Час назваць найлепшых

Апублiкавана: 12 лiпеня 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск Праекты развіцця

Аўтар: Аўтары

Прафесійны рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” не толькі садзейнічае развіццю айчыннай культуры, прапагандзе яе здабыткаў, збіранню і распаўсюджванню фальклорна-этнаграфічнай спадчыны. Гэта яшчэ і выдатная магчымасць адшукаць найлепшых у сваёй справе, стымуляваць іншых імкнуцца да вяршынь бібліятэчнага майстэрства. 

АГУЛЬНЫЯ ВЫНІКІ 

XXXI Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” правялі традыцыйна — у два этапы. Спачатку пераможцаў вызначылі па рэгіёнах, затым работы ацаніла прафесійнае журы — прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі, абласных бібліятэк, цэнтралізаваных сістэм публічных і дзіцячых бібліятэк Мінска. 

Выявіць наватарскія ідэі, інавацыйныя падыходы, высокую культуру падачы матэрыялаў было галоўнай задачай суддзяў, якія разгледзелі 39 прац з усёй краіны — пераможцаў абласнога тура. Гэта праекты 17 цэнтральных бібліятэк і 22 бібліятэк-філіялаў. 

Як кажуць эксперты, з году ў год канкурсанты дэманструюць усё больш высокі інфармацыйны ўзровень, культуру падачы матэрыялаў. Практычна кожная работа змяшчае ўласныя распрацоўкі (праграмы, праекты, спасылкі на рэсурсы), рэкламную прадукцыю, суправаджаецца электроннымі прэзентацыямі, відэаматэрыяламі, гульнямі, сцэнарыямі. Вельмі ўразіў і сабраў найлепшыя водгукі членаў журы і высокі мастацкі ўзровень праектаў. 

Згодна з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 118 ад 26 мая 2023 г. “Аб выніках XXXI Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры»” журы адзначыла дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеней (50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна) 22 публічныя бібліятэкі. Чатыры прадстаўлены да заахвочвання (10 базавых велічынь). 

ЗА ПАДТРЫМКУ І РАЗВІЦЦЁ ЧЫТАННЯ 

У гэтай намінацыі была заяўлена найбольшая колькасць работ — 12. 

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Астравецкай раённай бібліятэцы Гродзенскай вобласці. Высокую ацэнку дзейнасці ўстанова атрымала за папулярызацыю кнігі і чытання сярод гараджан рознага ўзросту праз рэалізацыю мэтавай праграмы “Пазнай Астравеччыну”, стварэнне муралаў — партрэтаў найбольш вядомых пісьменнікаў — і арганізацыю тэатралізаваных пастановак па спадчыне гэтых літаратараў, стварэнне ў бібліятэцы краязнаўчай экспазіцыі і адкрыццё “Жалудовай кавярні”. Супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі актыўна распаўсюджваюць здабыткі беларускіх аўтараў і ў сацыякультурнай дзейнасці выкарыстоўваюць крэатыўныя формы. Так, для наведвальнікаў зладзілі “Майстэрню паэтычнага чытання”, творчую сустрэчу “Зямелькі роднай талент і натхненне” са Станіславам Валодзькам — айчынным паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, правялі акцыю “Чытаючы аўтобус”, айстопер-акцыю “Вершы крочаць па планеце”, краязнаўчы квэст-гульню “Пазнай Астравеччыну праз кнігу”, літаратурныя падарожжы, турніры эрудытаў, распрацавалі цыкл літаратурна-краязнаўчых мерапрыемстваў “У культуры краю — душа народа”... 

Сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў пераможцам прызналі Елкаўскую сельскую бібліятэку Зэльвенскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці за рэалізацыю літаратурна-адукацыйнага праекта “Я гэты край Радзімаю заву”. Распрацоўка складаецца з некалькіх блокаў, адзін з якіх прысвечаны папулярызацыі творчасці нашых пісьменнікаў і паэтаў. У ім варта адзначыць ЧЫТАЙпраспект “Літаратурная палітра” з шэрагам сацыякультурных мерапрыемстваў: літаратурным марафонам “Чараўнік беларускага слова”, паэтычным калейдаскопам “Зямля мая, нябёсаў родных сінь”, “БібліяБуфетам”, у якім прапаноўвалася дэгуставаць навінкі ад нашых пісьменнікаў, ды іншымі. Падмацоўваць паважлівае стаўленне да кніг айчынных выдавецтваў дапамагаюць спецыяльныя цыклы заняткаў “Адкуль кніга на Беларусь прыйшла”, “Нашы любімыя кнігі”. Выяўленню аматараў літаратуры на роднай мове, знаўцаў творчасці айчынных аўтараў садзейнічала маштабнае мерапрыемства — Дзень чытача беларускай кнігі. Разынкай свята сталі гучныя чытанні “Чытаем разам, чытаем услых!”. 

ЗА ЗНАЧНЫ ЎКЛАД У ВЫХАВАЎЧУЮ РАБОТУ З НОВЫМ ПАКАЛЕННЕМ 

Прэтэндэнтаў на перамогу ў гэтай намінацыі было 11. 

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысудзілі Навагрудскай бібліятэцы сямейнага чытання — філіялу Навагрудскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці за плённую працу па падтрымцы традыцый сямейнага чытання. Кніжная скарбніца наладзіла цесныя сувязі з дашкольнымі і агульнаадукацыйнымі ўстановамі. Так, для дзіцячых садкоў горада створаны “Казачны куфэрак”. Для малодшых школьнікаў у арт-студыі “Фабрыка ідэй” арганізавана адмысловая прастора “Карагод лялек”. У сярэдніх і старэйшых навучэнцах у рамках праекта “Чытай пра край” выхоўваюцца грамадзянскасць і патрыятызм, высокія маральныя якасці, густ. Зладжана серыя анлайн-трансляцый “Горад чытае пра сваё” ў сацыяльных сетках установы, цыкл сустрэч “Чытаем добрыя кнігі”. Бібліятэка цесна супрацоўнічае з праваслаўнай царквой у межах мэтавай праграмы “Духоўнасць і кніга”, забяс печвае функцыянаванне каворкінга “З татам нам цікава” і пальчыкавага тэатра, праводзіць для наведвальнікаў чэмпіянаты па чытанні ўслых, гульні, вечарыны, казачныя карнавалы. 

Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання — філіял Навагрудскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці

Сярод устаноў, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, дыплом першай ступені атрымала Александрыйская сельская бібліятэка Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці за змястоўную і шматгранную працу з дзецьмі ў межах інавацыйнага праекта летніх чытанняў “КНІГАсветная вандроўка”. Мэта ініцыятывы — арганізаваць летні адпачынак падлеткаў праз гульню, кнігу і творчасць. Асновы малюнка, жывапісу, скрапбукінгу і баціку хлопчыкі і дзяўчынкі засвойваюць у аматарскім аб’яднанні “Арт-дэкор”, якое неаднаразова станавілася прызёрам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў. Бібліятэкар імкнецца стварыць умовы для ўсебаковага развіцця юных чытачоў: ладзіць мерапрыемствы, накіраваныя на выгадоўванне любові да родных мясцін і гонару за землякоў; актыўна займаецца экалагічным, духоўным і сямейным выхаваннем дзяцей і падлеткаў, папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, папярэджаннем правапарушэнняў; дапамагае ўсвядомлена выбраць прафесію. 

ЗА ПОШУКАВУЮ І ДАСЛЕДЧУЮ ПРАЦУ 

У гэтай намінацыі было прадстаўлена дзевяць работ.

 

Гарадская цэнтральная бібліятэка імя А. Макаёнка Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна

Дыплома першай ступені сярод гарадскіх і раённых кніжных скарбніц удастоілася Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А. Макаёнка Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна за стварэнне электроннага інфармацыйнага рэсурсу — інтэрактыўнай карты-энцыклапедыі Godonim Hrodna (2021—2022). Яна адлюстроўвае ўсе аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны і сучасныя славутасці на тэрыторыі горада, знаёміць з лёсамі людзей і падзеямі, у гонар якіх названы вуліцы, плошчы, праспекты і завулкі. Для работы над праектам былі выкарыстаны даведачныя і краязнаўчыя крыніцы бібліятэкі, афіцыйныя сайты прадпрыемстваў і арганізацый, друкаваныя і электронныя публікацыі часопісаў і газет, працы гісторыкаў ды іншых даследчыкаў. У выніку атрымаўся цудоўны рэсурс, карысны ўсім, хто цікавіцца мінуўшчынай Гродна, збіраецца наведаць абласны цэнтр у якасці турыста або жыве ў гэтым горадзе, любіць яго і жадае пазнаць глыбей. 

Сасноўская сельская бібліятэка-клуб Смаргонскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк найлепшай прызнана Сасноўская сельская бібліятэка Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за пошукавую і даследчую працу па вывучэнні малой радзімы і стварэнні гісторыка-публіцыстычнага нарыса “Памяці жыць!.. Старонкі гераічнага мінулага сасноўскага краю”. У рабоце падрабязна распавядаецца пра нямецкі акупацыйны рэжым, а таксама пра станаўленне, развіццё і дзейнасць партызанскага, падпольнага руху ў Сасноўцы і яе наваколлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У аснову нарыса ляглі ўспаміны старажылаў, ветэранаў, былых вязняў, насельнікаў акупаваных вёсак, публікацыі з газет і часопісаў пра баі на тэрыторыі краю, архіўныя матэрыялы. 

ЗА НАВАЦЫІ Ў ГАЛІНЕ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ 

Рэспубліканскае журы разгледзела сем работ у гэтай намінацыі. 

Лідарам сярод гарадскіх і раённых бібліятэк назвалі Дзіцячую бібліятэку-філіял імя А. С. Пушкіна Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва за стварэнне інфармацыйнага краязнаўчага рэсурсу “Дзецям аб Магілёве”. Гэта візітоўка кніжнай скарбніцы. Эксклюзіўны медыяпрадукт уяўляе сабой імправізаваную геаграфічную карту-пазл горада на Дняпры з тэматычнымі малюнкамі. Націскаючы на патрэбную карцінку, дзіця самастойна або з дапамогай дарослага атрымлівае інфармацыю пра абласны цэнтр. Інтэрнэт-рэсурс пастаянна папаўняецца і на сёння складаецца з дзевяці раздзелаў. Станоўчы вынік праекта — папулярызацыя кнігі і чытання, прыцягненне юных карыстальнікаў і іх бацькоў у бібліятэку дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам і найбольш цікавай для новага пакалення форме падачы матэрыялу. 

Сярод гарпасялковых і сельскіх устаноў на конкурс была заяўлена адна работа, якую журы ацаніла высока, — філіяла “Сасноўская сельская бібліятэка-клуб” Смаргонскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці. Прадстаўнік кніжнай скарбніцы прэзентавала комплексную працу па абслугоўванні чытачоў сваёй мясцовасці з выкарыстаннем як інавацыйных бібліятэчных, так і клубных формаў работы. Дзейнасць установы абапіраецца на краязнаўчы бібліягід “Кола гісторыі, ці Вандроўка па родным краі”, у межах якога быў створаны “Бабулін кут” — фальклорна-этнаграфічны пакой. Для яго папулярызацыі выпусцілі анлайн-віктарыну “Скарбы бабулінага куфра”, даступную на сайце раённай бібліятэкі, краязнаўчы электронны даведнік “Вытокі свае вывучаем”, ужываюцца інавацыйныя формы абслугоўвання чытачоў: бібліятаксі “САСНОЎКАТУР.BY”, краязнаўчы мабілограф “Таямніцы навакольных вёсак”, пастскрыптум-дайджэст “Дзённік сасноўскага падарожніка”. 

СЛОВА НА ДАРОГУ 

XXXI Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” завершаны. Пачаўся адлік часу для набыцця новых каштоўных напрацовак і прафесійнага вопыту ў адраджэнні айчыннай гісторыі, літаратуры, мовы, фальклорна-этнаграфічнай спадчыны — для падрыхтоўкі матэрыялаў да наступнага, 32-га рэспубліканскага конкурсу. 

Вольга КАКШЫНСКАЯ

галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі