Каб лю­біць Бе­ла­русь сваю…

Апублiкавана: 26 чэрвеня 2023 Стужка Архітэктура Мінск З вандроўкі

Аўтар: РАГІН Яўген

Гэтым разам мая сям’я выкарыстала выхадныя дні для наведвання маёнтка Рэйтанаў, што ў Ляхавіцкім раёне. Некалькі разоў рэдакцыя “Культуры”працавала тут на суботніку — добраўпарадкоўвала тэрыторыю, дзе захаваліся рэшткі сядзібы, лядоўні,іншых гаспадарчых пабудоў,а стайні ды свіран заставаліся амаль некранутымі, першароднымі. 

Сядзібны драўляны дом нагадваў тады хмару на ясным небе, быў шэрым ды сумным. Хтосьці з нас зазначыў не без іроніі: “Так і павінен выглядаць след магнацкай эры…” З таго часу змянілася многае. Пагрозлівая хмара ператварылася ў вельмі прывабную архітэктурную карцінку. Тут цяпер у засені старасвецкіх алей толькі мастацкія пленэры ладзіць. Але да сядзібы яшчэ дабрацца трэба. Дабіраемся. 

КАШЛАЦІК І ВЕДЗЬМА 

На пад’ездзе да Баранавічаў сталы вандроўнік чакае, калі з-за пагорка выгляне высачэзны зубр, які гасцінна запрашае наведаць Брэсцкую вобласць. І не згадваў бы пра “зверыка”, але інфармацыйная нагода прымусіла. Металічная выява пушчанскага заўсёдніка займела персаніфікаванае мастацкае аблічча. Інакш кажучы, з’явіліся вочкі, вушкі, шыкоўная грыва… Індывідуальныя рысы падштурхнулі даць зубру мянушку. Мы назвалі яго Кашлацікам. Мо хто лепш прыдумае? Мы — за здаровую канкурэнцыю. 

Не бяруся ацэньваць мастацкія вартасці анімалістычнага роспісу, але пад чэрапам скульптуры мы налічылі з паўдзясятка зацікаўленых гасцей. Мяркуючы па свежай каляіне, яны не першыя і не апошнія. Рэклама — вялікая справа! Асабліва калі яна — такая вялікая. 

А вось і рэчка Ведзьма. За ёй — Ляхавічы з цудоўнымі мадэрновым РДК і знакамітай мастацкай школай. Згадаў, як мясцовыя майстры вучылі мяне маляваць алеем: “Бярэш фарбы — і пішаш. Галоўнае — не баяцца”. Я з таго часу і не баюся. А яшчэ ў Ляхавічах работнікі культуры арганізавалі 15 школьных каманд і зладзілі квэст па гісторыі роднага горада. 

Не спыняемся. За Ведзьмай — Ляхавіцкі раён, знакаміты сядзібай Бохвіцаў у Флер’янове (пра яе— у наступны раз); Падлескім народным хорам, які стварыў у 1939 годзе Генадзь Цітовіч; Федзюкамі, дзе нарадзіўся Міхаіл Пташук. 

А вось і Грушаўка. 

ГРУШАЎКА, АЛЕ НЕ МІНСКАЯ 

Родавая капліца Рэйтанаў знаходзіцца непадалёк ад Грушаўкі. Тут таксама адбыліся істотныя змены. Умацаваны падмурак, выпраўлены сцены. Збудаванне выглядае ўзнёсла і ўрачыста, як і належыць капліцам. 

Пра Дамініка і Тадэвуша Рэйтанаў “К” пісала шмат, шмат яшчэ напіша. Я — пра адноўленую сядзібу, якую не бачыў 10 гадоў. Яна сёння нібы цукерачка! Грошы ў Ляхавічах усім светам збіралі. 

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач распавяла, што ў другой палове чэрвеня адноўлены гістарычны аб’ект стане Цэнтрам культуры — структурнай часткай мясцовай Цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Цяпер шукаюць штат: загадчыка, прыбіральшчыкаў памяшкання і тэрыторыі. Пакуль для працы ЦК прыстасавана падвальнае памяшканне. Па словах Ніны Барысаўны, ва ўстанове будуць ладзіцца мастацкія і рамесніцкія экспазіцыі, сустрэчы з наведвальнікамі. А ў перспектыве ў сядзібе размесціцца цэнтр падрыхтоўкі мастакоў. 

СІНДРОМ “ТУРЭЦКАГА БЕРАГА” 

Да слова, гасцей і зараз — вельмі шмат. Вартаўнік сядзібы Ігар паведаміў, што кожны дзень тут паркуецца больш за паўсотню (!) легкавікоў. Едуць адусюль і, як правіла, сем’ямі. Удумліва абысці падворак цалкам — справа на паўдня. 

Разгаварыліся з наведвальнікам сярэдняга веку. У Грушаўцы ён правёў дзяцінства. Цяпер жыве ў Ляхавічах. Прывёз з сабой жонку. Тая бывала ці не ва ўсёй Еўропе, а ў Рэйтанаў — упершыню. Час любіць Беларусь. Так што, як у той песні пяецца, “не патрэбен нам бераг турэцкі”. Але каб зразумець гэта, іншы раз і жыцця не стае. 

Рэйтаны вас чакаюць! 

Газета "Культура" №21 ад 27 мая.

Яўген РАГІН 

Мінск — Грушаўка — Мінск 

Фота аўтара