Шляхам Уладзіслава Сыракомлі. Частка 2

Працягваем вандроўку па “былых ваколіцах” Людвіка Кандратовіча, які ў гісторыю сусветнай літаратуры ўвайшоў пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля. Сённяшні маршрут пачнём ад Стоўбцаў, а далей, кіруючыся на поўнач, завітаем у некалькі прынёманскіх фальваркаў. Менавіта там прайшлі самыя шчаслівыя гады жыцця паэта, дзе ён зведаў першае каханне, шчасце і гора бацькоўства, дзе, зрэшты, стаў паэтам. “Першым у Літве, пасля Міцкевіча”.

ЗАЦІШША ПЕРАД НАВАЛЬНІЦАЙ 

Перад тым, як кінуцца ў хуткую плынь Нёмана і патрапіць на той бераг ракі, дзе нас чакаюць новыя прыгоды, варта зрабіць крок назад і згадаць пройдзенае. У першай частцы (№ 21, 2023), данёманскай, мы пабывалі ў мясцінах, якія можна лічыць калыскай роду Кандратовічаў. Асіпаўшчына, Горкі, Зацерава, Мархачоўшчына, Кулікоўка — вёскі і маёнткі, якімі продкі і сваякі паэта валодалі з XVII стагоддзя (а ў ХІХ бралі ў арэнду).

Людвік Кандратовіч у юнацтве (псеўд. Уладзіслаў Сыракомля) 

Завіталі мы да брата ксяндза Магнушэўскага, які вывеў на гістарычную арэну крашынскага хлапчука-паэта Паўлюка Багрыма. Узгадалі і аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Янку Лучыну, які таксама меў самую шчыльную сувязь з тымі мясцінамі (дарэчы, Лучына займаўся перакладамі вершаў Сыракомлі). І тут сама напрошваецца думка аб закладанні ў Горках традыцыі правядзення штогадовага літаратурнамузычна-мастацкага фестывалю ў гонар такіх знакамітых паэтаўбеларусаў. Ёсць і нагода заснаваць фэст сёлета — у ліпені дзень народзінаў Лучыны, а ўвосень — юбілей Сыракомлі. Дарэчы, з такой прапановай мы звярнуліся да дырэкцыі школы ў Горках. Спадзяемся, ідэя ўрэчаісніцца. 

БАЦЬКА НЁМАН 

У ваколіцах Стоўбцаў (жыхары называюць свой горад Стоўпцамі, а мясцовасць — Стаўпеччынай) Нёман нічым не нагадвае раку, апетую Мікалаем Варвулёвым у “Песні пра Нёман” або адбітую ў творы беларускага мастака Станіслава Жукоўскага. Тут яго вытокі, тут пляскаты — “як пінскія балоты” — краявід. Сёння ўжо не бачна на ім баркі, ні віціны, не чутна гучных крыкаў плытагонаў. Пэўна, толькі вадзянік, русалкі ды байдарачнікі надаюць рацэ жыцця. Рыбакі не ў лік, бо тыя жыццё адымаюць. 

СТОЎБЦЫ. СЛЕД ДАЖЫНАК 

Са Стоўбцамі ў мяне даўняе знаёмства. Адсюль, падчас вучобы ў мастацка-рэстаўрацыйнай вучэльні, пачынаўся мой шлях у мястэчка Мір (вельмі часта пехам, бо ў пачатку 90-х рух на гэтым кірунку быў не такі ажыўлены, як сёння). Змены за прамінулыя дзесяцігоддзі адбыліся са Стоўбцамі каласальныя. Збольшага ў лепшы бок. Але… Год таму мы пісалі пра скандал, які тут здарыўся. Падчас падрыхтоўкі да “Дажынак” і добраўпарадкавання прылеглых да горада тэрыторый было знішчана 1 300 метраў стогадовага бруку ( № 29 2022). У самім жа горадзе падвергліся зменам фасады некаторых камяніц міжваеннага часу. Што датычыцца сувязі Уладзіслава Сыракомлі і Стоўбцаў… І яго бацькі, і ён са сваёй сям’ёй быў парафіянінам тутэйшага касцёла св. Казіміра (ад якога не засталося нават брамы). Тут ён хрысціў сваіх дзяцей. Тут на каталіцкіх могілках былі пахаваныя тры маленькія дачкі паэта, якія памерлі цягам тыдня ўвосень 1852 года. Праўда, ёсць іншая версія, паводле якой іх пахавалі на могілках у Міры. Вырашыўшы перабрацца на Віленшчыну на пачатку 1853-га, праз Стоўбцы выязджаў на Мінскі тракт паэт з жонкай і сынам. 

КРОК УБОК. ЗАДВОР’Е І КАВАЛЁЎШЧЫНА 

Як Нёман мае свой выток, так і Стоўбцы маюць той кутні камень, з якога пачалася гісторыя паселішча. І схаваны ён у маёнтку Кавалёўшчына. Арыенцірам для пошукаў сёння служыць вёска Задвор’е, што на ўсходняй ускраіне горада. Два гады таму пайшла пагалоска, быццам сядзібны будынак ХІХ стагоддзя (а можа, як кажуць адмыслоўцы, і значна ранейшы) аказаўся пад пагрозай знішчэння (як нічога не вартая будыніна канца 1940-х). Тады мы пабывалі ў Кавалёўшчыне, у архівах, паразмаўлялі са знаўцамі і распавялі чытачам яе гісторыю, дарэчы, вельмі цікавую, насычаную падзеямі і знакамітымі імёнамі (№ 38, 2020). Падавалася, гэтага дастаткова, каб заснаваць у сядзібе музей горада (бо дзе, як не ў вытоках?). Ды яшчэ і блізкасць першага пункту “Шляху Коласа” (в. Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас), што ўвогуле магло б пераўтварыць Кавалёўшчыну ў цэнтр турыстычнага паломніцтва. У 2020-м нас супакоілі, маўляў, сядзібнаму будынку нічога не пагражае. Але сёння, па словах мясцовых жыхароў, над сядзібай ізноў навіслі цёмныя хмары. Таму бліжэйшым часам мы наведаемся на Стаўбцоўшчыну-Стаўпеччыну. Ужо ў справах Кавалёўшчыны. 

УЗДОЎЖ НЁМАНА НА КРУГЛІЦУ 

Выбраўшыся за межы горада і перабраўшыся праз ажыўленую трасу М1, прастуем лясной дарогай на поўнач. Ці маглі дзве рамантычны душы, якія натхняліся вершамі занёманскага земляка Адама Міцкевіча, абмінуць самую маляўнічую мясціну на ўсім шляху ад Стоўбцаў да Залуча, дзе жыў Сыракомля? Мяркуем, не. І таму, па іх прыкладзе, выходзім на высокі бераг Нёмана ў Кругліцы. Рэчышча ў гэтым месцы — амаль круглая пятля, якая ляжыць унізе крутога урвішча. На жаль, наша вандроўка не меркавала часу, каб набраць нёманскай вады ў кацялок, раскласці вогнішча, заварыць гарбаты ды пачытаць томік вершаў Сыракомлі. 

ЖУКАЎ БАРОК. ФІЛОСАФЫ, ПАЭТЫ, ПІСЬМЕННІКІ І ЗАМЕЖНЫЯ ТУРЫСТЫ 

Старадаўняя радзівілаўская вёска (вядома ад 1510 года) ляжыць пры самым Нёмане. Калісьці тут была паромная пераправа, ад якой па абодва берагі разбягалася густая сетка дарог. Адна з іх вяла ў Мір, другая на Маскву. Як сцвярджае беларускі гісторык і краязнаўца Зміцер Віцько, у 1699-м праехаў праз Барок аўстрыйскі пасол Хрыстаф Ігнат Гварыент і Рааль. А на два гады раней, праездам на Варшаву, пабываў тут Пётр Талстой, заснавальнік графскай галіны і продак пісьменніка Льва Талстога. 

Нёман у вёсцы Кругліца

Нёман у вёсцы Кругліца

На пачатку XVIII стагоддзя Радзівілы пабудавалі тут драўляную ўніяцкую царкву. Сёння яшчэ можна ўбачыць яе падмуркі ў атачэнні векавых соснаў. Натуральна, была і карчма. Сціплая сядзібка-леснічоўка месцілася крыху ўбаку. Сёння на яе месцы катэдж. Некалі, руплівасцю мясцовых уладаў, блізу фальварачка быў усталяваны вялізны валун з шыльдай з імёнамі знакамітых мясцовых ураджэнцаў — філосафа-асветніка Саламона Маймана (пам. у 1800 г.), філосафа і феміністкі Юзэфы Крыжаноўскай (нар. у Залучы, 1865—1940). Апошняя выйшла замуж за вядомага сваёй дабрадзейнасцю мінскага лекара, хірурга і эксперыментатара Тэадора Куодзіса (1861—1917), які сябраваў з сям’ёй Янкі Купалы. Ну і, вядома ж, згаданыя імёны трох літаратараўсяброў — Адама Плуга, Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэнта Каратынскага (1831—1891), Сыракомлевага сакратара. 

У першай частцы (№ 21, 2023), данёманскай, мы пабывалі ў мясцінах, якія можна лічыць калыскай роду Кандратовічаў. Асіпаўшчына, Горкі, Зацерава, Кулікоўка... Вёскі і маёнткі, якімі продкі і сваякі паэта валодалі з XVII ст.

У 1832-м у Жукавым Барку пасяліўся Адам Плуг, бо яго бацька змог атрымаць месца падлоўчага ў радзівілаўскіх маёнтках. А ў 1841 годзе ў суседняе Залуча заедзе сям’я Кандратовічаў. Тут адбудзецца знаёмства Плуга і Сыракомлі, і шчырае сяброўства яны пранясуць праз усё жыццё. Тут народзіцца першае і неўзаемнае юнацкае каханне Сыракомлі да старэйшай сястры свайго сябра, якая ўжо была ў шлюбе. Каб сын хутчэй забыўся пра яе, бацькі Сыракомлі адправяць хлопца ў Нясвіж. Той, працуючы і жывучы ў замку Радзівілаў, пачынае пісаць вершы. Там жа, у красавіку 1844-га, Сыракомля ажэніцца з зусім юнай Паўлінай Мітрашэўскай, якая, па ўсёй верагоднасці, паходзіла з мясцовых аднадворцаў Мітрашэўскіх. Была Паўліна выхаванкай жонкі Адольфа Дабравольскага, які адыграў важную ролю ў жыцці не толькі Сыракомлі, але і паэта-філамата-прамяністага Тамаша Зана. Менавіта Дабравольскі набыў для Зана па вяртанні з выгнання маёнтачак Какоўчын (Кахачын) на Аршаншчыне. 

Памятны камень у Жукавым Барку

Памятны камень у Жукавым Барку

Пасля шлюбу Сыракомля вяртаецца на берагі Нёмана, каб пачаць новы этап жыцця. Апошнім вершам, напісаным у Нясвіжы, стане зварот да абраза Багародзіцы, які месціўся ў Слуцкай браме. 

ЗАЛУЧА 

Зрабіўшы апошні пасеў, бацькі паэта перадаюць яму фальварак Залуча, а самі перабіраюцца за некалькі кіламетраў у Тулонку. У Залучы прайшоў мядовы месяц Людвіка і Паўліны. Але неўзабаве Сыракомля адчуе напоўніцу, што такое быць “гаспадаром” і цалкам залежыць ад уласнай гаспадаркі. І хоць гэта жыццё лёгкім не назавеш, менавіта тут прайшлі найлепшыя гады жыцця паэта. Тут з-пад яго пяра паляцяць у свет дзясяткі вершаў, гутарак і гавэндаў. Тут будзе напісаны знакаміты “Паштальён”.

Памятны камень у Залучы

Памятны камень у Залучы 

Пазней, пасля апрацоўкі рускімі паэтамі, верш Сыракомлі стане папулярнай песняй “Когда я на почте служил ямщиком”. Апошнім творам, напісаным у Залучы, стане знакамітая гавэнда “Пра пана Заблоцкага” (які спрабаваў зарабіць на мыле, гл. “К” №36, 2022). Тут яго жонка пры сядзібе створыць кветнік, а ён сам зруйнуе бровар, падаючы прыклад іншым мясцовых шляхцюкам. Тут у яго будзе падоўгу гасцяваць былы радзівілаўскі мастак Рэмбаровіч, які амаль страціў зрок. Праз гэта фарбы ён клаў на палітру ў адвольным парадку, і таму творы ў яго выходзілі, відаць, даволі авангардныя. Сыракомля замовіў мастаку галерэю партрэтаў нашых каралёў і прысвяціў яму верш. Тут жа пачынаў сваю працу сакратара і біёграфа Сыракомлі будучы паэт Вінцэнт Каратынскі. Тут у 1845-м у паэта народзіцца першая дачка. Але дзяўчынка сканае адразу пасля нараджэння і яе пахаваюць на вясковых могілках у Тулёнцы. Пазней народзіцца сын, які памрэ падчас эпідэміі халеры. Увосень 1852 года цягам тыдня развітаюцца з гэтым светам адразу тры маленькія дачкі. Гэта быў апошні, сакрушальны ўдар лёсу, пасля якога Сыракомля вырашыў пакінуць радзіму і перабрацца Нёман у вёсцы Кругліца Памятны камень у Жукавым Барку Памятны камень у Залучы на Віленшчыну. А першым ударам стала адмова гаспадара Залуча (Сыракомля і яго бацькі былі толькі арандатарамі) прадаць яму маёнтак. З нейкай прычыны ў апошнюю хвіліну, калі ўсё ўжо было дамоўлена і заставалася толькі паставіць кропку, гаспадар перамяніў рашэнне. Праўда, хто б застаўся ў маёнтку, пранізаным безліччу сямейных трагедый? Сёння на месцы фальварачка — крушня камянёў ад падмуркаў, на якіх вырасла нейкае дрэўца. Пры дарозе стаіць такі ж валун, як і ў Жукавым Барку, толькі надпіс сведчыць, што тут калісьці жыў паэт Уладзіслаў Сыракомля. Шкада, што гэтая мясціна не стала пляцоўкай для правядзення тэматычных імпрэз. 

ТУЛОНКА 

Перад ад’ездам у Вільню Сыракомля завітаў да бацькоў у Тулонку. Прыехаў ён да іх яшчэ праз год, напрыканцы 1853-га, відаць, на святы. Падчас побыту напісаў чарговую шляхецкую гавэнду “Пан Марка ў пекле”. Дарэчы, неўзабаве пасля таго, як паэт стаў арандатарам падвіленскага маёнтка Барэйкаўшчына, забраў ён туды старэнькіх бацькоў. Там, на чужой зямлі, якая, па ўласным вершаваным прызнанні паэта, так і не стала за 10 гадоў яму роднай, знайшлі яны апошні спачын. А сам ён, яго жонка і нашчадкі спяць вечным сном на “літаратурным пагорку” віленскіх Росаў. 

Сыракомлеў фальварак у Залучы

Сыракомлеў фальварак у Залучы

ЭПІЛОГ 

Каму будзе цікава, вельмі раю Сыракомлевы “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”. У нарысе паэт дае разгорнутую панараму наднёманскага жыцця ў розныя часы. У гэтым гістарычна-геаграфічным краявідзе асобнымі выспамі высяцца Залуча і Жукаў Барок, Стоўбцы і Свержань. Але так узнёсла і паэтычна, як апісаў сваю радзіму сам паэт, маё пяро апавядаць не ў стане. 

Газета "Культура" №22 ад 3 чэрвеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

 

Фота аўтара і архіўныя