Станіслаў Жукоўскі

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працуе выстава “Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба”. Імя сусветна вядомага мастака на радзіме не проста на слыху. Творцу і шануюць, і вывучаюць. Але ёсць у яго біяграфіі дата, якая прымушае даследчыкаў прачынацца ўначы ад жаху. А дата гэтая — год нараджэння. Бо ад яе залежыць, калі святкаваць юбілеі і нават выпускаць памятныя маркі. І сёлета, здаецца, здарыўся пасаж. 

НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА 

Кожная цікавая гісторыя, па законах жанру, мусіць мець пачатак, пажадана, з інтрыгаю. У нашым выпадку ўсё пачалося з “нямой сцэны”. Праўда, не ля фантана, а ў рэдакцыйных кулуарах. Абмяркоўваючы выставу і асобу Станіслава Жукоўскага, раптам мы выйшлі на пытанне, калі ж належыць святкаваць 150 гадоў з дня нараджэння мастака — сёлета ці ў 2025-м? Бо, як аказалася, аднагалосся ў гэтай партыі ў “жукоўсказнаўцаў” няма і па сёння. І адным з такіх сведчанняў з’яўляюцца звычайныя паштовыя маркі, што былі выпушчаны ў 2023-м у Беларусі і Расіі з нагоды “150-годдзя”. Такую блытаніну ў два гады яшчэ можна зразумець, калі гаворка вядзецца пра асобу часоў Змрочнага Сярэднявечча. Ці калі на абмеркаванне выстаўляюцца даты “новага” і “старога” стыляў, дзе розніца складае 11-12 дзён. Але два гады ў дачыненні да асобы знакамітага мастака, якога многія з нашых сучаснікаў яшчэ маглі бачыць на ўласныя вочы (Жукоўскі загінуў у канцлагеры ў 1944-м)?.. 

ТАЯМНІЦЫ ЖУКОЎСКАГА 

Вядома ж, мы не маглі не паўдзельнічаць у “філатэлістычных фальстартах” (некалькі асобнікаў беларускай маркі набылі). Не змаглі мы і прайсці міма “юбілейнай” загадкі. Праўда, яе разгадка аказалася даволі простай. Наш добры знаёмы Шэрлак Холмс называў такія выпадкі “справай на адну люльку”. Яшчэ ў 1973-м савецкі мастацтвазнаўца Уладзімір Лапшын апублікаваў метрычны запіс аб хросце Станіслава, сына Юльяна Жукоўскага і Марыі з Вярбоўскіх, народжанага ў 1875 годзе. Пазней, у 1982-м, іншы даследчык і аўтар манаграфіі пра мастака Міхаіл Гарэлаў яшчэ раз прывёў гэты запіс і даў тлумачэнне, чаму сам Жукоўскі сфальсіфікаваў дату нараджэння пры паступленні ў вучэльню (дадаўшы сабе пару гадоў). Навошта? Каб не пытацца ў бацькі дазволу і не прадастаўляць гэты дазвол камісіі (бацька быў катэгарычна супраць таго, каб сын стаў мастаком). Так у свет паляцела дата “1873”. Усё проста. Блытаніна сёння ж узнікае тады, калі папулярызатары творчасці Жукоўскага абмінаюць увагай даробак спадароў Лапшына і Гарэлава. Вось толькі, хоць даследчыкі і разабралі біяграфію мастака, прасачыўшы яго жыццёвы шлях год за годам, разблытваць радаводныя таямніцы пакінулі іншым. Паспрабуйце ўявіць, што і па сёння невядомыя даты жыцця бацькоў Жукоўскага. Не кажу ўжо пра імёны дзядоў мастака, якія таксама невядомыя. Дзіва! 

СПОЙЛЕР 

Ад той рэдакцыйнай размовы прамінула некалькі тыдняў, за якія ўдалося зрабіць пару цікавых знаходак. Па-першае, трошкі развіднелася над радаводам маці Станіслава Жукоўскага, якая нібыта паходзіла з Варшавы і вучылася ў Парыжы. Яе продкі, не надта заможныя, жылі ў Ваўкавыскім павеце і пра Вільню, Варшаву і Парыж маглі толькі марыць. Па-другое, была знойдзена метрыка смерці мастаковай маці. Быццам бы нічога асаблівага, элементарная справа. Але аказалася, што ў пэўным сэнсе гэта сенсацыя. Бо на мапе “Шлях Жукоўскага” дадаўся важны пункт — Шарашова. Ды яшчэ гэта адзіны дакумент, якія датычыцца прысутнасці Жукоўскіх у Старой Волі. Успаміны і карціны ёсць, а вось дакументаў не было. Аб нашых знаходках мы распавядзем асобна, а сённяшні расповед пра вандроўку па мясцінах Жукоўскага, у якую мы адправіліся на выхадных. Вандроўку, інспіраваную знаходкамі. 

МІНСК — АРАНЧЫЦЫ — ШАРАШОВА 

Каб зранку быць на месцы, прыйшлося выязджаць вечаровым цягніком, ноч ехаць з перасадкамі. Каб не заснуць ва ўтульнай зале чакання вакзала Баранавічы-Палескія, я гартаў кнігу пра Жукоўскага (аўтар М.Гарэлаў) , якую ў 1988 годзе тут, у Баранавічах, падаравалі маёй маці калегі Рахлеўскія. Быў час яшчэ раз прадумаць маршрут, які ўключаў не толькі шматлікія аб’екты ў Шарашове, але і Стараволю і Пружаны. Ноч была без сну, аднак потым, як узнагарода за трываласць, настала раніца і першыя промні сонца залілі сваім святлом станцыённы будынак у Аранчыцах. Трапіўшы праз Пружаны ў Шарашова, першай справай адправіўся я на старыя каталіцкія прыкасцельныя могілкі. Менавіта на іх 26 сакавіка 1887 года пахавалі маці Станіслава Жукоўскага, памерлую 24-га сакавіка ад “катара страўніка” ў фальварку Стараволі (даты па старым стылі). Спадзевы, што яе магілу, якая каля ста гадоў нікім не даглядалася, лёгка знайсці, былі не надта вялікімі. Але ўсё патрэбнае для пошуку мелася ў заплечніку (шуфлік, крэйда, шчотка — палявы набор даследчыка). 

Аказалася, што старая частка могілак была ўшчыльнена ў 1950—1990-х, таму надмагілляў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў засталося вельмі мала. Дый тыя ў свой час трапілі на вока марадзёрам, якія пазрывалі або паразбівалі металёвыя шыльды і нават павыкрадалі надмагільныя камяні (у некалькіх старых агароджах пусткі). Саму магілу я не знайшоў, але прыкладнае месца, дзе яна магла быць, вызначыць удалося па ацалелых помніках 1888 года. Не змаглі мне дапамагчы і мясцовыя жыхары, парафіяне касцёла, якія нават не чулі пра “знакамітага мастака Станіслава Жукоўскага”. Падумалася, што памятны камень і інфармацыйны стэнд з расповедам пра Жукоўскіх на прыкасцельным цвінтары быў бы вельмі дарэчы. 

На тым жа цвінтары, адразу за касцёлам, знаходзяцца магілы продкаў і сваякоў нашага знакамітага пісьменніка Юзафа Крашэўскага (гл. “К” № 20, 2023). Вось толькі не кожны мінак пра тое здагадаецца. Тут таксама не зашкодзіў бы невялічкі інфармацыйны стэнд. 

Станіслаў Жукоўскі, "Май", 1896 (сядзіба ў Старой Волі)

Гісторыя касцёла Найсвяцейшай Троіцы пачалася ў 1848 годзе. Заменены на зернясховішча ў савецкі час, пазней ён быў перададзены вернікам, адрэстаўраваны і сёння цешыць вока сваёй дагледжанасцю. Вялікая колькасць драўляных скульптур, якія захоўваліся ў касцёле, былі ў свой час перавезены ў сталічны Нацыянальны мастацкі музей, дзе іх можна ўбачыць у сталай экспазіцыі беларускага мастацтва. Аб гэтым парупілася ураджэнка Пружанаў Алена Аладава, першы дырэктар музея. 

Удалося паразмаўляць і з ксяндзом Яцкам, які аказаў вандроўніку гасцінным прыём. Жыве спадар Яцак у Шарашове ўжо 30 гадоў, але, на жаль, таксама не чуў пра Жукоўскіх і іх сувязь з Шарашовам. 

ДА МІХАЛА БАБРОЎСКАГА 

Акрамя Жукоўскіх і Крашэўскіх, шчыльна звязана гэта мястэчка і з Міхалам Баброўскім, уніяцкім, а пазней праваслаўным святаром, былым прафесарам Віленскага ўніверсітэта. Доўгі час ён жыў у Шарашове, быў святаром у Прачысценьскай царкве. Памёр у 1848-м, калі па ўсёй Беларусі лютавала эпідэмія халеры. У Мінску яна забрала жыццё паловы горада, у тым ліку і асветніка і гуманіста Дамініка Манюшкі, дзядзькі славутага кампазітара. Пахавалі яго на Залатой Горцы, за касцёлам. Сёлета, 17 жніўня, у яго будзе юбілей — 235 гадоў нараджэння, і можна ўсталяваць пры касцёле памятны камень (гл. “К” №39, 2022). 

Месца, дзе стаяла старая драўляная царква, раза- браная ў савецкі час на дровы, нічым не адзначана. Адзінае, што нагадвае пра яе, — толькі драўляная званіца 1799 года (помнік рэспубліканскай значнасці), у якой 27 ліпеня (па старым стылі) дзень народзінаў (дата завяршэння будоўлі выразана майстрам над уваходам). Другая царква, у гонар Святога Мікалая, мураваная, была пабудаваная ў 1872-м. На жаль, была яна зачыненая. Гледзячы на яе, згадаў карціну Станіслава Жукоўскага 1902 года, якая так і называлася — “Царква”. На ёй намаляваны вечаровы храм, вельмі падобны да гэтага. Падобны, але, на жаль, не ён. 

Шарашова. Касцёл і магілы Крашэўскіх

У беларускай Вікіпедыі ёсць выдатны артыкул пра гісторыю самога мястэчка, таму мы абмяжуемся толькі першай згадкай Шарашова ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага — 26 студзеня паселішча было падоранае камянецкаму намесніку Мікалаю Насуту Шампарту. І здарылася гэта… у 1380 годзе (!). 

КАПЛІЦА БЕЗ СТАТУСУ. ТАЛАКА 

На могілках за мястэчкам, раней уніяцкіх, а цяпер праваслаўных, у 1824-м была пабудаваная капліца (царква) святых апосталаў Пятра і Паўла. Праз год яна адзначыць 200-годдзе. Хоць яна і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму і згаданая ў Зборы помнікаў гісторыі і культуры Брэсцкай вобласці, на ёй і па сёння ані шыльды з назвай, ані шыльды са статусам. Хоць звонку царква і выглядае адносна добра, па словах мясцовых жыхароў, будынак патрабуе неадкладнага ўнутранага рамонту. 

Магіла Міхала Баброўскага, якая знаходзіцца адразу за царквой, па шчырасці, здзівіла. На ёй стаіць сучасны помнік, вакол якога пляцоўка выкладзена пліткай. Але знайсці на помніку і малаінфармацыйным стэндзе, неахайна ўсталяваным побач, хоць адно слоўка на беларускай мове, на вялікі жаль, не ўдалося. Ці такім быў бы запавет святара, які шанаваў родную мову і лічыцца адным з творцаў “беларускага нацыянальнага адраджэння”? Пытанне рытарычнае. 

Дарэчы, як так сталася, што на могілках Беларусі сёння родную мову сустрэць — вялікая ўдача? Здаецца, усе помнікі з беларускімі надпісамі можна змясціць на адных шарашоўскіх могілках. 

З такімі думкамі змагаўся я з чэзлай зелянінай на месцы пахавання Міхала Баброўскага, а потым запаліў зніч і разгаварыўся з жанчынай, якая працавала побач. Аказалася, парадак вакол магілы Баброўскага — і яе заслуга. Бо, бываючы ў сваякоў, ніколі яна не лянуецца прыбрацца тут. Са спадарыняй Валянцінай мы размаўлялі з гадзіну: разам займаліся добраўпарадкованнем, разам адпачывалі ў цені на лаўцы пры царкве-капліцы. Параіўшыся з ёй, як зручней выйсці да Старой Волі, рушыў я ў няблізкі шлях. 

СТАРАЯ ВОЛЯ 

Перад вёскай (цяперашняя назва Стараволя), калі ісці з боку Шарашова, ёсць з’езд з асноўнай дарогі. Па ім прамуем на колішнюю сядзібу Жукоўскіх. Дакладней, да таго месца, дзе яна была яшчэ сто гадоў таму. Што сталася і чаму яна не дачакалася часу, калі імя мастака з забыцця гучна вярнулася ў Беларусь? Ад першай згадкі ў 1557-м, калі Старая Воля была падараваная каралевай Бонай Свята-Троіцкаму касцёлу ў Шарашове, і да першай паловы ХХ стагоддзя гэты маёнтак перамяніў яшчэ нікім не злічоную колькасць гаспадароў. Нехта з іх быў уласнікам (у 1890-м Уладзімір Урэдт), а іншыя, як Жукоўскія, толькі часовымі арандатарамі. Бацькі Станіслава пасяліліся ў Старой Волі пасля 1875-га: нарадзіўся будучы мастак не тут, а ў фальварку Андрухоўцы ў Ваўкавыскім павеце. Але тут прайшлі гады дзяцінства і юнацтва Жукоўскага і нават першыя крокі ў жывапісе — накіды сядзібнага падворка і дома. У 1887 годзе ў Старой Волі ва ўзросце 52 гадоў памерла маці, пакінуўшы на руках мужа траіх дзяцей — старэйшага Баляслава (нар.1863?), Стафанію (нар. 1871?) і Станіслава (1875). Паступова і дзеці вылецелі з гнязда. Спярша Баляслаў, а за ім і астатнія. Калі Жукоўскія з’ехалі са Старой Волі назаўжды, пакуль невядома. Сёння ад старой аднапавярховай драўлянай сядзібы з дзвюма парамі калон на фасадзе ані ні следу — месца былога маёнтка шчыльна забудаванае звычайнымі вясковымі хатамі, а невялічкі ставок паціху зарастае. Зразумела, што такія “аб’екты” мала прыцягальныя для турыстаў. Але ж калі б была адноўлена сядзіба, з’явіліся якія-небудзь дарожныя указальнікі, інфармацыйныя стэнды ды памятны камень, сітуацыя магла б змяніцца кардынальна. Прыклад перад вачыма — сядзіба Напалеона Орды пад Іванавым (дарэчы, не такі знакаміты ў свеце мастак, як Жукоўскі), адноўленая і карыстаецца вялікім попытам у турыстаў. Што гэтаму замінае? Падаецца, толькі мы самі. 

Уласна кажучы, хоць імя Станіслава Жукоўскага ўжо стала сваім у Беларусі, беларускае “жукоўсказнаўства” толькі-толькі робіць першыя крокі. Дарэчы, на Пружаншчыне “крокі” можна ўбачыць ужо сёння. У 2003-м, наконадні свята “Дажынкі”, на будынку пружанскага ЗАГСа з’явіўся вялізны і прыгожы мурал з выявамі мясцовых знакамітасцй — мастака Станіслава Жукоўскага, пісьменніка Юзафа Крашэўскага і опернага спевака Міхаіла Забейды-Суміцкага. У 2020 годзе мурал быў адрэстаўраваны. У 2015-м у Пружанскім палацыку прайшла сумесная з Нацыянальным мастацкім музеям выстава. Нагодай стала 140-годдзе з дня нараджэння Станіслава Жукоўскага. Тады ж у ваколіцах Стараволі адбыўся мастацкі пленэр, у якім бралі ўдзел дваццаць мастакоў і музыкантаў з Беларусі, Расіі і Узбекістана. Пленэр стаў штогадовым. У межах святкавання юбілею адбылася навуковая канферэнцыя, а пазней у мясцовых СМІ з’явіўся цэлы шэраг артыкулаў, прысвечаных творчасці мастака. І, што немалаважна, у выніку апытанкі, якая была праведзена сярод жыхароў горада і раёна, у Пружанах з’явіліся вуліцы ў гонар славутых землякоў — Станіслава Жукоўскага і Юзафа Крашэўскага. 

ЗАСТАЛОСЯ СКАЗАЦЬ 

Сапраўды, пасля такіх знакаў пытанне аднаў- лення іх сядзіб — проста пытанне часу. Але ж ці не ў тым, каб мы ведалі і шанавалі сваё, і заключаецца мэта патрыятычнага выхавання? А што можа быць лепей, чым пабываць у сядзібе творцы і пачуць пра асобу ды адчуць ягоны час у “жывым месцы”, а не ў чыстым полі ці ў хмызах? 

Зразумела, многае яшчэ належыць даследаваць і нямала прыйдзецца папрацаваць у архівах, нямала будзе зламана дзідаў у спрэчках. Але мы да таго гатовыя. 

Газета "Культура" №23 ад 10 чэрвеня 2023 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара і архіўныя