З любоўю да гледача. Маналог кінарэжысёра

Апублiкавана: 24 чэрвеня 2023 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Прэзентацыя новага праекта савецкага і расійскага кінарэжысёра, генеральнага дырэктара кінаканцэрна “Масфільм” Карэна Шахназарава “Хітроўка. Знак чатырох” прайшла ў Брэсце і Мінску. Беларускі глядач меў гонар першым убачыць прыгодніцкі дэтэктыў па матывах твораў Уладзіміра Гіляроўскага і Артура Конан Дойла: прэм’ера ў нас адбылася на цэлы тыдзень раней за расійскую! Аб тым, як ішла праца над карцінай, пра сучасную акцёрскую школу і сваю любоў да гледача распавядае рэжысёр Карэн Шахназараў.

“ТРЭБА ДАВАЦЬ ГЛЕДАЧУ НАДЗЕЮ І МАГЧЫМАСЦЬ АДПАЧЫЦЬ” 

— Я рады, што пачынаю паказ гэтай карціны ў Беларусі. Па-першае, я вельмі люблю гэтую краіну, мяне з ёй звязвае многае, у тым ліку ўспаміны майго бацькі-франтавіка, які вызваляў Беларусь. Думаю, ён не мог і ўявіць у 1944-м, што праз шмат гадоў я буду прадстаўляць у Мінску свой фільм. Ну а па-другое, чаму наогул прэм’ерныя паказы пачынаюцца толькі ў Маскве? Трэба з гэтым заканчваць. (Смяецца.) 

Свой фільм я называю прыгодніцкім дэтэктывам. Даўно марыў папрацаваць у гэтым жанры. Нічога падобнага раней не рабіў, але ў гэты раз захацелася стварыць займальную, у нейкай ступені лёгкую карціну, у той жа час звязаную з творамі Уладзіміра Гіляроўскага. Магчыма, сёння ён крыху забыты аўтар, але, паверце, ён заслугоўвае таго, каб яго чыталі і перачытвалі. Уладзімір Аляксеевіч — незвычайная фігура пачатку мінулага стагоддзя, літаратар і журналіст, сябар усіх найбуйнейшых дзеячаў культуры Расіі таго часу: Чэхава, Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі, Успенскага, Талстога... У яго ёсць выдатныя нарысы “Масква і масквічы”, якія апісваюць жыццё самага знакамітага крымінальнага раёна Расійскай імперыі пачатку XX стагоддзя — Хітроўкі, дзе збіраліся рабаўнікі, забойцы, басякі, пустэльнікі. Гэтыя нарысы і хацелася ўвасобіць на экране, але ўсё ніяк не ўдавалася, пакуль не вырашыў злучыць гэтую ідэю, як ні дзіўна, з Конан Дойлам. Карціна атрымалася з гумарам і добрым фіналам. А то ў мяне ў апошніх стужках то пад цягнік кідаюцца, ці то з глузду з’язджаюць. Трэба ўсё ж такі даваць адпачынак і сабе, і гледачу, даваць нешта, што выклікае надзею. Такі фільм я і паспрабаваў зрабіць. 

“ВЯЛІКІ АРТЫСТ — ГЭТА МАСТАК, У ЯГО ЗАЎСЁДЫ ЁСЦЬ СВОЙ ПОГЛЯД” 

— Усе акцёры праходзілі дбайныя пробы, гэта быў вельмі доўгі працэс. У карціне два галоўныя героі — Гіляроўскі і Станіслаўскі. Дзей- нічаюць там, вядома, яшчэ Неміровіч-Данчанка і нават Чэхаў. Гэта, безумоўна, не біяграфічная карціна, аднак нейкі элемент візуальнага падабенства быў нам неабходны, мы яго доўга шукалі. Адзіны акцёр, якога я зацвердзіў без проб, Міхаіл Парэчанкаў. Ён вельмі падобны да Уладзіміра Гіляроўскага, толькі ростам вышэйшы. Ну і, вядома, ён сапраўдны прафесіянал. 

Так склалася, што я за сваё жыццё паспеў папрацаваць з найлепшымі савецкімі акцёрамі: Алегам Янкоўскім, Леанідам Філатавым, Армэнам Джыгарханянам, Яўгенам Еўсцігнеевым, Аляксандрам Панкратавым-Чорным, Інай Чурыкавай... Ды і з замежнымі — Малкальмам Макдаўэлам, Марчэла Мастраяні. Было вялікае шчасце працаваць з імі! Таму што гэта была яшчэ і школа — я шмат чаму вучыўся ў іх. З вялікімі акцёрамі працаваць нескладана: яны ніколі не кажуць шмат слоў, не патрабуюць звышзадачу. Аднак вялікі артыст — гэта мастак, у яго заўсёды ёсць свой погляд, таму, калі ты запрашаеш у фільм вялікага артыста, ён унясе ў карціну нешта сваё. Усе гэтыя акцёры ўносілі такія рэчы, пра якія я нават першапачаткова не думаў. У тым і хараство працы з такімі майстрамі. 

Акцёрскім складам у новым фільме я задаволены. І, дарэчы, пасля проб я пачаў паважаць сучасную акцёрскую школу. Мы, людзі старога гарту, заўсёды кажам, маўляў, савецкая школа самая лепшая, а вы нічога не ўмееце. Няпраўда. У мяне на пробах было шмат маладых акцёраў, якіх я хоць і не зацвердзіў, але дзякуючы якім убачыў, што вырасла пакаленне прафесійных, таленавітых артыстаў. 

“ФІЛЬМ ПАЧЫНАЕЦЦА ТАДЫ, КАЛІ СУСТРАКАЕЦЦА З ГЛЕДАЧОМ” 

— Ёсць шмат цяжкіх прафесій, але і праца рэжысёра нялёгкая. Яна патрабуе шмат намаганняў і нерваў. Аднак, хто б што ні казаў, мы працуем для гледача, і фільм пачынаецца не тады, калі мы заканчваем яго на студыі, а калі ён сустракаецца з гледачом. Менавіта тады пачынаецца сапраў- днае жыццё карціны, непадуладнае рэжысёру. Бо кожны чалавек прыходзіць са сваім вопытам, светапоглядам, і, сустракаючыся з фільмам, ён па-свойму яго стварае. Я з вялікай любоўю і павагай стаўлюся да гледача, таму ўдзячны і незвычайна крануты такім цёплым прыёмам у Беларусі. Для нас, рэжысёраў, прадстаўляць карціну ў зале, поўнай людзей, — велізарнае шчасце. Гэта значыць, што ў нашым жыцці ёсць нейкі сэнс. 

Яўгенія ГАБЕЦ