Трэба весела жыць і добра!

Апублiкавана: 06 жнiўня 2023 Нам пішуць Традыцыі Гомель і вобласць

Аўтар: Аўтары

Чарговы раз Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2023” сабраў аматараў жартаў і забаў. 

Вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі аграгарадок Малыя Аўцюкі ў Калінкавіцкім раёне трымае марку сталіцы народнага гумару і раз на два гады запрашае на дзіўны фэст. Добра тут кожнаму: і таму, хто заўсёды на пазітыве, і таму, у каго настрой не вельмі. Аўцюкоўскія жарты — найлепшыя лекі. Нездарма ж мясцовыя кажуць: “Каб жыць добра і весела, трэба весела жыць і добра!” 

Хто б ні трапіў на падзею ў гэтым годзе, яго тут жа ўцягвалі ў якоенебудзь дзейства. Зразумела, гумарыстычнае. Праўда, перш-наперш належала прайсці аўцюкоўскую мытню. Пашпарт не прасілі, а вось які-небудзь анекдот ці жарт успамінаць даводзілася. Сёлета ў “штаце” мытні нават з’явіўся доктар, які хуценька мераў неверагодным тэрмометрам градус весялосці гасцей. А далей было так званае “швэнданне па падворках”. Так-так, удзельнікі мерапрыемства рабілі сапраўдныя гаспадарчыя падвор’і з імітаванымі калодзежамі, хлявамі, хатнімі жывёлінамі — намаляванымі ці сплеценымі з лазы — і, зразумела, з пачастункамі. Сала, бульба, бліны, юшка, дранікі — адным словам, усе любімыя вясковыя прысмакі беларусаў. Ешце і атрымлівайце асалоду! Падумалі жартаўлівыя аўцюкоўцы і пра тых, хто баіцца лішніх кілаграмаў. На сёлетнім фестывалі адчыніла дзверы фірменная аўцюкоўская пластычная нехірургія. Боязь выганялі ў адзін момант: накідвалі вялізны халат, і пацыент дзівіўся, як хутка мясцовыя нехірургі вырашалі праблему. 

Але так проста з падворкаў нікога не адпускалі. Малыя Аўцюкі — сталіца гумару, таму госці ўдзельнічалі ў актыўнасцях, падрыхтаваных гаспадарамі. Напрыклад, укручвалі лямпачку па-аўцюкоўску. Як гэта? Чалавек сядаў з лямпачкай у выцягнутых уверх руках, і яго круцілі на табурэтцы. Калі добра пастарацца, дык яшчэ і дыплом сапраўднага аўцюкоўца атрымаць можна было. Дарэчы, мне выдалі. 

Аўцюкоўцы — людзі не толькі вясёлыя, але і добразычлівыя. Для тых, хто стаміўся хадзіць, працавала драндулет-таксі. “Садзіся, давязём з ветрыкам, куды трэба!” — запрашаў кіроўца. 

Машыны сталі важным упрыгожаннем адзінаццатага фестывалю. Уладальнікі аўтамабіляў і матацыклаў прыехалі на фэст, каб прыняць удзел у выставе драндулетаў. Галоўнае патрабаванне было простае — каб “што ні драндулет, то рарытэт”. 

Адным словам, забаў і жартаў, як заўсёды, у Малых Аўцюках — хоць адбаўляй. Мясцовыя калінкі і каласкі — менавіта так тут называюць дзяўчат і хлопцаў — штодзень жывуць з гумарам, а два святочныя дні памножылі яго ў колькі разоў. 

ХІ Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2023” скончыўся. Нагадваць аб свяце жыхарам і гасцям аграгарадка будзе “Аўцюкоўская кветка” з адзінаццаццю пялёсткамі — традыцыйна ў памяць пра падзею ў вёсцы ўстанаўліваюць новую архітэктурную форму. 

Наталля СЯРГЕЕВА 

Фота аўтара