По­вязь ча­соў

Ад палеаліту да лічбавай эпохі — уяўную нітку між вякамі працягнуў Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Установа прэзентавала экспазіцыю па выніках міжнароднага фестывалю “ТэкСтыльны букет”. Выстава дэманструе невычэрпныя магчымасці для эксперыментаў, якія адкрывае даўні від творчасці.

Даследчыкі лічаць мастацтва тэкстылю адной з найбольш старажытных формаў самавыяўлення чалавека. Перадусім узнікла віццё і пляценне, пазней — ткацтва на прымітыўных станках. З цягам часу ўзбагаціўся арсенал матэрыялаў і тэхнік, а разам з тым змяніліся функцыі твораў. 

Цяпер актуальны тэрмін “мастацтва валакна”, бо апроч нітак аўтары пачалі выкарыстоўваць метал, дрэва, пластык і іншую нетрадыцыйную сыравіну. А яшчэ ў другой палове мінулага стагоддзя работы “вырваліся” з плоскасці: побач са звыклымі габеленамі ды бацікамі на выставах з’явіліся трохмерныя аб’екты, сапраўдныя тэкстыльныя скульптуры. Як правіла, іх ужо нельга аднесці да выключна дэкаратыўных, а тым больш да ўжытковых. Гэта паўнацэнныя канцэптуальныя работы, якія нярэдка падпадаюць пад катэгорыю манументальных. “ТэкСтыльны букет” якраз адлюстраваў разнастайнасць падыходаў, сабраў на адной пляцоўцы смелых наватараў і прадаўжальнікаў творчых звычаяў. 

Да вытокаў гледача вяртаюць працы Святланы Еўдакіменка ў тэхніцы ўзорнага рамізнага ткацтва і ажурныя ручнікі Марыны Гушчы з Гарадка. У атачэнні даўніх прадметаў побыту, у тым ліку інструментаў для прадзіва, дэманструецца аўтэнтычны тэкстыль мінулага стагоддзя. Узірацца ў сучасныя палотны, вырабленыя на бабулін лад, ніколі не надакучыць. Здаецца, майстар можа бясконца аднаўляць старыя эталоны — і ўсё адно здзіўляць патрабавальную публіку. Ці здолее нехта патлумачыць гэты феномен? Мастачка Ала Непачаловіч аднойчы распавядала, як у маленстве любіла разглядваць падораную цёткай старадарожскую посцілку, падобную да зорнага неба, і вадзіць рукою па залацістых узорах на чорным фоне. Можа, таму і застаюцца прыцягальнымі такія тканіны: пераносяць у бесклапотную пару і даюць пагутарыць з тымі, каго ўжо няма побач. 

Захапленне традыцыямі выяўляюць выхаванцы бабруйскай студыі “Майстрыха.by” пад кіраўніцтвам Гульнары Качан. Іх калекцыя “Сцежкамі продкаў” уключае больш за 60 народных лялек — абрадавых, абярэгавых, гульнявых. Самым папулярным у юных творцаў стаў вобраз Берагіні. Размешчанае ў покуці, яе ўвасабленне бараніла хату ды ўсю сям’ю ад розных няшчасцяў. 

Сярод задач фэсту названа інтэграцыя традыцый у сучасную сацыяльна-культурную сферу. І тэкстыльным тэхнікам з глыбокімі каранямі пашанцавала трапіць у мэйнстрым. Да прыкладу, лапікавае шыццё вядомае розным народам спрадвеку — і яно дагэтуль не страчвае папулярнасці. Тэхніку, што з’явілася праз ашчаднасць гаспадынь, перахапілі славутыя дызайнеры. Вырабы з былых ва ўжытку рэчаў зноў карыстаюцца попытам, бо адпавядаюць сучаснай канцэпцыі ўсвядомленага спажывання і адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Неардынарныя напрацоўкі ў лапікавым шыцці дэманструюць майстрыхі з мінскага квілт -клуб а “Валошкі”. Пастаянныя ўдзельніцы і натхняльніцы фестывалю прэзентавалі новы праект “Родны сэрцу горад мой”. Ён уяўляе сабой калейдаскоп пазнавальных мінскіх краявідаў. У серыях мінулых гадоў рукадзельніцы гуляюць з вобразам зорнага неба і матывамі слуцкіх паясоў. 

Аўтары даказваюць, што тэкстыльнае мастацтва здольнае мець глыбокі канцэптуальны складнік, не абмяжоўвацца функцыяй упрыгажэння.

Маладых беларускіх і аўстрыйскіх аўтараў аб’яднаў праект “Вокны і масты”. Яго куратары Мануэль Вандл і Хрысціна Высоцкая прапанавалі ўдзельнікам пераасэнсаваць значэнні вокнаў і мастоў з дапамогай мовы мастацкага тэкстылю і змешаных тэхнік. Так нарадзіліся больш за 30 плоскасных, аб’ёмных і аб’ёмна-прасторавых твораў. 

Адмыслова для “ТэкСтыльнага букета” студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў распрацавалі калектыўны праект “Лесвіца”. У назве закладзена не толькі месца экспанавання: прыступкі трактуюцца як злучальнае звяно між зямным і нябесным светамі. У інсталяцыях, якія нібыта лунаюць у паветры, творцы раскрываюць тэмы пераемнасці пакаленняў, трансфармацыі, руху і развіцця, разнастайнасці навакольнага асяроддзя. Словам, аўтары даказваюць, што тэкстыльнае мастацтва здольнае мець глыбокі канцэптуальны складнік, не абмяжоўвацца функцыяй упрыгажэння. Выстава працуе да 30 ліпеня. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА