Этнавандроўка ўздоўж замкавых сцен

У апошні дзень красавіка скіраваліся паглядзець, як перазімавалі нашы замкі. Паехалі ўчацвярых: я, мае сыны ды нявестка. Кошка засталася на гаспадарцы. Урэшце, падарожніка хтосьці ж ды павінен чакаць дома.

Выязджалі з Мінска — сонейка прыпякала. Але дзесьці ля Іўя наўкола захмарылася, пахаладала. Пайшоў дождж. Абяцаных прагнозам залеў не было, аднак вясновы дзень нечакана стаў падобным да восеньскага. 

ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ 

Гэтая вандроўка ў пэўнай ступені мела заалагічную падтрымку. Па-першае, буслы луналі ў небе і парамі рабілі штосьці важнае ў гнёздах. Па-другое, з навакольных вадаёмаў нас віталі вясёлыя карасі ды акуні, якім не псавалі настрой нават шматлікія рыбакі. (Мае сыны — адчайныя аматары пахадзіць па беразе са спінінгам — страшэнна шкадавалі, што ўсе рыбалоўныя прылады засталіся ў Мінску. Інакш бы водныя насельнікі так не радаваліся.) Патрэцяе, у вёсцы Бенін абапал шашы нахабы бабры ўсе дрэвы павалілі. Вось хто пастаянна перабудоўваецца… 

Купал на трэцюю любчанскую вежу

Гэтая неўтаймоўная фаўна істотна ажывіла нашы доследы. Але асноўнай мэтай аўтаваяжу пад белымі крыламі заставаліся пашанотныя замкавыя рэшткі ды адраджэнні. 

КУПАЛЫ — ДЛЯ НЯБЁСАЎ 

Перад Любчай паспрачаліся. Я: “Праз дождж турыстаў не сустрэнем”. Моладзь: “Дождж для цікаўных не перашкода…” Дзеці заўжды разумнейшыя за бацькоў. Інакш які сэнс? Ля кожнага без выключэння замка бесперапынна паркаваліся легкавікі з усіх беларускіх абласцей… 

У любчанскія ўладанні Кішкаў і Радзівілаў прывяла брукаванка на вуліцы Савецкай. Эклектыка! Летась на даху аднаго са збудаванняў працавалі валанцёры. За год зроблена шмат. Свайго часу ў замкавым двары чакае купал, які, па словах гісторыка і музейшчыка Міколы Гайбы, будзе ўсталяваны на трэцяй вежы над нетаропкім Нёманам. Ужо хутка адчуе, што такое лунаць у нябёсах. Купалы як птушкі… 

Гальшанскі замак

Дарэчы, мясцовы знакаміты цмок, як мы ні клікалі, не адгукнуўся: быў не ў гуморы. У змеяў таксама здараецца элегічны настрой. А вуліца Савецкая, як паведаміў Мікола Гайба, раней называлася Капыльскай. 

У ПЯТРОЎНЫ — ЛЕПШ 

Я б не адважыўся сказаць, што Навагрудак сёння — горад-музей. Тлумачу. Завіталі на абед у кавярню “Гараж”. Нас не чакалі. Паколькі мы не адчулі ні гасціннасці, ні павагі, скіраваліся да кафэ “У Пятроўны”. Як родных сустрэла нас Зінаіда Пятроўна. Усё атрымалася па-хатняму, танна і смачна. Гэта не рэклама, а журналісцкая перасцярога і парада тым турыстам, хто не жадае сапсаваць настрой кепскім сэрвісам. 

Дзякаваць богу, і наступнае знаёмства аказалася прыемным. Ля Замкавай гары былы работнік сферы культуры Галіна прадавала сувеніры ад мясцовай крамы. Размаўлялі доўга… І ўсе надпісы на гасцінцах — па-беларуску… Узняліся і на гару Міндоўга. Якая ж прыгожая наша краіна! 

Ад замкавых змен у мяне асаблівае ўражанне. Нібыта ў мастацкай галерэі пабываў, дзе побач з арыгіналам копія вывешана. 

КРЭЎНАЯ ПОВЯЗЬ 

Ля возера Літоўка выскачыла сонейка. У Іўі скульптурная выява Хрыста ля касцёла выглянула светла і гасцінна. Холад спаў — і кругом зноў забуяла вясна. 

Да Гальшанаў дабраліся ўвечары. Замкавую вежу для наведванняў ужо закрылі. Шматлікія госці насалоджваліся наваколлем. Іх віталі буслы. За зімовы час з’явілася паветка над фасадам. Штосьці аднавілі, штосьці закансервавалі. 

Усё робіцца для захавання сівых муроў і ў Крэве. У першы раз мы тут былі гадоў трыццаць таму. З таго часу наведвалі мястэчка ледзь не штогод. Нават пра трывалую крэўную повязь можна сцвярджаць. Маладыя ўзняліся на Юраву гару, купілі потым гліняныя сувеніры. 

Крэва

Захад сонца сустрэлі ў дарозе на Мінск. Кошка ледзь не паваліла. 

Яўген РАГІН 

Фота аўтара