Учора, сёння і заўтра рэгіянальнай культуры

Апублiкавана: 16 лiпеня 2023 Стужка Бібліятэкі не указан Пазіцыя

Аўтар: РАГІН Яўген

Не прэтэндую на ісціну ў апошняй інстанцыі. (Як і заўжды, дарэчы.) Больш за тое, я не гісторык і не збіраюся жангляваць гадамі і эпохамі. Задача не тая. Спрабую асэнсаваць развіццё рэгіянальнай культуры. І прыходжу да высноў, нечаканых нават для самога сябе. 

ЗАМЕСТ УСТУПУ 

Для таго, каб зламаць дрэўца ці запэцкаць ліфт, душэўныя парыванні — залішнія. Пры адсутнасці выхавання буяе хамства. А вось для таго, каб дрэўца пасадзіць ды ліфт адскрэбці, не абысціся без любові. Да сябе, грамадства, жыцця. Любоў прарастае з культуры. У нас увогуле ўсё добрае — ад любові і кахання. Усё кепскае — ад поўнай адсутнасці гэтых пачуццяў. Словам, культура — гэта пачуцце. Пра яго эвалюцыю і гаворка. 

ШТО БЫЛО 

Бібліятэкі. Не ведаю, што чытаў Вітаўт і ці чытаў ён увогуле. Цалкам верагодна, што асноўнай тады была азбука нажавога бою. Неаспрэчна адно: княжацкай адукацыяй займаліся лепшыя носьбіты культуры. Тады, напэўна, і зарадзілася летапіснае краязнаўства. Ці можа быць князь без любові да роднай зямлі? 

Праз час у магнацкіх бібліятэках з’явіліся лепшыя ўзоры творчасці Гутэнберга і Скарыны… Сям-там музейшчыкі распавядалі мне, што кнігазборамі шляхты карыстаўся і люд паспаліты. Мудраму магнату патрэбныя разумныя памагатыя. Абавязкова знойдуцца тыя, хто зазначыць: магнаты — крывасмокі. Не адмаўляю. Як і таго, што сялянская культура заўжды нараджалася ў пакутах. 

Час перайсці да хатаў-чытальняў. Сваю задачу яны выканалі. Прынамсі, ніхто цяпер не ставіць замест подпісу крыжык. Старыя вяскоўцы згадвалі, што асабліва прасунутыя стараліся завесці хатнія бібліятэкі. Не пад прымусам, а з любові да прыгожага разумнага слова. У такіх кнігазборах налічвалася ад трох да дзесяці выданняў: чытанкі для дзяцей, штосьці па сельскай гаспадарцы і абавязкова “Новая зямля” Коласа… Менавіта сяло дала нам пераважную колькасць літаратурных класікаў. А вясковая тэматыка надоўга засталася вядучай тэмай беларускіх твораў. 

Рэгіянальная культура для мяне — культура сельская. Мегаполісы прапахлі бензінавымі выхлапамі ды набрынялі нашымі грахамі. Вясковыя крыніцы — заўжды чыстыя і шчырыя, як дзіцячая сляза.

Клубы. Ад замкавых баляванняў ды палацавых балаў адразу скокнем да царскага кіравання. Дзе нашы продкі вучыліся танцаваць “Лявоніху”? Арандавалі ў складчыну хату. Гаспадары радаваліся лішняй капейчыне. Яны і бульбу для гасцей гатавалі, і штосьці яшчэ даставалі на стол з дальняй паліцы. Але рэй вёў, натуральна, гарманіст — першы чалавек на сяле. 

Потым пачалі ўзнікаць савецкія СДК. У калгасах-мільянерах не скнарнічалі і ўзводзілі нат двухпавярховыя палацы культуры. 

Раённыя дамы рамёстваў. Дзе не надта радзіла жыта, там развіваліся ганчарства, разьба, маляванка з выцінанкай. Ткалі і вышывалі ў кожнай без выключэння хаце. Асаблівай пашанай карысталіся кавалі. Словам, рамёствы, даведзеныя да ўзроўню народнага мастацтва, адраджаць не трэба было. Яны былі часткай сялянскага жыцця. 

Музеі. Які ты шляхціц, калі ў палацы няма карціннай галерэі і калекцыі, скажам, халоднай зброі? Пры жаданні ўсе гэтыя экспазіцыі можна назваць музейнымі. 

Пазней з’явіцца крыху іншы музейны стандарт: мамантавая костка, пудзіла ваўка, гусарскі ківер ды будзёнаўка, макет электрастанцыі… Самы арыгінальны музей я бачыў у Санкт-Пецярбургу. Ён прысвячаецца вадзе. Нам бы такі ў Докшыцах, дзе ёсць фэст дзвюх рэк! Але, даруйце, я трошкі адхіліўся. 

Дзіцячыя школы мастацтваў. Прыгонная балетная трупа Сямёна Зорыча са Шклова, мастацкія вандроўкі Язэпа Драздовіча, прыгонныя тэатры, што дзейнічалі ці не ў кожным маёнтку… Усё гэта і многае іншае натхняла нашых продкаў на стварэнне ўнікальнай культурнай прасторы, дзе былі настаўнікі і вучні. Мяне асабіста цікавіць вось якое пытанне: хто навучыў нашых хлопчыкаў рабіць скрыпкі ды граць на іх? Падаецца, няма ў Еўропе аналагаў такой пераемнасці. Геніяльныя Страдзівары і Амаці — выключэнні. Вандроўныя беларускія скрыпачы — норма жыцця. 

Варта дадаць і тое, што ролю ДШМ працяглы час выконвалі гімназіі, дзе выкладалі фехтаванне, вершаскладанне, танец. 

ШТО ЁСЦЬ 

Самы балючы для мяне раздзел. Наша вёска знікае, як цукар у кіпені. Уражанне такое, што неўзабаве застануцца сталіца, абласныя і раённыя цэнтры, лічаныя аграгарадкі. Не дай Божа! Але факты застаюцца фактамі. 

Кадры. Яны — пенсійнага ўзросту. Вышэйшыя навучальныя ўстановы сферы працуюць збольшага на мегаполісы. Рашучаму аргументу: “Ну, куды ж у вёску з вышэйшай адукацыяй!” — вось так адразу і не запярэчыш. Між тым паехаў жа аднойчы Колас настаўнічаць у Люсіна і на вякі праславіў палескую вёсачку. 

Бібліятэкі. Сям-там парк камп’ютарнай тэхнікі састарэў. Кнігі ў бібліобусе па-ранейшаму возяць у скрыначцы. Бібліятэкі сямейнага чытання ўзнікаюць не столькі з прычыны татальнай цягі да прыгожага слова, колькі праз аптымізацыю: не стае грошай для ўтрымання і дзіцячай, і дарослай ўстаноў. 

Клубы. Апошнім часам я бачыў установы, дзе культурным выхаваннем займаецца толькі адзін (!) творчы работнік. Апаратура для канцэртных і танцавальных вечароў таксама патрабуе рэгулярнага абнаўлення. Не паўсюль ёсць перасоўныя клубныя ўстановы. 

Музеі. Брэндавых, на мой погляд, мала. Ёсць установы, дзе ломяць галовы: “А што размясціць пад экспазіцыйным шклом?” Раённыя музеі працуюць збольшага без транспарту, які патрэбны і для экспедыцыйнай дзейнасці, і для працы ў вясковых умовах. 

Дзіцячыя школы мастацтваў. У навучальных установах ёсць, бадай, адзінае пытанне, што патрабуе неадкладнага вырашэння. Маю на ўвазе замену зношаных музычных інструментаў… 

І ўсё ж караван ідзе. Ладзяцца выставы, канцэрты, фэсты, працуюць летнія чытальні ў скверах ды парках. У чарговы раз схіляю галаву перад тымі, хто зберагае і памнажае нацыянальны культурны скарб. Дзякуй! 

ШТО БУДЗЕ

Браты Стругацкія сцвярджалі, што пісаць трэба альбо пра тое, што ведаюць усе, альбо пра тое, чаго не ведае ніхто. Паспрабую заняцца другім… 

Нашы праўнукі будуць жыць у вясковых катэджах, а працаваць — у гарадах. Статус апошніх зведзены да офісных і вытворчых функцый. Устаноў культуры няма! Іх з поспехам замяняюць сям’я і школа. Далей — пра сутнасць пераўтварэнняў. 

Бібліятэкі. Кніжны збор прадзеда, дзеда, бацькі стане асновай хатняй пачатковай эстэтычнай адукацыі. Астатні кніжны фонд — у Сеціве. Пры наяўнасці пэўнага набору камп’ютарнай тэхнікі можна заняцца хатнім кнігадрукаваннем. Уяўляеце, якія з’явяцца анталогіі! (Не веру, што электронныя выданні цалкам заменяць папяровыя.) Імгненна знойдуцца калекцыянеры тых анталогій. Хтосьці пакрыўдзіцца: калі не будзе бібліятэкара, хто параіць, за якую кнігу брацца? Мама параіць. 

Дзіцячыя школы мастацтваў. Вось яны дакладна застануцца. Яшчэ і абавязкі свае пашыраць: стануць цэнтрамі сямейнай творчасці. Бацькі разам з дзецьмі змогуць патанчыць, паспяваць, памаляваць, заняцца тэатральным мастацтвам і нацыянальнымі рамёствамі… Тут будуць дзейнічаць філарманічныя пляцоўкі для выступленняў прафесійных артыстаў. Словам, патрэба ў сельскіх клубах адпадзе. А фэсты стануць полем дзейнасці для актывістаў органаў мясцовага самакіравання. 

Дамы рамёстваў і іх філіялы. Таксама скасуюцца, бо стануць структурай сярэдняй адукацыйнай школы, а майстры народнага мастацтва — яе выкладчыкамі. Урэшце працоўнае навучанне цалкам будзе прысвечана асваенню традыцыйных беларускіх рамёстваў. 

Музеі. Яны таксама застануцца. Стануць хіба што больш інтэрактыўнымі ды самабытнымі. Пра Музей вады я ўжо казаў. А як вам Музей добрага настрою дзе-небудзь паміж Сожам і Дняпром?! І не абавязкова ў Аўцюках… 

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ 

Пачуцці кіруюць светам, пачуцці любові, кахання і дабрыні. 

Пішу гэтыя радкі, а за акном засяроджаныя людзі ў апельсінавых камізэльках размахваюць механічнымі косамі. Другі ўкос гарадскіх траў ці, як у нас прынята іранізаваць, нарыхтоўка сена на асфальце. А мне мроіцца закінутая беларуская вёска, дзе пустазелле — у пояс, а праз спарахнелы клубны дах прарастае бярозка… 

І ўсё ж я веру. 

Яўген РАГІН