Праверка на трываласць

Апублiкавана: 30 чэрвеня 2023 Стужка Цырк Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Пад купалам мінскага цырка адгрымелі “Рытмы Афрыкі” і на змену ім прыйшла новая праграма — “Неверагодны атракцыён”. Гледачам давядзецца прайсці тэст на стрэсаўстойлівасць, бо большасць нумароў дакладна выкліча мурашы па скуры. У новым шоу на арэне аб'ядналіся артысты з Беларусі, Расіі і Бразіліі, каб у чарговы раз праверыць межы чалавечых магчымасцей. Ці прымусяць здрыгануцца экстрэмальныя нумары нават дарослага, высвятляла газета “Культура”. 

Надышла летняя пара — час для адпачынку і забаў. Менавіта гэта і натхніла каманду Беларускага дзяржаўнага цырка стварыць адзіны ў свеце парк цыркавых атракцыёнаў, дзе “Кола агляду” ператвараецца ў “Кола смеласці”, што займае дух, а звыклы “Цір” — у экстрэмальнае “Кіданне нажоў”. 

Пра тое, як стваралася праграма, распавядае яе мастацкі кіраўнік Вітаўтас Грыгалюнас: 

— Прыдумаць сцэнарый для новага прадстаўлення надзвычай цяжка, бо ўсё павінна спачатку сысціся ў думках, а выкласці тое на паперы можна за некалькі гадзін. Затым пачынаецца сумесная праца рэжысёра, харэографа, дырыжора, якія прадумваюць розныя нюансы. І надыходзіць самы складаны працэс, які адымае шмат фізічных і маральных сіл: прыязджаюць артысты, і мы працуем літаральна 24/7 на працягу тыдня. Далей адбываецца выпрацаваная гадамі заканамернасць: прэм’ера, некалькі шоу — і праграма пайшла ў бой. Мы ствараем адно вялікае прадстаўленне з некалькіх маленькіх спектакляў. І тут важна разумець, што поспех нумара крыецца ў цудоўнай трукавай частцы і пасыле самога артыста. 

АДВАЖЫЦЦА ТОЛЬКІ СМЯЛЬЧАК 

Гарачая, запальная праграма пачынаецца з нумара “Кола смеласці”, які прадстаўляюць два артысты з Бразіліі. 

— Канструкцыя называецца “лапенду” (у перакладзе — маятнік). Гэты трук, які мы асвоілі дзякуючы нашым бацькам, вельмі папулярны на нашай радзіме. Выконваць яго, безумоўна, небяспечна, бо ён не прадугледжвае ніякай страхоўкі, нават падэшва абутку для лепшага счаплення нічым не змазваецца, — тлумачыць Сант’яга Гансалес Джэймс. 

Падчас нумара адзін з артыстаў смела крочыць па коле, у той час як яго калега ў другім коле нарошчвае хуткасць. Такое відовішча прымусіла ўражлівых гледачоў мацней уціснуцца ў крэсла. Затым адзін з артыстаў скакаў праз скакалку на коле, што беспрыпынна круцілася, а напрыканцы надзеў павязку на вочы, каб канчаткова пераканаць прысутных: у гэтым атракцыёне яму няма роўных! 

Затым беларускія паветраныя гімнасты Наталля Нарышкіна і Глеб Казленка паспрабуюць акунуць вас у атмасферу лёгкасці, распавёўшы сяміхвілінную гісторыю кахання двух маладых людзей — таленавітага фатографа і прыгожай мадэлі. Менавіта з гэтым нумарам нашы землякі ў жніўні летась выйгралі Гран-пры Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва “Рэха Азіі” ў Казахстане, а сёлета ў сакавіку паспелі паказаць яго ў Іспаніі. Як адзначае дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан: “Санкцыі не ўплываюць на цыркавую сусветную садружнасць па адной простай прычыне: калі ты здольны здзівіць гледача, табе будуць рады ў любым кутку свету. У кастрычніку нашых паветраных гімнастаў запрасілі паказаць свой талент у Італіi. І ўжо ідуць перамовы аб тым, каб восенню ў наш цырк прыехалі італьянскія артысты”. 

Порцыю замілавання атрымае кожны госць Белдзяржцырка, убачыўшы нумар “Дрэсіраваныя поні”, дзе восем мініяцюрных грацый выконваюць указанні Сяргея Прасцяцова, уладальніка “Бронзавага клоўна” Міжнароднага цыркавога фестывалю ў Монтэ-Карла. 

ЧАЛАВЕК МАЦНЕЙШЫ ЗА МАШЫНУ? 

У канцы першага аддзялення раім “прышпіліць рамяні бяспекі”, бо на арэне з’явіцца асілак Феруз Юсупаў, які сапраўды ўразіць кожнага. Ён прыехаў у Мінск упершыню і пачынае свой нумар з размінкі, падымаючы гіры вагой у 180 кілаграмаў зубамі, а затым пераходзіць да больш сур’ёзных трукаў: на цыркавую арэну выязджае бус, і артыст па-джэнтльменску запрашае дзяўчат з шоу-балета сесці ў машыну. Агульная вага аўто складае 3 тоны 120 кілаграмаў, і наш асілак цягне яго зубамі. Зала выдала захоплены “ох” і не магла спыніць апладысменты. Але самае інтрыгуючае вопытны атлет пакінуў на потым: Феруз лёг на манеж, зверху на яго паклалі дошкі, і па ім праехаўся… аўтамабіль! Пасля гэтага манеўру на некалькі імгненняў гледачы былі агаломшаныя, а затым пачалі пляскаць у ладкі мацней чым калі. 

Складаецца адчуванне, што гэтым разам цыркавая праграма вырашыла праверыць нас на атракцыёне смеласці, бо падчас некаторых трукаў вочы міжволі заплюшчваліся ад страху. Напрыклад, падчас выступу беларуса Андрэя Гоманава, які прадставіў публіцы нумар “Матрыкс”, артыст раскруціў сваю партнёрку ў коле і пачаў кідаць туды нажы. Гэты смяротны нумар наш зямляк паказаў у Сінгапуры, затым здзіўляў ім ва Уладзівастоку, Хабараўску, Іркуцку. І нават паспеў паўдзельнічаць у знакамітым брытанскім шоу “Britain’s Got Talent” у Лондане. 

КОТ, ЯКІ ЛЁТАЕ ПАД КУПАЛАМ ЦЫРКА 

Можна заўважыць, наколькі лагічна складзена праграма. Бо пасля кожнага ўсплёску адрэналіну публіку накрывала хваля замілавання. 

Чароўная Вольга Бязмен нарадзілася і вырасла ў Мінску, на працягу 25 гадоў працуе ў цырку: “З маім мужам паказваем нумары з коткамі. Дзіўна, але дома, на беларускай арэне, выступаю ўпершыню. Шмат працуем у Расдзяржцырку, а таксама гастралюем па ўсім свеце. Прызнаюся шчыра, паказваць нумары перад роднымі гледачамі вельмі адказна. У нашым перформансе задзейнічана шэсць катоў: тры звычайныя і тры пароды мэйн-кун. Гэта выглядае вельмі эфектна, бо мой рост складае 1 метр 38 сантыметраў і побач з такімі вялікімі пухнацікамі я здаюся вельмі мініяцюрнай. Мае ўлюбёнцы вельмі наравістыя ў дрэсуры, таму мала хто выступае з гэтымі жывёламі. Па адчуваннях, яны выхоўваюць нас, а не мы іх. Кожны раз, выходзячы на манеж, не ведаем, што будзе адбывацца: могуць чагосьці спалохацца ці проста капрызіць. Напрыклад, хтосьці з катоў не любіць, калі людзі ходзяць падчас шоу, нават можа чакаць, пакуль усе сядуць на свае месцы. У такіх выпадках даводзіцца ўключаць артыстызм і скараць гледачоў сваім зачараваннем”. 

На гэты раз падапечныя Вольгі былі вельмі паслухмянымі, смірна сядзелі на месцах і чакалі каманды гаспадыні. Самы смелы коцік залез на платформу ў выглядзе паўмесяца і лунаў у паветры пад купалам манежа. 

Усе ахвочыя змогуць убачыць “Неверагодны атракцыён”, які пачаўся 27 мая, да 19 жніўня. Гэтая праграма ідэальна падыходзіць для новага летняга сезона: экстрэмальныя нумары змяняюцца пацешнымі выступамі з хатнімі жывёламі. Клоўны актыўна ўзаемадзейнічаюць з публікай і выклікаюць усмешку на тварах усіх маленькіх гасцей. Увесь час шоу трымае ў эмацыйным напружанні і прымушае ўважліва сачыць за дзеяннем на арэне нават гледачоў з апошніх радоў. Пасля прагляду складваецца дакладнае адчуванне, што цырк — месца, дзе даследуюцца магчымасці нашага цела, i здаецца, яго межы яшчэ да канца не вывучаныя. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара