Ацэнены па заслугах

Апублiкавана: 11 лiпеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Сапраўдны талент у Беларусі заўсёды будзе ацэнены па заслугах. Гэты тэзіс Прэзідэнта, агучаны 3 ліпеня ў Вялікім тэатры, працуе ў краіне даўно. Амаль да кожнага дзяржаўнага свята прымяркоўваюцца ўрачыстасці, на якіх ушаноўваюцца найлепшыя работнікі розных сфер. Вось і напярэдадні Дня Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ у дачыненні нашай галіны. 

Работнікі сферы культуры ўдастоены дзяржаўных узнагарод за значны асабісты ўклад у захаванне і прымнажэнне гістарычнай і духоўнай спадчыны беларускага народа, развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва, народнай творчасці і рамёстваў, дасягненні ў культурна-асветніцкай дзейнасці. 

Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджана пенсіянер, заслужаны работнік культуры БССР Галіна Качалава. 

Медаль Францыска Скарыны прысуджаны дырэктару Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгору Бысюку, артысту-вакалісту Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандру Гайдуку, артысту-вакалісту, вядучаму майстру сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Яўгену Ермакову, дырэктару Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артуру Зельскаму, артысту хору Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І. Цітовіча Вікторыі Мачалінай, майстру народных мастацкіх рамёстваў Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці Мар’яну Скрамблевічу і артысту тэатра лялек — вядучаму майстру сцэны Беларускага тэатра “Лялька” Юрыю Франкову. 

Ганаровае званне “Народны артыст Беларусі” прысвоена артысту-вакалісту — вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Станіславу Трыфанаву. 

Загадчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская, мастак-скульптар Валянцін Занковіч і загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Масленікаў удастоены звання заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.