Як песня прывівае любоў да роднага

Запал бывае заразлівым. Гэта — пра шчырую прыхільнасць да фальклору, якую ўсяляе ў сэрцы вучняў Наталля Буліцкая, кіраўнік узорнага ансамбля народнай песні “Святкі” Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска. Летась калектыў маляўніча адзначыў юбілей. За 25 гадоў з-пад крыла Наталлі “вылецела” мноства таленавітых дзяцей. Сёння мы раскажам пра феномен зацікаўленасці маладых людзей народнай творчасцю.

У КОЖНАГА СВАЯ ДАРОГА 

Дзякуючы сумесным намаганням Наталлі Буліцкай і Марыны Рудкоўскай калектыў атрымаў ганаровае званне “Узорны”. Цяпер у ансамблі — восем канцэртных складаў выхаванцаў ад 4 да 18 гадоў. Штоверасень у першыя выхадныя кожны ахвочы можа прыйсці на дзень адчыненых дзвярэй у “Золак” і пабываць на паказальным канцэрце, пасля чаго — запісацца на праслухоўванне ў любы гурток. 

— У нас займаецца каля 100 чалавек. Групы дзеляцца па ўзросце: малодшыя, сярэднія, дарослыя. Малых бяром амаль усіх, бо калі дзіцяці нешта спадабаецца, то будзе імклівае развіццё. А каб трапіць у старэйшы склад, трэба валодаць добрымі вакальна-пеўчымі дадзенымі. Калі казаць пра рэпертуар, то выконваем фолк без жывога суправаджэння і ў сучасных аранжыроўках. Колькасць заняткаў залежыць ад узросту: зусім маленькія прыходзяць два разы на тыдзень і, вядома, шмат гуляюць, чытаюць народныя казкі, вучаць хуткамоўкі. Падлеткі завітваюць па тры-чатыры разы на тыдзень і, акрамя асноўнага кірунку, практыкуюць харэаграфію пад кіраўніцтвам Арцёма Ксендзікава, актыўна выступаюць. Нярэдкія гісторыі пра пераемнасць пакаленняў, калі ў нас займаецца дзіця, а праз некалькі гадоў сюды прыходзіць яго брацік альбо сястрычка, — дзеліцца Наталля Буліцкая. 

У калектыў усіх прыводзяць розныя, часам і звілістыя дарогі. Напрыклад, Паліна і Кірыл Раеўскія першапачаткова праслухоўваліся ў эстрадны гурток. Але ў яго трапіла толькі Паліна, а Кірыла ў засмучаных пачуццях сустрэла ў калідоры Наталля Буліцкая і запрасіла да сябе. 

— Адразу я хадзіла ў іншае месца. Мае заняткі заканчваліся крыху раней, і я заўсёды забягала паглядзець, што робіць мой брат. Бачыла, што там шмат гралі, спявалі і ўжо рыхтаваліся да першага канцэрта! Таму папрасіла бацькоў запісаць мяне ў “Святкі”, а праз два тыдні выйшла ў складзе ансамбля на сцэну. Ні разу не пашкадавала аб рашэнні перавесціся, бо і праз 11 гадоў тут пануе такая ж дзіўная атмасфера. Самае выдатнае — гэта нашы педагогі, якія прывіваюць любоў да народнай творчасці і шчодра дзеляцца ведамі, — усміхаецца Паліна Раеўская. 

— Хай у нас не так шмат хлопцаў у калектыве, у гэтым ёсць і свае плюсы: я спяваю сольныя мужчынскія партыі. А наогул, мы звычайныя падлеткі, і калі здымаем народныя касцюмы, то слухаем і “папсу”, і рэп, а не спевы зязюль,— іранічна падкрэслівае Кірыл Раеўскі. 

ДУША КАЛЕКТЫВУ — ПЯШЧОТНАЯ ДЗЯЎЧЫНА З ПРЫГОЖЫМ ГОЛАСАМ 

Гэты ансамбль вы маглі сустракаць зімой на пляцоўцы каля Палаца спорту з канцэртнай праграмай, прысвечанай Калядам. На Купалле “Святкі” не раз выступалі ў Александрыі, і, вядома, іх пастаянна можна пачуць у родным Заводскім раёне. Запомніць калектыў проста: яркая манера выканання і аўтарскія касцюмы, дызайн якіх распрацавалі кіраўніцы ансамбля. У кожным строі індывідуальная ручная вышыўка і галаўныя ўборы з бісеру. 

Наталля Буліцкая, кіраўнік узорнага ансамбля народнай песні “Святкі”:

“Песня прыйшла ў маё жыццё, калі я была дзіцем. Падчас вучобы ў педагагічным універсітэце імя М. Танка пачала спяваць у народным ансамблі «Рэй» пад кіраўніцтвам Людмілы і Віктара Васіленяў, салісткай якога з’яўляюся і да гэтага часу. На творчым шляху сустракала мноства прафесійных і мудрых педагогаў. Таму я марыла стварыць калектыў, у якім мы з выхаванцамі будзем пазнаваць, захапляцца, падарожнічаць і перамагаць. Нашы адносіны будуюцца на любові і ўзаемаразуменні, таму я не магу падвесці дзяцей, а яны — мяне”.

— Жыць не можам без фальклорных свят! Усіх здзіўляе, калі мы не проста спяваем, але і паказваем кавалачкі абрадаў. Адно з любімых свят — Каляды, бо 12 дзён Каляд — гэта і ёсць Святкі, якія падарылі нам назву. З іх нагоды праводзім дні сямейнага адпачынку: накрываем сталы, дзеткі выступаюць, а бацькі частуюць малых ласункамі. Канечне, са старэйшымі выхаванцамі актыўна калядуем на раённых і гарадскіх канцэртных праграмах. Потым па календары Масленіца, за ёй Гуканне вясны, а пасля наша любімае Купалле і Дажынкі. Мы ўдзельнічаем у канцэртах рознага маштабу круглы год і заўсёды рады новым запрашэнням. 

Калі нас сустракае глядач, адразу бачыць душу калектыву — вобраз далікатнай дзяўчыны, якая шчыра спявае. Таму пасля выступленняў у нас часта пытаюцца: а дзе можна пачуць вас яшчэ раз? — расказвае Наталля Буліцкая. 

ФЕСТЫВАЛІ — ГЭТА АСОБНАЕ ЖЫЦЦЁ 

Узорны ансамбль “Святкі” шырока вядомы за межамі нашай краіны. Толькі гэтым летам юныя артысты наведалі два значныя фестывалі — Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” у Расіі і “Хваля ідэй” у Грэцыі. 

— На “Творчасці юных” у Маскве была вельмі насычаная праграма: майстар-класы, экскурсіі, выступленні на розных пляцоўках. Ярка адбіўся ў памяці гала-канцэрт у Музеі Перамогі, рэпетыцыі да якога праходзілі штодня. З намі працавала вялікая рэжысёрская група пад кіраўніцтвам Віталя Асашніка. Цікава, што ўсе нумары суправаджаў дзіцячы сімфанічны аркестр. Аранжыроўкі ствараў Віталь. Мы выканалі дзве песні: “А ў гародзе лебяда” і “Ужо ж мы Масленіцу дажыдалі”. Нас прымалі вельмі душэўна і цёпла, як сваякоў, — распавядае кіраўніца ансамбля. 

Салістка калектыву 13-гадовая Надзя Даўжанкова таксама дзеліцца ўражаннямі ад паездкі: 

— Тэмп быў шалёны, мы ўвесь час нешта рабілі. Але людзі і атмасфера зараджалі на новыя дзеянні. Перад галаканцэртам трохі хваляваліся і ў той жа час сумавалі, бо мы разумелі, што хутка трэба будзе расстацца з новымі знаёмымі. Запомнілася яшчэ начная экскурсія па Краснай плошчы. 

ФОРМУЛА ПОСПЕХУ 

Каб дамагчыся выдатных вынікаў на конкурсах, дзеці пастаянна шчыруюць на занятках і рэпетыцыях. Дзякуючы ўпартасці, стараннасці і адказнасці ўсё атрымліваецца, бо для таго, каб у канцэртнага нумара быў высокі выканальніцкі ўзровень, праводзіцца ансамб- левая праца, ставіцца харэаграфія, разбіраюцца вакальныя партыі. І гэта акупляецца. Сёлета калектыў — пераможца рэспубліканскага творчага спаборніцтва “Здравствуй, мир!”, лаўрэат радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” і многіх іншых. Вядома, такая формула поспеху не дзейнічае без таленавітых выкладчыкаў: 

— Маленькім хлопчыкам я прыйшоў займацца ў гэты калектыў, а цяпер мае настаўнікі сталі маімі калегамі. Пасля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адправіўся сюды працаваць у якасці педагога па вакале і акампаніятара. Калі толькі пачынаў работу, дзівіўся, што многім дзеткам цяжка даецца беларуская мова. У працэсе навучання мне важна распавядаць пра гісторыю і сэнс кожнай песні, каб апекаванцы змаглі яе шчыра выканаць. Я люблю сваю працу і цяпер не ўяўляю сябе на іншым месцы, — каментуе Віталь Казановіч. 

На думку кіраўніц ансамбля “Святкі”, падлеткі спяваюць фолк асэнсавана, прапускаюць яго праз сэрца і адлюстроўваюць душу народа. Мэта Наталлі Буліцкай і Марыны Рудкоўскай — прывіваць любоў да беларускай народнай песні, таму што наш фальклор глыбокі, цікавы і дзіўны. 

Настасся ЮРКЕВІЧ