Будзе смачна!

Апублiкавана: 16 лiпеня 2023 Стужка Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

Пэўна, менавіта так трэба анансаваць каравай-фэст “Бацькава булка”, які разгорнецца 19 жніўня ў Свіслачы. Прынамсі, тыя, каму пашчасціла трапіць на свята летась, узгадваюць прынадныя прысмакі. 

Тады вуліцы горада з самага ранку былі напоўнены водарам свежага хлеба. Духмяныя боханы пякліся ноччу. Рупілася мясцовая знакамітасць — Свіслацкі хлебазавод. Той самы, дзе нарадзіўся брэнд булачкі-пляцёнкі, якая прыйшлася даспадобы Прэзідэнту. Народная любоў да свайго хлеба ператварылася ў вялікі каравай-фэст, на які ў мінулым годзе з’ехаліся пекары з усіх куткоў краіны. 

Сёлета ўнікальнае свята беларускага хлеба і хлебаробаў, ідэя якога ўзнікла пасля візіту ў Свіслач Кіраўніка дзяржавы, пройдзе ў другі раз. Старт каравай-фэсту дасць цырымонія ўрачыстага адкрыцця. Пасля распачнуцца конкурсы прафесійных пекараў “Бацькаўшчына” і аматараў “Матулін каравай”. Адмыслоўцы з розных абласцей Беларусі прадэманструюць сваё майстэрства. Для ўдзельнікаў і гасцей свята таксама запланаваныя эстафеты “Бацькаўшчына”, “Беларускі асілак”, байкер-шоу ды іншыя забаўлянкі. Завершыцца каравай-фэст канцэртам зорак эстрады і маладзёжнай дыскатэкай.