Птушка гліняная, птушка папяровая…

Можна пачаць нестандартна. Жылі-былі Вольга і Уладзімір Квашко, майстры ды таленты вялікія. Усё, да чаго дакранаюцца, у золата пераўтвараецца… А можна і звыкла гаворку павесці. Прыкладна так. Раённы дом рамёстваў у Сянно пераехаў з цеснага памяшкання на вуліцы Савецкай на шыкоўныя плошчы былой сярэдняй школы па вуліцы Кастрычніцкай. І пачалося зусім іншае творчае жыццё… Зрэшты, абодва пачаткі вымагаюць ад сённяшняга сюжэта цалкам казачнага зместу.

Як раіў Купала, паяднаем цноту з гарэзіяй. Інакш пісаць пра носьбітаў традыцыйнага мастацтва Сенненскага краю проста не выпадае. Яны звыкла робяць нязвыклае. 

ПЯЦЬСОТ КВАДРАТАЎ РАДАСЦІ 

Сённяшняя плошча Сенненскага РДР — 500 квадратных метраў. Метрамі і майстрамі-метадыстамі кіруе Вольга Квашко. Кіруе так, што і сантыметра вольнага няма на тых метрах. Не, хлушу. Месца крыху засталося для сувенірнага салона, які неўзабаве пачне дзейнічаць. 

Вольга Квашко

Вольга Квашко

Каля трох дзясяткаў людзей самага рознага ўзросту займаюцца ў гуртках ткацтва, керамікі, пляцення з саломкі і інкрустацыі ёю, пляцення паясоў, лозапляцення, роспісу, аднаўлення нацыянальнага касцюма. Праўда, творчыя маштабы ўражваюць? А ў РДР ёсць яшчэ вясковы філіял у Ходцах, дзе спрадвеку займаюцца лозапляценнем. Тут на сёння рэй вядзе Сяргей Грунтоў. 

САЛОМКА ДЛЯ ПОЯСА? ТАК! 

Без экспедыцыйнай дзейнасці вывучэнне этнаграфічных асаблівасцей раёна не мае належнай аддачы. З паўдзясятка пастаянных экспазіцый, якія збіраюць у РДР немалую колькасць экскурсантаў, — яскравы доказ таму, што супрацоўнікі дома рамёстваў не заседжваюцца ў сценах установы. 

Сваёй машыны ў РДР няма. Але для пошуку артэфактаў раённы цэнтр культуры прадстаўляе транспарт па першым патрабаванні. Аднак напісаць варта не толькі пра гэта. Мабільнасць транспартная цягне за сабой мабільнасць выдавецкую. Першае для майстроў краіны — справа звыклая. Другое… Прынамсі, я вельмі рэдка сустракаў выдавецка-рэкламныя шчыраванні ў РДР. 

Вольга Квашко сцвярджае, што яе падначаленыя не маюць асаблівай патрэбы ў сучасным абсталяванні. Ёсць усё і для экспедыцый, і для працы ў вясковым антуражы, і для выпускаў папяровай рэкламы, метадычных дапаможнікаў. Апошнія таксама рэкламуюць дзейнасць мясцовых умельцаў. Толькі адзін прыклад. 

Адзін з традыцыйных сувеніраў Сенненшчыны — гліняная свістулька ў выглядзе птушкі з каронай. Яе яшчэ называюць Глухароўскай, бо аўтар птушкі — Генадзь Глухароў

На Сенненшчыне вырабляюць паясы з саламянай, калі так можна казаць, інкрустацыяй. Традыцыя векавая і аналагаў у Беларусі не мае. Тэхналогія вырабу адмысловых паясоў прапісаная ў метадычках. Любы ахвочы можа прыдбаць мясцовае выданне. А паясы, аздобленыя саломай, далёка не адзіная фішка сенненскіх захавальнікаў спадчыны. 

МАЦІ АРНАМЕНТУ 

Невялічкі краязнаўчы экскурс. Сенненскі раён знакаміты вось чым: у вёсцы Шыркі нарадзіўся Пётр Машэраў, а ў вёсцы Машканы — Аляксандр Гаравец; у ліпені 1941 года пад Сянно адбылася велізарная танкавая бітва; у раёне ёсць вёска Рай, а ля вёскі Вароніна — валун, другі па памеры ў Беларусі… 

Але я цяпер — пра іншае. У вёсцы Клімавічы нарадзілася калісьці Матрона Маркевіч. Стала знанай ткачыхай. У 2015 годзе ў райцэнтры адкрылі памятны знак у гонар кабеты. Справа ў тым, што Матрона Сяргееўна — аўтар арнаменту, які ўзяты за аснову аздаблення Дзяржаўнага Сцяга Беларусі. 

Уладзімір Квашко

Уладзімір Квашко

Вольга Квашко распавядае, што арыгінальны ручнік майстрыхі захоўваецца ў мясцовым музеі. А яго дакладная рэканструкцыя — у раённым доме рамёстваў. 

— Кожную нітачку падлічылі, — кажа Вольга Яўгенаўна. — Натуральна, размова з наведвальнікамі пра развіццё нашага традыцыйнага ткацтва не абыходзіцца без расповеду пра талент Матроны Маркевіч. 

А я вельмі здзіўляюся, чаму Сенненскі раён не стаў пакуль турыстычнай Меккай. Напэўна, ёсць у гэтым і наша, журналісцкая віна. А сенненскім майстрам, відаць, варта прадаваць свае буклеты на мінскіх вуліцах…

КАРОНА ДЛЯ СВІСТУЛЬКІ 

Пакрысе падбіраюся да галоўнага. Маўляў, не хутка казка распавядаецца… 

Адзін з традыцыйных сувеніраў Сенненшчыны — гліняная свістулька ў выглядзе птушкі з каронай. Яе яшчэ называюць Глухароўскай, бо аўтар птушкі — Генадзь Глухароў з Папоўкі. Яго ўжо няма з намі. І казачныя птушкі яго паразляцеліся. Аднак казка не павінна заканчвацца. 

Дык вось… Жылі-былі Вольга і Уладзімір Квашко. Абодва — майстры. Не буду тлумачыць, як і дзе звязаў іх лёс, бо і мне гэта невядома. Адбылося ўсё, відаць, дзесьці за аблокамі, бо творцы заўжды вышэйшыя за іх. Пагатоў калі творчасць гэтая — каранямі з народнага мастацтва. Вольга стала выцінаншчыцай, а Уладзімір — ганчаром. Да слова, іх сын, дзевятнаццацігадовы Іван, асвоіў і выцінанку, і кераміку. Так што казцы доўжыцца… 

Менавіта Уладзімір адрадзіў Глухароўскую свістульку. За лічаныя гады зрабіў каля дзвюх тысяч “каранаваных” птушачак. Чародка гэтая сёння радасна лунае ці не над усёй Беларуссю. 

І немалаважнае: у сувенірнай краме тры артэфакты будуць брэндавымі: свістулька, выцінанка і напаўсаламяны пояс, бо ўсе яны займелі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. 

ЯШЧЭ АДНЫ КРЫЛЫ 

А вось зараз — пра галоўнае. Але без лірычнага водступу і тут не абысціся. Вельмі радуе, што летуценнік Уладзімір Караткевіч застаецца не толькі неўміручым класікам, але і натхняльнікам усіх шчырых людзей на адданае служэнне Бацькаўшчыне. Чарговы праект РДР Вольга Яўгенаўна назвала “Зямля пад белымі крыламі” (не першая і, спадзяюся, не апошняя). Галоўная дзейная асоба праекта — выцінанка. А галоўнай выцінаншчыцай застаецца кіраўніца ўстановы. 

— На нашых выцінанках — буслы, — кажа Вольга Квашко. — Гэта сімвал міру, стваральнасці. Птушкі — захавальнікі дабрабыту беларускай сям’і. Дом, ля якога ёсць буслянка, шчаслівы, заможны і шматдзетны… 

У штаце РДР — пяць метадыстаў. Усе яны дапамагаюць спадарыні Вользе ў вырабе “бусляных” выцінанак. Больш за тое, да рэалізацыі праекта падключаюцца арганізацыі і прадпрыемствы, зусім маленькія жыхары раёна і сталыя людзі. 

Сутнасць праекта здзіўляе казачнасцю. Законы жанру вымагаюць. Выцінанку ў Сянно вучаць лятаць. У глінянай птушкі з’явілася папяровая сястра. А лятаць яна будзе 17 верасня, у дзень аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. І будзе гэта чарговым святам зямлі пад белымі крыламі. 

БАНЗАЙ, ІКЕБАНА? 

А высновы ад пачутага ды ўбачанага наступныя. Рухальная сіла творцы — жаданне вучыцца і развівацца. Я шмат гадоў сачу за Вольгай Яўгенаўнай і яе домам рамёстваў. З упэўненасцю зазначаю: тут пастаянна вучацца і развіваюцца. 

Да месца пэўныя абагульненні. Не буду называць раённыя дамы рамёстваў з брэндавымі вырабамі, традыцыя якіх бярэ пачатак шмат стагоддзяў таму. Усё цудоўна ведаюць, адкуль тыя ручнікі, задымлены гліняны посуд, скрыпка з саломы, веласіпед з лазы, лялькі-абярэгі і роспіс па шкле. 

Цяпер — пра адваротнае і адмоўнае. Хіба ж сакрэт, што ёсць РДР, дзе сцены збольшага голыя? А ў гуртках займаюцца ікенбанай, бісерапляценнем, індыйскім танцам. Не прыдумаў, на ўласныя вочы бачыў увесь гэты экзот. Выпраўляйцеся, спадарства, у Сянно, заблукайце на пяцістах квадратных метрах, здзівіцеся, пазайздросціце і адчуйце ўрэшце свой абавязак перад Радзімай! 

А мяне цяпер цікавіць, каго і на што натхніць Караткевіч у наступны раз? 

Яўген РАГІН