Прыбраць перашкоды

Апублiкавана: 18 лiпеня 2023 Стужка Бібліятэкі не указан Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Дзяржава гарантуе людзям з інваліднасцю роўныя магчымасці для рэалізацыі правоў і ўдзелу ў грамадскім жыцці. Тычыцца гэта і доступу да культурных набыткаў, развіцця творчых здольнасцей, якаснага адпачынку. “К” даведалася, як наша сфера крочыць да інклюзіі.

Міністр культуры Анатолій Маркевіч на пасяджэнні Рэспубліканскага міжведамаснага савета па правах інвалідаў адзначыў, што важны кірунак у дзейнасці галіны — паляпшэнне якасці жыцця і сацыяльная інтэграцыя людзей з інваліднасцю. Міністэрства забяспечвае безбар’ернае асяроддзе ва ўстановах і стварае ўмовы для рэалізацыі здольнасцей усіх ахвотных. Да прыкладу, больш чым 80 % сталічных аб’ектаў лічацца даступнымі. У рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасці, гэты паказчык значна ніжэйшы. Аднак да 2025 года сітуацыя мусіць палепшыцца: на 150 аб’ектах па-за Мінскам забяспечаць безбар’ернае асяроддзе. Работы прадугледжаны дзяржпраграмай “Сацыяльная абарона”. 

ЧЫТАННЕ БЕЗ МЕЖ 

Публічныя бібліятэкі надаюць увагу невідушчым і слабавідушчым карыстальнікам. Чытальныя залы абсталяваны адмысловай тыфлатэхнікай, працуюць гурткі камп’ютарнай пісьменнасці. Напрыклад, у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна з 2012 года дзейнічае тыфлакуток. Ён змяшчае спецыяльную машынку, якая сканіруе, распазнае і агучвае друкаваны матэрыял на 18 мовах. А з дапамогай праграмы павелічэння тэксту слабавідушчыя здольныя чытаць самастойна. Падобнае абсталяванне бясплатна даступнае і ў іншых буйных кніжных скарбніцах. 

Тактыльная экскурсія ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі

Па інфармацыі Міністэрства культуры, летась фонды папоўніла звыш 6,6 тыс. экзэмпляраў адаптаванай літаратуры. Найбольшую колькасць асобнікаў набылі ўстановы Брэсцкай вобласці. У бібліятэкі краіны прыходзіць расійскі штомесячны часопіс “Літаратурныя чытанні”, выкананы рэльефна-кропкавым шрыфтам, і іншая перыёдыка. Таксама наведвальнікі могуць замовіць аўдыякнігі. 

ДАКРАНУЦЦА ДА СПАДЧЫНЫ… 

Музеі Беларусі забяспечваюцца аўдыягідамі. У Гродзенскай вобласці і Мінску ўстановы аснашчаны цалкам, у астатніх рэгіёнах гэтая праца працягваецца. Таксама людзі з парушэннямі слыху могуць атрымаць звесткі праз інфакіёскі і тачпанэлі, якімі дапоўнены экспазіцыі. Падобныя элементы ёсць у новым музеі ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. 

Бібліятэчны тыфлакуток

Умовы для далучэння асоб з інваліднасцю да культурнай прасторы стварае Нацыянальны мастацкі музей. У 2019 годзе ўстанова пачала праект “Ажыўшыя карціны”, які мусіць пашырыць доступ да інфармацыі аб арт-спадчыне наведвальнікам з парушэннямі слыху. Запісаны відэаэкскурсіі на беларускай жэставай мове паводле тэкстаў навуковых супрацоўнікаў. Ахвотныя атрымаюць планшэт з гэтымі ролікамі бясплатна і выправяцца ў залы на знаёмства з палотнамі і скульптурамі. Абысціся можна і ўласным смартфонам, бо відэа таксама апублікаваны на Youtube-канале і на афіцыйным сайце музея. Наведвальнікам даступныя аповеды пра карціны “Мінск 3 ліпеня 1944 года” Валянціна Волкава, “Мой горад старажытны, малады” Мая Данцыга, “Няроўны шлюб” Васіля Пукірава ды іншыя перліны калекцыі. 

…І ПРАЯВІЦЬ ЗДОЛЬНАСЦІ 

Больш за 300 клубных фарміраванняў у краіне разлічаны на ўдзел людзей з інваліднасцю. Яркі прыклад уцягнення ў творчае жыццё — Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры. Яго задача — сацыялізацыя і інтэграцыя ў грамадства асоб з інваліднасцю праз мастацтва, стварэнне спрыяльнага асяроддзя для іх росту. “К” расказвала пра нядаўні кінапраект установы да Дня Перамогі. Але відэатворчасцю ў цэнтры не абмяжоўваюцца. Там дзейнічаюць 19 гурткоў розных кірункаў — ад жэставай песні і пантамімы да харэаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 

Удзельнікі творчых калектываў Гомельскага цэнтра інклюзіўнай культуры

НА БУДУЧЫНЮ 

У арганізацыях культуры ўкараняюцца маніторынгі даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю. У праверках удзельнічаюць чальцы грамадскіх аб’яднанняў. Аналіз выявіў недастатковую фізічную ды інфармацыйную даступнасць паслуг. Таму Міністэрства культуры ставіць задачай палепшыць умовы, у тым ліку праз сітуацыйную дапамогу. Па-ранейшаму актуальныя інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне сацыякультурнай рэабілітацыі і мерапрыемствы, якія сфарміруюць талерантныя адносіны грамадства да людзей з інваліднасцю і іх праблем. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з сайтаў устаноў культуры