Абрад "Провады русалкі"

Апублiкавана: 14 чэрвеня 2023 Нам пішуць Традыцыі Гомель і вобласць

Аўтар: Аўтары

У вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна прайшоў абрад "Провады русалкі". На Гомельшчыне русалку праводзяць у першую нядзелю пасля Тройцы, да заходу сонца.

Дзяўчаты і жанчыны збіраюцца на паляне, плятуць вянкі. На ролю русалкі абіраецца дзяўчына з доўгімі валасамі. Яе ўпрыгожваюць галінкамі дрэў з лісцем і кветкамі. Потым удзельнікі абраду ідуць па вёсцы ў бок поля, распальваюць вогнішча, водзяць карагоды, спяваюць песні і асвячаюць зеляніну.

Тым часам русалка ўцякае ў жыта, а моладзь гоніцца за ёй для таго, каб сарваць з русалкі ўсю зеляніну. Лічыцца, што гэтая зеляніна, як і галінкі асвечанага агнём вянка, валодае магічнай сілай: жыхары вёскі нясуць галінкі на свае агароды, каб сёлета быў добры ўраджай.  

Нагадаем, што абрад "Провады русалкі" в. Вялікі Бор унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.