Скілы, інсайты і... сіла духу!

Добра, калі таленавіты малады чалавек ведае пра свой талент з дзяцінства і з усіх сілаў удасканальвае яго. А што рабіць тым, хто не пацягнуўся да пэндзліка з калыскі? Студэнтка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава Алеся Сямёнава паспрабавала сябе ў розных справах, пакуль адчула прызначэнне. А сёння яна пераможца V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэртства “ProfSkills Belarus 2023”.

НІЯКАГА ЦІСКУ 

Жаданне маляваць прачнулася ў Алесі позна. Дзяўчына хадзіла на розныя гурткі: танцы, камп’ютарная акадэмія, але праз некалькі месяцаў кідала — нудна. У 7 класе яна неяк завітала ў арт-студыю. 

— Мяне ўразіла свабода творчасці, якая там панавала. Праз год я ўсё яшчэ рвалася да пэндзляў ды альбомаў. Тады вырашыла, што варта звязаць з гэтым сваё жыццё, — распавядае юная мастачка. 

"ProfSkills Belarus 2023" – спаборніцтва па 49 кампетэнцыях, у якім удзельнічалі больш за 350 навучэнцаў, студэнтаў і  маладых спецыялістаў з Беларусі, Расіі і Казахстана. Іх прафесійныя навыкі ацэньвалі каля 350 экспертаў.

Дзецям, якія выбіраюць творчыя прафесіі, даводзіцца сутыкацца з неўхваленнем бацькоў: маўляў, лепей сініца ў руцэ... Аднак нашай гераіні пашанцавала. 

— Мама заўсёды была на маім баку. Калі хобі не прыносіла задавальнення, проста казала паспрабаваць нешта новае. Менавіта яна прапанавала мастацкія навучальныя ўстановы для паступлення. Мо таму, што ёй самой у дзяцінстве забаранялі займацца маляваннем, прымусілі выбраць матэматыку? 

Алеся хадзіла на падрыхтоўчыя курсы ў МДМК імя Глебава. Там і вырашыла, што больш за ўсё ёй пасуе спецыяльнасць “графічны дызайн”. 

ЗАЎСЁДЫ ІСЦІ ДА КАНЦА 

Паступленне ў каледж далося Алесі нялёгка. Завяршальны этап унутраных экзаменаў яна дагэтуль успамінае як самы напружаны момант у сваім жыцці: 

— Неабходна было выканаць работу, каб прадэманстраваць навыкі кампазіцыі. Калі да заканчэння заставалася паўгадзіны, у мяне з рук выпала гумка. Карціну я паставіла на мальберт, а сама нагнулася, каб яе падняць. Адзін няёмкі рух — і нявысахлая работа звалілася на мяне. Жах! Калі прыйшла ў сябе, выявіла, што фарбы размазаліся, а частка наогул засталася на маёй спіне. У той момант я была ўпэўненая, што гэта параза. Я адчула на сабе спачувальныя позіркі іншых абітурыентаў. Усё ж вырашыла зрабіць усё, што ў маіх сілах, і стала перарабляць карціну амаль з нуля. 

Гэтая сітуацыя ідэальна дэманструе характар маладой мастачкі. Там, дзе іншыя б здаліся, яна бярэ сябе ў рукі і выкладаецца на 100%. 

— Здаецца, менавіта ў той момант я зразумела, што трэба заўсёды ісці да канца. Гэтым жа прынцыпам кіруюся і цяпер на ўсіх конкурсах, у якіх удзельнічаю. Ніколі не ведаеш, як у выніку ўсё абернецца. 

СЯМЕЙНЫЯ СУВЯЗІ 

Цяпер Алеся заканчвае чацвёрты курс каледжа. Здала дзяржаўныя экзамены і можа цалкам прысвяціць сябе дыплому. Тэма — настольная гульня. 

— У сям’і ўсе вельмі любяць настолкі, асабліва брат. Наша калекцыя налічвае больш за сто гульняў, і мне падалося важным дадаць яшчэ адну — зробленую сваімі рукамі, — распавядае дзяўчына. 

Праект не толькі забаўляльны, але і пазнаваўчы — заснаваны на фотапаляванні на знікаючыя праз кепскую экалогіі і турысцкі промысел рэдкія віды рыб. Наша гераіня сама распрацавала правілы, стварыла дызайн. 

— Не ўпэўненая, што механіка атрымалася дакладнай, аднак вельмі стараюся. Спадзяюся, сваякі і сябры ацэняць, — дзеліцца планамі і сумненнямі Алеся. 

СЛУХАЦЬ СЭРЦА 

Летась дзяўчына заняла першае месца на XIII Рэспубліканскім адкрытым мастацкім конкурсе імя М.А. Савіцкага і атрымала магчымасць навучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Аднак канчатковае рашэнне з нагоды сваёй будучыні яшчэ не прыняла. 

— Справа ў тым, што я змагу паступіць толькі на спецыяльнасць “графічны дызайн”. Але, здаецца, у каледжы я ўжо спасцігла асновы гэтага майстэрства. Цяпер хачу паспрабаваць нешта новае. 

Больш за ўсё Алесі падабаецца рабіць ілюстрацыі для кніг. 

— Працаваць з лагатыпамі і брэндамі таксама вельмі цікава, але гэта хутчэй пра логіку, аналіз і строгія правілы. Займаючыся ілюстрацыямі, я магу аддацца творчасці і імправізаваць. 

У ЛЮБЫХ УМОВАХ… 

Надоечы наша гераіня стала пераможцай V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “ProfSkills Belarus 2023”, які праходзіў з 13 па 16 мая ў Мінску. Каб трапіць на заключны этап, неабходна было перамагчы на рэгіянальным адборы, які праводзіўся на базе каледжа. Алеся бліскуча справілася з заданнем: з нуля за 3,5 гадзіны стварыла брашуру, якая адпавядала ўсім тэхнічным параметрам. 

Конкурс праходзіў у напружанай абстаноўцы. Напрыклад, пра тое, якое выпрабаванне чакае ўдзельнікаў, яны даведваліся толькі на месцы. Да таго ж мерапрыемства ладзілася на адкрытай пляцоўцы. Маладыя творцы працавалі, калі побач праводзіліся экскурсіі і іх увагу пастаянна адцягвалі. 

— Было складана сфакусавацца. Праз шум я не разлічыла час на першым модулі. Нам трэба было стварыць лагатып і анімацыю да яго ўсяго за тры гадзіны, хоць звычайна на выкананне такой задачы патрабуецца не менш за шэсць. Аднак здолела сканцэнтравацца на працы, — успамінае пра цяжкасці наша гераіня. 

НЕ ГЛЯДЗІ НА ІНШЫХ! 

Але ж пра агульную атмасферу конкурсу Алеся адгукаецца з цеплынёй: 

— Гэта заўсёды цікавы вопыт — знаёмства з удзельнікамі з іншых гарадоў. Іх навыкі захапляюць і натхняюць. Я сарамлівы чалавек, але гэтым разам зблізілася з некалькімі майстрамі, усе аказаліся вельмі прыязнымі. Канкурэнцыі не адчувалася, мы, наадварот, тлумачылі адно аднаму некаторыя моманты, дзяліліся вопытам. 

Галоўным інсайтам, вынесеным з гэтага спаборніцтва, стала значнасць уласных ведаў і досведу.

— Падчас сумесных абедаў канкурсанты хваліліся, што паспелі ўсё зрабіць. Праз гэта я адчувала няўпэўненасць, быццам толькі ў мяне нешта не атрымліваецца. Вядома, я не здавалася, але нервавалася моцна! Аднак вынікі паказалі, што арыентавацца варта толькі на ўласную адукаванасць. Астатнія не задумваліся пра тэхнічныя паказчыкі. Я ж звяртала ўвагу на кожную дробязь.

І хай Алеся пакуль не выбрала, чым менавіта хоча займацца ў будучыні, — відавочна, што чалавек, настолькі паглыблены ў сваё майстэрства, проста не можа быць няўдалым. На прыкладзе нашай гераіні мы бачым: справа жыцця не абавязкова знаходзіць нас у маленстве, галоўнае з ёй сустрэцца. І ў кожнага з нас ёсць шанц стаць найлепшым. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ