўчастку з’явяцца новыя аб’екты. 

Асноўным элементам стане Вежа памяці, якую ўзвядуць на краі балота. Васьмікутнае збудаванне вышынёй амаль сем метраў будзе мець скразны праход з мемарыяла на пляцоўку над багнай, дзе знаходзіўся лагер смерці. Знутры на гранітных плітах выгравіруюць успаміны былых вязняў. На мяжы забалочанай тэрыторыі паўстане Сцяна смутку з паклоннымі крыжамі, ля якой наведвальнікі змогуць ускласці кветкі і вянкі. Рэстаўрыруюць таксама манумент 1965 года. 

Цэнтрам мемарыяльнай кампазіцыі будзе пляцоўка “Камяні прасвятлення” — чатыры шматгранныя стэлы, размешчаныя па акружнасці. Кожную аздобяць пано з архіўнымі фатаграфіямі. Ва ўсходняй частцы ўсталююць памятны знак ваенным медыкам, якія спынілі эпідэмію сыпнога тыфу. Таксама прадугледжаны будоўля інфармацыйнага цэнтра, добраўпарадкаванне паркоўкі і пляцоўкі ля капліцы. Завяршыць работы плануюць да лістапада. 

НА МЕСЦЫ ГЕРАІЧНАЙ АБАРОНЫ 

На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці з 2018 года працуе моладзевы патрыятычны цэнтр — філіял абласнога цэнтра моладзевай творчасці. Ён размешчаны ў адрэстаўрыраваным будынку, дзе дыслацыраваўся 125-ы стралковы полк, што трымаў абарону ў 1941-м. Установа аб’ядноўвае намаганні пошукавікаў, краязнаўцаў, рэканструктараў, прадстаўнікоў кадэцкага і ваенна-патрыятычнага руху па зберажэнні гістарычнай спадчыны і выхаванні маладога пакалення. 

Кіраўніцтва Гомельскай вобласці на суботніку ў Азарычах

Кіраўніцтва Гомельскай вобласці на суботніку ў Азарычах

Штогод цэнтр ладзіць вучэбна-трэніровачныя зборы “Пераможца” для навучэнцаў устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці. Кароткатэрміновая праграма разлічана на пяць дзён і ўключае ваенную, агульнафізічную, тапаграфічную і медыцынскую падрыхтоўку, а таксама мерапрыемствы па грамадзянска-патрыятычным і духоўным выхаванні. Улетку цэнтр арганізоўвае абаронна-спартыўны лагер “Патрыёт”. 

“Суботнік — традыцыя з нашага дзяцінства, якая аб’ядноўвае людзей усіх пакаленняў. Мы заробім сродкі на ўмацаванне нашай гістарычнай памяці. Гэта важна як ніколі. Шкада, што нашы суседзі забываюць сваю гісторыю і руйнуюць падобныя мемарыялы. Але мы будзем працягваць іх будаваць у імя міру на нашай роднай беларускай зямлі”. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ

Ва ўстанове працуюць пяць аб’яднанняў па інтарэсах. У “Юным разведчыку” апекаванцы праходзяць страявую, агульнафізічную, агнявую і тактычную падрыхтоўку, атрымліваюць навыкі арыентавання на мясцовасці. Стральбе і прыёмам рукапашнага бою вучаць на занятках “Рубяжа”. Таксама ёсць аб’яднанні турыстычнага профілю. Навучэнцы гуртка “Ваенная гісторыя” бавяць час у паходах і на экскурсіях па фартыфікацыйных збудаваннях Беларусі, па мясцінах найважнейшых гістарычных падзей. 

ДА РЭСПУБЛІКАНСКАГА МАШТАБУ 

Падчас рэспубліканскага суботніка ў Азарычах

Падчас рэспубліканскага суботніка ў Азарычах

На новым этапе цэнтр плануюць пашырыць. Мяркуецца рэканструкцыя суседняга будынка былой казармы, узвядзенне палатачнага гарадка і спартыўнага ядра са стадыёнам, футбольным полем, тэніснымі кортамі і пляцоўкай для скейтбордынгу. Будуць створаны ўсе ўмовы для ваенізаваных гульняў, да прыкладу “Зарніцы”. Пасля абнаўлення цэнтр здолее прымаць да паўтысячы чалавек штомесяц. Акрамя заробленых на суботніку сродкаў, вызначана яшчэ адна крыніца фінансавання — дабрачынныя зборы. 

Данііл ШЭЙКА