Шанаванне роднай літаратуры па-елкаўску

Дзесяцігоддзі таму мой першы журналісцкі настаўнік Валодзя Ялько вучыў: "Бяры ў бібліятэцы чатыры кнігі на рускай мове, а пятую — абавязкова на беларускай!" Мінуў час, які пацвердзіў карысць правіла. На сёння я нават змяніў бы яго ў бок павышэння пашаны менавіта роднай літаратуры.

Паважаю беларускую мову не толькі за тое, што яна мяне корміць. Радуюся бязмежна ад таго, што гучыць яна, як песня шчаслівых ды вольных людзей. І не адзін я такі. Аднадумцаў — як васількоў у жытнёвым моры. Даводзіць, што васілёк не пустазелле, а ўпрыгожанне жыцця, гатова штохвілінна і супрацоўніца Елкаўскай сельскай бібліятэкі Алена Дзяншчык. 

ЕЛКА НЕ НАВАГОДНЯЯ 

Рагачоўшчына праславілася вёскай Ёлкі. Па беларускай моўнай завядзёнцы назва гэтая абазначае навагодні статус дрэва. Вёска Елка ў Зэльвенскім раёне на зімовае свята не намякае. Яна дадае свету прыгажосці ў сваім натуральным, так бы мовіць, прызначэнні. Кажуць, ля мясцовага панскага маёнтка спрадвеку красаваліся старасвецкія елкі. Дрэўцы гэтыя растуць сёння і ў двары знакамітай Сынкавіцкай царквы-крэпасці (вёска Елка знаходзіцца ў складзе Сынкавіцкага сельскага савета). 

Елка — аграгарадок з 2012 года. Тут ёсць сярэдняя школа, дзіцячы садок, Дом культуры, філіял Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэка… Апошняя, па словах раённага бібліятэчнага кіраўніцтва, — самая крэатыўная ў раёне. 

ДЗЕНЬ У ДЗЕНЬ 

Хтосьці скажа: нечаканая выпадковасць. Я запярэчу: шчаслівы лёс! Алена Дзяншчык нарадзілася ў 1968 годзе, 15 верасня. У 2001-м гэты дзень будзе абвешчаны Днём бібліятэк Беларусі. Яшчэ адзін доказ таго, што нашых бібліятэкараў Бог апякуе. 

Паэтычная хвілінка "Беларусь! Я табой ганаруся"

Паэтычная хвілінка "Беларусь! Я табой ганаруся" 

Скончыла Алена Уладзіміраўна бібліятэчны тэхнікум у Магілёве. Разам з мужам выхавала двух дзяцей. Раман і Жанна цяпер — на сваіх хлябах. Чытаюць, як мама вучыла, шмат. У Алены Дзяншчык — неблагая хатняя калекцыя кніг. Іх збіраць яна пачала яшчэ ў школе. Галоўнае месца на хатніх паліцах занялі творы Уладзіміра Караткевіча. Сябруе з кнігамі і муж Юрый, які працуе шафёрам. 

Толькі ў такіх сем’ях актыўныя чытачы і нараджаюцца. 

ПРА ФОРМУ 

І вось дзіўная рэч: Алена Уладзіміраўна — сціплая ды ціхая, а вынік яе справы — заўжды рэзанансны ды гучны. Паўтару яшчэ раз: Дзяншчык — самы крэатыўны бібліятэкар Зэльвеншчыны. 

Да прыкладу, прыдумала выставу навінак “Кніжны дождж”. Пад парасонам можна было агледзець кожную кроплю залевы, што імітавала кнігі. Бывае дождж грыбны, а бывае і кніжны… Ці вось яшчэ нечаканасць. Гэтая экалагічная акцыя запомнілася многім. Кнігі пра ашчаднае стаўленне да звяроў і птушак былі складзены ў выглядзе шпакоўняў. 

Дзейнічае тут і бібліябуфет, дзе можна пачаставацца вытанчанымі літаратурнымі стравамі, прыгатаванымі на лепшых “кухнях” рэспублікі. 

Натуральна, гэта толькі знешні бок бібліятэчнай справы, яе форма. А змест — нязменна глыбокі, скіраваны на любоў да ўсяго беларускага. Сярод сельскіх бібліятэк установа Алены Уладзіміраўны перамагла ў XXXI Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Намінацыя — “За падтрымку і развіццё чытання”. На адной форме ў найлепшыя не патрапіш. 

ПРА ЗМЕСТ 

Смех бывае розны: злы, з’едлівы, іранічны… Самы галоўны смех — шчаслівы, дзіцячы. Ад нечаканага разумення простых жыццёвых ісцін. А ісціны такія: дарослы чытае казку — свет наўкола пачынае граць неверагоднымі фарбамі; дарослы паказвае ў пацвярджэнне прачытанаму цацкі — і прыдуманыя героі ажываюць… 

Дарослы — Алена Дзяншчык, слухач — выхаванец дзіцячага садка, будучы чытач. Кніжка — мэта і мара. Смех — ад задавальнення. А мова кніжкі — беларуская. Пра змест праекта “Я гэты край Радзімаю заву” цяжка выказацца словамі. Але прыкладна так. Дзеля добрага дзіцячага смеху спадарыня Дзяншчык нясе кніжкі ў дзіцячы садок. Мерапрыемствы для моладзі і больш сталых чытачоў — гэта таксама цыклы сацыяльных заняткаў, але на больш высокім інтэлектуальным узроўні. А ўсё разам — пераможны літаратурна-адукацыйны праект. 

ШТО ПАЧЫТАЕМ? 

Дык як навучыць чытаць па-беларуску? У кожнага — свой чытацкі шлях. Розныя і напрамкі бібліятэчнага выхавання. Падабенства адзінае: паступова, без прымусу, па кропельцы рабіць так, каб дзіця зразумела: без кніжкі можна, але цяжка, бо далягляд занадта вузкі. Мая знаёмая бібліяфілка кажа са смехам, што мова нібы мама: бывае родная, а бывае і прыёмная. Той выпадак, калі маму можна выбіраць. Каму цяжка, дапаможа Алена Уладзіміраўна. 

Дзяншчык ходзіць па Елцы, як аграном па жытнёвым полі. Ад садка да школы, ад клуба да царквы, ад фельчарскага пункта да клуба. Аглядае парасткі разумнага і добрага. Ладзіць віктарыны, конкурсы, вандроўкі, выставы; чытае, слухае, тлумачыць, пераконвае. З кожным разам ураджай аднадумцаў багацее. Прыдумала Дзень чытача беларускай кнігі. Скардзіцца, што нашы выдавецтвы выпускаюць мала кніг сучасных беларускіх аўтараў. 

Дзень чытача беларускай кнігі Алена Уладзіміраўна ладзіць не толькі ў лютым — на Дзень роднай мовы. Добрае свята можна і кожны дзень адзначаць. 

Яўген РАГІН 

Фота з архіва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама