Музы любяць працавітых

Апублiкавана: 09 жнiўня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі займае асаблівае месца сярод музычных школ і ліцэяў Беларусі. Гэта айчынны флагман падрыхтоўкі высокапрафесійных маладых музыкантаў, які на працягу многіх гадоў захоўвае высокі творчы статус і бездакорную рэпутацыю “гадавальніка” будучай музычнай эліты. Пра асаблівасці адбору, навучання і перспектывы выпускнікоў карэспандэнту “К” распавяла дырэктар установы Наталля Кароціна.

— Наталля Аркадзеўна, ці дарэчы называць вашу навучальную ўстанову элітарнай? 

— Мабыць, хтосьці лічыць, што сюды вельмі складана паступіць, не маючы сувязей, але гэта не так. Наша школа даступная абсалютна любому дзіцяці. Іншая справа — узровень яго здольнасцей. Прынамсі пры паступленні праходзіць іх праверка. 

— Наколькі яна складаная? 

— Каб падтрымліваць высокі ўзровень падрыхтоўкі, патрэбныя вельмі строгія крытэрыі першапачатковага адбору. Большасць тых, хто паступае да нас у другі клас, прайшлі праз падрыхтоўчую групу. Гэта адна з многіх нашых традыцый. Мы спецыяльна рыхтуем дзетак да паступлення. І бацькі прыводзяць іх ужо ў пяць і нават у чатыры гады. Дзякуючы таму, што мы іх вучым з самага ранняга ўзросту, дасягаюцца вынікі, якія маем. 

— Другі клас — гэта ўсяго восем гадоў дзіцяці. А вы кажаце пра пяць і чатыры... Які ж конкурс сярод іх, колькі дзяцей прыводзяць бацькі? 

— Мы выконваем усе кантрольныя лічбы прыёму. Сёлета конкурс быў прыкладна паўтара чалавека на месца. Тут ёсць адзін тонкі нюанс. Некаторыя бацькі прыводзяць васьмігадовых дзяцей без усялякай падрыхтоўкі. Але ў нас ёсць конкурс сярод тых, хто ўжо прайшоў падрыхтоўчае аддзяленне. Таму важна разумець, што пачынаць музычную падрыхтоўку дзіцяці неабходна ў пяць-шэсць гадоў. Ёсць спецыфіка фізіялагічная. Тое, чаму можна навучыць маленькія ручкі ў гэтым узросце, ужо немагчыма засвоіць у восем-дзесяць гадоў. Бываюць, вядома, выключэнні. Але на тое яны і выключэнні. 

— Хіба можна ў такім юным узросце вызначыць, ці выйдзе з дзіцяці музыка-віртуоз? 

— Музычныя здольнасці будуць чутныя і бачныя, асабліва выкладчыку з вялікім педагагічным вопытам. А ў нас менавіта такія. Большасць — з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і стажам працы больш за 15 гадоў. Яны літаральна “скануюць” дзетак на праслухоўванні. 

Нават у самых маленькіх пры прыёме ў падрыхтоўчую групу мы правяраем здольнасці да рытму, уменне інтанаваць і чуць рэгістроўку, музычную памяць і артыстызм. А пры паступленні ў другі клас ацэньваецца ўзровень музычнай падрыхтоўкі дзіцяці, тое, чаму яно ўжо навучылася. 

— Пасля такога жорсткага адбору ці ёсць нейкі адсотак адсеву падчас вучобы? 

— Такое здараецца: пасля чацвёртага класа пачатковай школы адбываецца яшчэ адзін адборачны этап. Але важна разумець, што тут няма слабых дзяцей. Бывае, камусьці занадта цяжка вытрымліваць нашы нагрузкі. Тады мы раім бацькам падабраць больш спрыяльны рэжым. Бываюць і такія выпадкі, што дзеці стамляюцца і сыходзяць ад нас самі. А праз год-два вяртаюцца. Нашы дзверы заўсёды для іх адчыненыя. 

— Заняткі музыкай не дадуць плёну без руплівасці і стараннасці. Якім чынам у вашай установе вырашаецца пытанне прывучвання дзяцей да гэтай цяжкай працы? 

— Гэта вельмі важнае пытанне. Без бацькоў, асабліва на пачатковым этапе, ніяк не абысціся. Вялікі дзякуй нашым выдатным мамам-татам, дзядулям і бабулям. У нас жа часцяком як? Калі паступае дзіця, то “паступае” разам з ім і ўся сям’я. Ніяк без гэтага. Мы з самага пачатку кажам, што дзецям прыйдзецца шмат працаваць. 

— Які сярэдні бал па агульнаадукацыйных прадметах у выпускнікоў дзявятага класа? 

— Мы якраз нядаўна гэта правяралі. Больш за 8. Па музычных прадметах — каля 9. У нас немагчыма дрэнна вучыцца. Калі бачым, што дзіцяці цяжка, з дапамогай падключаецца педагог па спецыяльнасці. Маральная падтрымка і асабісты прыклад многае значаць, каб падрыхтаваць людзей спагадлівых, гатовых прыйсці на выручку. У нашых шматлікіх творчых калектывах дзеці вучацца супрацоўнічаць, сумесна ствараць прыгожае. 

— План прыёму дазваляе ўсім выпускнікам гімназіі перайсці ў каледж? 

— У нас заўсёды конкурсная сітуацыя. У каледж трапляюць наймацнейшыя. Але вынік паступлення ні для каго не з’яўляецца сюрпрызам. Усе здаюць экзамены і канкурыруюць з найлепшымі выпускнікамі музычных школ краіны, што таксама прыязджаюць да нас паступаць. Тут важна адзначыць: гімназія-каледж прымае навучэнцаў з усёй Беларусі. Для іншагародніх у нашым інтэрнаце ёсць 72 месцы, і яны практычна ўсе занятыя. 

Таксама ў нас навучаюцца і замежныя грамадзяне, пераважна з Кітайскай Народнай Рэспублікі.

— Акрамя падрыхтоўкі выканаўцаў высокага ўзроўню, якія задачы вы вырашаеце? 

— Выхаванне. Мы праводзім вялікую працу. Прыводзім прыклады, у тым ліку ўласных сем’яў. Расказваем пра гістарычную праўду аб бедах і подзвігах у часы Вялікай Айчыннай вайны, рэгулярна ўдзельнічаем у святкаванні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. 

Спецыфіка нашай установы яшчэ і ў тым, што дзеці паспяваюць адначасова вучыцца, займацца музыкай і гастраляваць. Гэта значыць, мы паўнавартасна рыхтуем іх да ладу жыцця ў будучай прафесіі. 

— Ці многія вашы выпускнікі прысвячаюць сябе педагагічнай дзейнасці? 

— Большасць з іх становяцца выкладчыкамі. Напрыклад, многія аркестранты, прапрацаваўшы гады ў знакамітых калектывах, хочуць перадаць вопыт і веды. У каледжы мы невыпадкова даём сваім выпускнікам кваліфікацыi “выкладчык” цi “музычны кіраўнік”. 

— Дарэчы, якія перспектывы выпускнікоў вашага каледжа? 

— Большасць імкнуцца паступіць у профільныя музычныя ВНУ. Найперш — у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. 

— З матэрыяльнай базай у вас праблем няма? 

— Наша матэрыяльная база дазваляе ў поўнай меры раскрыць творчы патэнцыял кожнага дзіцяці. Мы вельмі ўдзячныя Прэзідэнту і Міністэрству культуры за каласальную падтрымку. 

Віктар ГАЎРЫШ