Танцаваць — значыць аддаваць

Што стане справай майго жыцця? Адказ на гэтае пытанне наша гераіня знайшла яшчэ ў дзесяцігадовым узросце. Сёння студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Капусціна — прызёр Дэльфійскіх гульняў, супастаноўшчык творчага праекта “Лінія памяці. Код вайны”. Пра любоў да танца, творчыя ідэі ды планы таленавітая дзяўчына распавяла “К”.

— Па словах мамы, я была вельмі смелым дзіцем і з пачатковай школы ўдзельнічала ва ўсіх магчымых конкурсах. Я аказвалася ўсюды, дзе можна было выступіць на сцэне. Займалася вакалам, фартэпіяна, гімнастыкай. Мяне не трэба было прымушаць хадзіць у гурткі: любая актыўнасць, звязаная з мастацтвам, мне падабалася. Танцы прыйшлі ў маё жыццё, калі споўнілася пяць гадоў, я адразу ж палюбіла харэаграфію. Трэніроўкі амаль не прапускала — для гэтага мусіла быць надзвычай важкая прычына. 

ЛЁСАВЫЗНАЧАЛЬНАЯ СУСТРЭЧА 

Спецыяльную адукацыю Ірына атрымала ў Мінскім харэаграфічным каледжы мастацтваў. Падчас апошняга экзамену выпускнікоў наведалі прадстаўнікі БДУКМ і прапанавалі дзяўчыне працягнуць навучанне ва ўніверсітэце. Летась Ірына Капусціна паспяхова здала іспыты і стала студэнткай вышэйшай навучальнай установы па спецыяльнасці “Харэаграфічнае мастацтва (эстрадны танец)”. Менавіта там адбылася лёсавызначальная сустрэча з Вольгай Наўроцкай, старшым выкладчыкам кафедры харэаграфіі, якая ўбачыла ў нашай гераіні будучага паспяховага балетмайстра. 

— Асаблівых цяжкасцей ад вучобы ва ўніверсітэце я не чакала. Складанасці ўзнікаюць толькі ў плане часу, яго катастрафічна бракуе. Калі рабіць усё з любоўю да справы, то спаць даводзіцца тры гадзіны ў суткі — толькі так магчыма ўсюды паспець. Тут усё залежыць ад расстаноўкі прыярытэтаў. 

ЯК ПАБУДАВАЦЬ ЭМАЦЫЯНАЛЬНЫ МОСТ? 

У БДУКМ у дзяўчыны з’явілася магчымасць больш выступаць на сцэне з беларускімі артыстамі. Напрыклад, яна ўжо папрацавала з Алёнай Ланской, Ірынай Дарафеевай у рамках святочных канцэртаў да Дня Перамогі і “Славянскага базару ў Віцебску”. 

— Вядома, ёсць момант хвалявання перад выхадам, але гэта абсалютна нармальна. Даносіць са сцэны пачуцці і будаваць масты паміж гледачом і артыстам — гэта самае галоўнае шчасце! 

ЗАСЛУЖАНАЯ ЎЗНАГАРОДА 

Ужо на першым курсе ў студэнткі ўзнікла ідэя стварыць свой танцавальны праект. Вынікам гэтай задумы стала прызавое трэцяе месца на Дэльфійскіх гульнях. 

— У мяне быў досвед удзелу ў спектаклях, і менавіта пасля гэтага мне захацелася ствараць уласныя шырокафарматныя працы. Так і нарадзіўся праект “Inhale”. Спачатку нас было чацвёра, але паступова далучаліся новыя таленавітыя танцоры. На Дэльфійскія гульні мы і адправілі сваю першую сумесную працу ў фармаце відэа, бо адбор праходзіў дыстанцыйна. У нумары была закладзена наступная ідэя: у сучасных рэаліях людзі робяць акцэнт на фізічным свеце, грэбуючы ўнутраным, пошук балансу паміж імі, прыняцце кожнага складніка — неад’емны этап у жыцці кожнага. Мы вельмі ўдзячныя, што нашы старанні былі высока ацэнены на такім прэстыжным конкурсе. 

ЯК РАСКАЗАЦЬ ПРА ЖАХІ ВАЙНЫ? 

У маі адбылася прэм’ера праекта “Лінія памяці. Код вайны”, прысвечанага падзеям 1941— 1945 гадоў. Разам са сваёй выкладчыцай Вольгай Наўроцкай Ірына працавала над стварэннем спектакля, які быў удастоены гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры. 

— Сёлета на конкурсе “Дэнс Кангрэс” ставіла нумар “Лічбы на сэрцы”, які заняў другое месца. Танцоры з гэтага нумара ўдзельнічалі і ў праекце “Лінія памяці. Код вайны”. Пасля таго як я пачала працаваць менавіта з гэтымі дзяўчатамі, стала рабіць акцэнт на тое, каб раскрыць канкрэтнага артыста з яго самага моцнага боку. Раней была засяроджаная на малюнках, перастаноўках, цікавых формах. Гэта самы эмацыянальны праект, у якім я брала ўдзел. Працаваць над ім было вельмі цікава і адначасова складана. Гэта той момант, калі ты вельмі добра разумееш, пра што танцуеш, і ўкладаеш у кожны рух душу, каб усё знайшло адпаведны водгук у гледача. Варта адзначыць, што пастаноўка атрымалася адукацыйнай, бо ў ёй выкарыстоўвалася шмат фактаў пра вайну. Разам з эмацыянальнымным падмацаваннем уся гэтая інфармацыя ярчэй і мацней запомнілася публіцы. 

ГАДАВАЦЬ ЮНЫХ ЗОРАК 

У разуменні Ірыны паняцце “танцаваць” цесна звязана з дзеясловам “аддаваць”, а слова “харэаграфія” асацыюецца з любоўю. Ёй дзяўчына з радасцю дзеліцца са сцэны, на майстар-класах і трэніроўках. 

— Ідэй для пастановак хапае. Альбо мне пазначаюць задачу, альбо ў самой узнікаюць думкі. Праблем з натхненнем няма. Любая сітуацыя на вуліцы, у чалавечым асяроддзі, кожны заўважаны рух — калі пачаць шукаць і асэнсоўваць, — усё можна пераўтварыць у ідэю для пастаноўкі. У планах — стаць вядомым балетмайстрам і шмат выкладаць, а пакуль гадоў праз пяць буду працаваць з дзіцячымі групамі, каб гадаваць зорак. 

І мары Ірыны спраўдзяцца: выкладчыкі разгледзелі яе талент і прапануюць удзельнічаць у поўнамаштабных праектах, аднагрупнікі і знаёмыя з павагай і захапленнем адгукаюцца пра яе творчасць. І хай яе плённая праца паслужыць прыкладам для падрастаючага пакалення. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні