Увасобленае — застаецца! Чатыры грані адной асобы

У Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе персанальная выстава члена Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза архітэктараў Аляксея Шышко “Чатыры асобы”. Экспазіцыя раскрывае аўтара як рознабаковага творцу, прэзентуе яго найлепшыя працы: фатаграфію, дызайн, архітэктуру, а таксама акварэльны жывапіс.

Аляксей Шышко нарадзіўся ў пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці, вучыўся ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы мастацтваў імя А.К. Глебава, а пасля скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Курсы архітэктуры наведваў у Royal College of Art у Лондане. У 1994 годзе Аляксей адкрыў невялікую студыю дызайну Volume Design Studio (VDS) у Мінску, якая сёння з’яўляецца вядучым прадстаўніком у сваёй галіне ў Еўропе і Азіі. Аднак усведамленне, што дызайн — гэта справа ўсяго яго жыцця, прыйшло да Аляксея Шышко не адразу. 

— Толькі калі скончыў акадэмію і стаў дызайнерам, я зразумеў, што гэта маё прызванне. Хоць з дзяцінства і прыдумляў нейкія неіснуючыя рэчы і суправаджаў іх малюнкамі, — кажа Аляксей. 

Сёння дызайн з’яўляецца адным з вядучых напрамкаў дзейнасці нашага героя. Творы, прадстаўленыя на выставе, дэманструюць, як праходзіць распрацоўка праектаў, і дазваляюць заўважыць, якая ўвага надаецца кожнай дэталі. Усе работы суправаджаюцца фотаздымкамі. 

— На выставе прадстаўлены ўжо рэалізаваныя праекты. Паказваць тыя, што яшчэ не ўвасобленыя, я лічу, не зусім правільна. Усё ж такі дасягненне любога творчага чалавека — менавіта рэалізацыя таго, што ён прыдумаў, — разважае творца. 

Аднак не ўсе праекты з выставы можна ўбачыць толькі ў сценах галерэі. Абноўленыя некалькі гадоў таму прыпыначныя пункты ў Мінску і стыльныя кіёскі “БелДруку”, якія радуюць жыхароў і гасцей беларускай сталіцы, — гэта рэалізаваныя ідэі Аляксея і яго каманды. А калі вы калясіце па краіне на асабістым аўто, то ў наступны раз, заязджаючы на заправачныя станцыі найбуйнейшых нафтавых кампаній Беларусі і Расіі, прыгадайце, што іх дызайн таксама стварыў наш зямляк. 

АД МІНСКА ДА АСТАНЫ 

Асноўны напрамак працы Аляксея — архітэктура, якую сам творца называе “маці мастацтваў, застылай музыкай”. Аўтар працуе з індустрыяльнай і брэндавай архітэктурай. Геаграфія ўвасобленых у жыццё праектаў уражвае: ад роднай Беларусі — да Расіі, Казахстана, Узбекістана, ААЭ і нават Індыі. 

— Мы з калегамі паставілі сабе за мэту працаваць з кампаніямі №1, што паспяхова і рэалізоўваем,— кажа Аляксей.— Так атрымліваецца, што нашы ідэі падабаюцца, іх высока ацэньваюць. У нас сур’ёзны падыход да працы. Мы ствараем праект, пачынаючы ад ідэі да ўвасаблення яго вытворчасці. Таму з намі супрацоўнічаюць вядучыя кампаніі ў Расіі, Казахстане, Татарстане. 

БОЛЬШ ЧЫМ ХОБІ 

Вялікая ўвага на выставе надаецца жывапісу, які прадстаўлены ў тэхніцы акварэль. Аляксей Шышко лічыць яе адной з самых складаных, бо ў працэсе працы не ўсё залежыць ад майстра: “Калі працуеш з акварэллю, то не ведаеш, што будзе праз хвіліну, бо яна жыве, мяняецца. І ў гэтым загадка такой «боскай» тэхнікі: палову працы робіш ты, а другую палову за цябе творыць Гасподзь. Часам атрымліваецца нават лепш, чым задумаў. Акварэль непрадказальная, таму яна мне і падабаецца. З ёю адкрываюся я сам”. 

Нягледзячы на тое, што асноўны час творца прысвячае дызайну і архітэктуры, жывапіс для яго не зусім хобі, а хутчэй месца для душэўнага адпачынку. У пейзажах, прадстаўленых на выставе, можна ўгледзець шмат адзіноты, але ў той жа час ціхамірнасці і светлага суму. Гэтаму спрыяюць асноўныя колеры — сіні, фіялетавы, адценні зялёнага. Аб схаваным смутку ў карцінах кажа і сам аўтар, называючы жывапіс “уласным выратаваннем ад дэпрэсіўных думак”. Але не спяшайцеся клеймаваць працы беспрасветным сумам: у кожным творы ўгледжваецца праменьчык святла і адчуваецца бязмежная любоў да Беларусі. “Я вырас на зямлі, у сельскай мясцовасці, і гэтую натуральную любоў да роднага краю нікуды не схаваеш”, — кажа мастак. 

ПЕРААСЭНСАВАННЕ ЎСХОДНІХ МАТЫВАЎ 

Прыкметны ўплыў і іншай, далёкай, але не менш цікавай культуры — усходняй. Ды і сам Аляксей не хавае сваёй любові да Азіі, у прыватнасці да Кітая: “Я люблю ўсходняе мастацтва яшчэ з часоў вучобы ў вучылішчы. Але я не проста дублю — хутчэй, ператвараю яго пад сябе. Напрыклад, выкарыстоўваю вертыкальныя надпісы, але пішу старажытнаславянскімі літарамі. А штамп, які можна ўбачыць на ўсіх маіх карцінах, — гэта манаграма першых літар майго імя, якую я сам выразаў з кітайскага каменю. Аднак тое не столькі даніна Усходу, колькі маё ўласнае бачанне”. 

Азія выяўляецца і на фотаздымках, якія, нягледзячы на цікавасць да гэтага віду мастацтва ў Аляксея Шышко, займаюць менш за ўсё месца ў экспазіцыі. Але ў іх таксама, як і ў жывапісе, адлюстроўваюцца і бясконцая прыгажосць прыроды, і глыбіня і важнасць моманту. У спыненым імгненні прыкметныя прасторы пейзажу, пачуццё свабоды і, вядома, унутраны настрой аўтара. 

Яўгенія ГАБЕЦ