Паміж смычком і дырыжорскай палачкай

Апублiкавана: 24 чэрвеня 2023 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Валерыя Курловіч — лаўрэат І ступені прэстыжнага конкурсу Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. У красавіку таленавітая дзяўчына з Беларусі стала лепшай у намінацыі “Дырыжыраванне аркестрам духавых інструментаў” сярод студэнтаў вышэйшых прафесійных навучальных устаноў з усёй Расіі. Валерыя вучыцца на чацвёртым курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яе асноўная спецыяльнасць — віяланчэль, а дырыжыраванне — уласная ініцыятыва, падтрыманая настаўнікамі. Пра шлях да поспеху, ролю выбітных педагогаў і запаветную мару — у размове з нашай гераіняй.

З самага пачатку, здаецца, яна абірала найболей мудрагелістыя шляхі творчага развіцця. Пакуль вучылася ў музычнай школе роднага Слуцка граць на віяланчэлі, паралельна займалася эстрадным вакалам у мясцовым маладзёжным цэнтры. Актыўна ўдзельнічала ў розных конкурсах і канцэртах — і ў вакальных, і ў музычных. І там, і там паспяхова. Таму дылема паўстала ўжо па заканчэнні школы: віяланчэль ці вакал, што далей? 

Кідаць інструмент было шкада, таму вырашыла, што да вакалу зможа вярнуцца ў любы час, і паступіла ў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага. Працягвала ўдасканальваць ігру на віяланчэлі. А з другога курса пачала займацца дырыжыраваннем у Рыгора Сямёнавіча Сарокі, тагачаснага дырэктара каледжа і кіраўніка сімфанічнага аркестра, і… засвойваць кларнет. Лёгкіх шляхоў не шукала. 

Час вучобы ў каледжы Валерыя згадвае з цеплынёй і пэўнай настальгіяй. На кларнеце яна вучылася ўпотай ад выкладчыкаў асноўнай спецыяльнасці. Ён завабіў яе сваім гучаннем у аркестры. Сяброўства з кларнетам атрымалася, нават давялося граць на ім у духавым аркестры. Але самае цікавае звязана з сімфанічным аркестрам каледжа. За час вучобы калектыў гастраляваў у Расіі, краінах Балтыі, Польшчы. Гэта быў выключна карысны досвед для маладога музыканта. 

Па віяланчэлі справы таксама рухаліся наперад. Шмат укладвала ў навучэнку педагог Наталля Міхайлаўна Філіпава. На трэцім курсе адбылося паспяховае выступленне на конкурсе струннікаў у каледжы. А на чацвёртым — заваяванае другое месца на рэспубліканскім конкурсе, што дазволіла без іспытаў паступіць у акадэмію. 

Такім чынам, у рукі вядомага дырыжора і педагога Аляксандра Пятровіча Сасноўскага Валерыя Курловіч патрапіла ўжо ведаючы, што дырыжыраванне — гэта “не проста размахванне рукамі”. Але і тут навучанне адбывалася ў пазаштатным рэжыме, бо планавага набору на падрыхтоўку дырыжораў сімфанічнага аркестра ў акадэміі на той час не было. 

Заняткі ў Сасноўскага далі плён. Прыйшло разуменне, што дырыжор — гэта перш за ўсё кіраўнік, на якім у тры — пяць разоў больш адказнасці. Бо менавіта ён павінен пранесці ў сабе на працягу ўсяго працэсу падрыхтоўкі сваю задуму, каб увасобіць яе ў канцэрце. 

— Сёння адчуваю, што дырыжыраванне — гэта наступная ступень у музычным развіцці чалавека як асобы, — гаворыць Валерыя Курловіч. — Многіх музыкантаў трэба сабраць у адзіны музычны арганізм, каб увасобіць мастацкую задуму. У кожнага дырыжора будзе ўласнае прачытанне твора кампазітара, свая, аўтарская трактоўка, і менавіта яе ён мусіць выказаць у выніку працы аркестра. 

Непасрэдна да конкурсу ў Гнесінцы ніякага аўральнага падрыхтоўчага штурму не было. Ніякіх звышзадач ні педагог, ні выхаванка перад сабой не ставілі. Незадоўга да таго дзяўчына выступіла з канцэртам у Гомелі, відэа адтуль адправілі на завочны адборачны тур. І проста чакалі… 

Калі даведаліся, што Валерыя прайшла далей, заставалася ўсяго тры тыдні да самога конкурсу. Разам з настаўнікам вырашылі выканаць фінал з 9-й сімфоніі Дворжака з напрацаванага рэпертуару і арыгінальны твор непасрэдна для духавога аркестра Луіджы Дзі Гізала (псеўданім галандскага кампазітара Кейса Флака) аб трох астравах у адным з італьянскіх архіпелагаў. Ноты пазычыў Рыгор Сямёнавіч Сарока. Валерыя самастойна дапрацоўвала партытуры пад конкурсны склад аркестра. 

"У кожнага дырыжора будзе ўласнае прачытанне твора кампазітара, свая, аўтарская трактоўка, і менавіта яе ён мусіць выказаць у выніку працы аркестра".

Адразу па прыездзе адбыўся вочны тур з двума раялямі. Беларуска прайшла яго вельмі паспяхова і выйшла у фінал. А там выступала першай. Давялося пахвалявацца. У іншых удзельнікаў былі творы, знаёмыя аркестру, і гэта адчувалася, а пра Луіджы Дзі Гізала ніхто нічога не ведаў… 

— На падрыхтоўку і выступленне нам адводзілася 20 хвілін, — згадвае Валерыя Курловіч. — За гэты час мне давялося прадставіць музыкам твор і адпрацаваць найбольш складаныя моманты. Галоўная складанасць была ў тым, што музыканты ўпершыню з ім мелі справу. 

Па словах жа настаўніка, Аляксандра Сасноўскага, прадстаўніца Беларусі літаральна “раскатала Маскву”. Яе выступленне было ашаламляльна бліскучым, а перамога відавочнай, хаця і нечаканай. Ён асабліва адзначыў, што Валерыя абышла шматлікіх прадстаўнікоў расійскіх вайсковых вышэйшых навучальных устаноў, для якіх дырыжыраванне духавым аркестрам, што называецца, ёсць справай жыцця ды гонару… 

Сама ж Валерыя сціпла адгукаецца, што ёй быў цікавы менавіта конкурс дырыжораў духавых аркестраў. Ёй вельмі падабаецца іх спецыфіка, таму яна супрацоўнічае з вайсковым брыгадным духавым аркестрам са Слуцка, які штогод ладзіць конкурс дырыжораў ваенных аркестраў. У гэтага супрацоўніцтва ёсць адметны падмурак: бацька Валерыі — вайсковец у адстаўцы, прайшоў Афганістан, узначальвае слуцкую гарадскую арганізацыю воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дзяўчына цвёрда мае намер звязаць сваю творчасць з традыцыямі сям’і, дапамагаць бацьку ў яго патрыятычных праектах. І нават больш за тое — у Валерыі Курловіч ёсць мара: яна хацела б аднойчы паспрабаваць сябе ў якасці ваеннага дырыжора. І здаецца, у яе гэта атрымаецца! 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота аўтара