Чым вабіць наведвальніка “Чорная Панна”?

Апублiкавана: 12 жнiўня 2023 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

“К” працягвае цыкл публікацый, зробленых сумесна з выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Другая частка нашай размовы з дацэнтамі кафедры гісторыка-культурнай спадчыны, кандыдатамі культуралогіі Іваннай Бамбешка і Ірынай Лупашка была прысвечана турыстычнай дзейнасці айчынных музейных устаноў, музейным брэндам ды творчым асобам, без якіх сферу культуры і ўявіць сёння цяжка.

СУВЕНІРЫ БЫВАЮЦЬ РОЗНЫМІ... І КРУТЫМІ 

У размове пра дзейнасць музейных устаноў Беларусі абысці тэму сувенірнай прадукцыі сапраўды немагчыма. Бо гэта не толькі “жывыя грошы”, але і прэзентацыя сябе ў вачах наведвальніка. 

— Сувенірная прадукцыя ў музейных сценах павінна пераважна адпавядаць профілю музея, — пераканана Ірына Лупашка. — Гэта, калі казаць пра літаратурныя музеі, могуць быць копіі малюнкаў пісьменнікаў (у нас часта пісьменнікі — творчыя асобы, якія праявілі сябе таксама і ў выяўленчым мастацтве), паштоўкі з цытатамі і гэтак далей. Але не варта забываць, што любы музей, нават літаратурны, прэзентуе таксама і свой горад, раён, краіну. Таму ў ім цалкам магчымыя, скажам, кубкі з выявамі гербаў свайго горада ці мястэчка, гарадоў Беларусі ды падобная прадукцыя. 

І ў гэтым плане, да слова, у музеяў ёсць вельмі шырокія магчымасці. Асабліва ва ўзаемадзеянні з дзяржаўным ці прыватным бізнесам. 

— Скажам, зусім нядаўна Нацыянальны мастацкі музей разам з адной прыватнай кампаніяй выпусцілі майкі і шкарпэткі, дзе пададзены розныя выявы карцін, што захоўваюцца ў музейных калекцыях, — кажа Іванна Бамбешка. — А яшчэ з цікавых прыкладаў згадаю продаж у якасці сувеніраў гільзаў ад куль у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасцьгерой”. Таму падобныя сувеніры, якія прыцягваюць увагу наведвальнікаў, варта распрацоўваць і далей, як і наладжваць супрацоўніцтва з мясцовым бізнесам. Напрыклад, музеі Віцебшчыны маглі б супрацаваць з Аршанскім ільнокамбінатам. Праўда, тут варта сказаць, што падобнае супрацоўніцтва павінна быць цікава абодвум бакам, а бізнес у нас пакуль што не так ахвотна ідзе на ўзаемадзеянне з музейшчыкамі. 

Яшчэ адзін прыклад паспяховай працы на ніве сувенірнай прадукцыі — Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. 

— У Ветцы можна ўбачыць размалёўкі, дзе дэманструюцца строі свайго рэгіёна, а яшчэ тут можна набыць папяровыя лялькі, іх потым апранаюць у старадаўнія строі самі дзеці, — кажа Ірына Лупашка. — Вось вам і сувенір, і цікавасць з дзяцінства да свайго, роднага, адметнага і нацыянальнага! Не кажу ўжо пра рознага тыпу закладанкі або пазлы паводле музейнай тэматыкі ды нават сувеніры пад нейкую пэўную выставу ці падстаўкі пад кубкі. У Нясвіжы ў музейных сценах можна набыць шакалад “Чорная Панна” — і гэта вельмі здорава! Таму музейшчыкам, на мой погляд, варта не спыняцца ў сваіх творчых задумках і заўсёды імкнуцца іх рэалізаваць. 

МЯСЦОВЫ БРЭНД ЦІ ЗВЫЧАЙНЫ МУЗЕЙ? 

Ад сувенірнай прадукцыі наша гутарка плаўна перайшла да таго, ці варта ствараць у кожным раёне Беларусі нейкі асобны брэндавы музей. Бо аднатыпныя экспазіцыі, з жоўта-рудымі “біўнямі” маманта ці выцвілымі “мядзведзямі”, наўрад ці могуць прыцягнуць вялікую ўвагу як айчынных, так і замежных турыстаў. 

— Магу сказаць, што краязнаўчыя музеі, падобныя тым, якія ёсць у Беларусі, сустракаюцца пераважна на тэрыторыі краін СНД, — кажа Іванна Бамбешка. — За мяжой падыход іншы — там сапраўды скіроўваюць увагу на брэнд, на нешта ўнікальнае. Аднак ці варта нам цалкам пераймаць замежны вопыт? Мабыць, не, бо за мяжой свой менталітэт, а ў музейшчыкаў — свой вопыт, хоць і цікавы, але адметны ды зусім іншы. Хоць, канешне, крэатыўныя ідэі, якія рэалізуюць замежныя музейшчыкі, можна і варта ведаць ды, творча пераасэнсаваўшы, укараняць і на нашай музейнай глебе. 

Усё гэта так, але ўсё ж такі чаму не паспрабаваць і ствараць нешта брэндавае, скажам, той жа музей саломкапляцення? 

— Не так даўно я давала заданне сваім студэнтам, каб яны стварылі з нуля канцэпцыю музея, якога няма ў Беларусі, — адказала на гэта Ірына Лупашка. — Дык вось, першы з падобных музеяў, якіх нам не хапае і які проста патрабуе свайго стварэння, на думку студэнтаў, — гэта музей бульбы. У гэты шэраг кладзецца і згаданы вамі музей саломкапляцення, і музей дранікаў, музей беларускай народнай казкі ці беларускай народнай музыкі. 

Так, як бачна, пра брэндавыя музеі думаюць не толькі журналісты з выкладчыкамі, але і студэнты БДУКМ. І што ні кажы, а пералічаныя вышэй музеі былі б у Беларусі вельмі дарэчы. Магчыма, праз некаторы час нешта з падобнага абавязкова з’явіцца і ў рэальнасці. 

НЯМА МУЗЕЯ — НЯМА ПРАБЛЕМЫ? 

Але няма ў Беларусі не толькі музея бульбы. Часам у раёнах нават няма свайго краязнаўчага музея. Скажам, у Дуброўне Віцебскай вобласці ён з’явіўся толькі пару гадоў таму, а ў Бярэзіне, што на Міншчыне, так яшчэ і не паўстаў. Няма падобных музеяў у Смалявічах ці, напрыклад, у Стоўбцах. Вынікае, няма музея— няма музейных праблем? 

— Сапраўды, музеяў у пералічаных раёнах няма, але мясцовыя ўлады пастаянна думаюць над стварэннем падобных устаноў, і гэтыя планы блізкія да рэалізацыі дзе ў большай, дзе ў меншай ступені, — кажа Іванна Бамбешка.— Магчыма, у нейкіх раёнах проста яшчэ, што называецца, не саспелі да стварэння асобнага краязнаўчага музея, там няма чалавека, які будзе “прабіваць”, а пасля і ўкараняць гэтую ідэю. У нас, у навукоўцаў, нават ёсць тэрмін “музейная патрэба”: калі падобнай патрэбы няма, няма крытычнай масы ініцыятыўных людзей, якая выступае за стварэнне такога музея, то ён і не з’явіцца. 

— Цалкам падтрымаю калегу, — кажа Ірына Лупашка. — Скажам, у Цімкавічах, у Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага, загадчыцай ужо доўгі час працуе крэатыўная Людміла Ніжэвіч, якая зрабіла з установы сапраўдны культурны цэнтр. Там аднымі з першых у Беларусі пачалі ладзіць музейна-педагагічныя заняткі, там стварылі дзіцячы тэатр і шмат чаго яшчэ. Ды і тая ж праектная дзейнасць, пра якую мы ўжо гаварылі, таксама часам поўнасцю залежыць ад ініцыятыўных і творчых людзей. У Капылі гэта Валянціна Шуракова, і падобныя прыклады можна прыводзіць яшчэ доўга. 

Што ж, кадры, як вядома, вырашаюць усё. І музеі Беларусі ў гэтым плане не выключэнне. А выснова тут, бадай, можа быць толькі адна: будзе больш ініцыятыўных людзей у музеях — дык і музеяў у краіне стане больш і яны будуць такія ж цікавыя, змястоўныя і крэатыўныя, як і самі творчыя і неабыякавыя людзі, якія ў іх працуюць. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота з архіваў выкладчыкаў кафедры гісторыка-культурнай спадчыны БДУКМ