Гэта рамяство, якому вучацца ўсё жыццё

Апублiкавана: 16 жнiўня 2023 Кiно Кіно Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Кіно стала неад'емнай часткай нашага быцця. Пры дапамозе яркіх стужак глядач паглыбляецца ў свет ілюзій і атрымлівае новую нагоду для фантазіі. У той жа час вялікі экран папулярызуе акцёраў, якія потым становяцца кумірамі мільёнаў людзей. А карціны, што атрымліваюць найвышэйшы рэйтынг, узвышаюць вядомых рэжысёраў. Але рэдка хто цікавіцца іншай ключавой фігурай у працэсе стварэння фільмаў — аператарам. Сёння наша размова — з Раманам Тарасевічам, чалавекам, які заўсёды знаходзіцца па-за кадрам.

— Успомні сябе ў дзяцінстве. У якім узросце цябе пачала цікавіць камера? 

— Я нарадзіўся ў Магілёве і быў зусім звычайным дзіцем. Гурткі і секцыі не наведваў, таму што любіў пачуццё свабоды і непасрэднасці. Мой творчы шлях пачаўся, калі ў рукі трапіў бацькаў фотаапарат “Зенит-ЕТ”, і панеслася. У 15 гадоў пачаў падыходзіць да здымак больш свядома, стаў фатаграфаваць людзей у разнастайных лакацыях. 

— У 2018-м ты паступіў у Акадэмію мастацтваў. Чаму захацеў вучыцца менавіта на факультэце экранных мастацтваў? 

— На той момант працаваў фатографам, шмат здымаў на стужку і планаваў далей ствараць візуальны кантэнт. Таму і спецыяльнасць выбіраў, зыходзячы са сферы, да якой прызвычаіўся. Хацелася рухацца далей у бок кінематографа, заставацца па-за кадрам і ствараць больш маштабныя праекты. 

Студэнцтва доўжылася чатыры гады і складалася больш з тэорыі і нязначнага аб’ёму практыкі. Нас вучылі працаваць з малюнкам: пачынаючы з жывапісу і фатаграфіі, плаўна рухаючыся да відэа і заканчваючы прынцыпамі работы над кінематаграфічным малюнкам. На маю думку, у акадэміі даюць не самыя актуальныя веды, але моцную аснову для творцы. Да таго ж гэтае месца дае магчымасць пазнаёміцца з маладымі таленавітымі людзьмі. У сярэдзіне навучання разам з рэжысёрам з майго курса мы выйгралі тэндар Міністэрства культуры на здымку кароткаметражнага фільма “Начная размова”. Пазней ён увайшоў у дзясятку найлепшых фільмаў міжнароднага кінафоруму “Залаты Віцязь” і быў асабіста адзначаны Мікітам Міхалковым. 

— Цяпер ты актыўна супрацоўнічаеш з Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”. З чаго пачалася ваша сумесная дзейнасць? 

— Знаёмства адбылося яшчэ ў студэнцкія гады, калі нам выкладалі кінатэхніку. Але ў той час працы для студэнтаў на кінастудыі не знаходзілася. Усё пачалося летам 2022-га, калі стварылася студыя моладзевага кіно “Смолка”. У рамках гэтага праекта я здымаў рэкламу для кінатэатраў Мінскай вобласці, а таксама дакументальны фільм пра Беларускі саюз кінематаграфістаў. 

І ўжо сёлета, падчас здымак фільма “Ліст чакання”, я займаў пасаду першага асістэнта аператара. Тут вялікая ўвага надавалася спецыфіцы медыцынскай справы лекараў і жаданню перадаць іх складаную рабочую атмасферу. Вынік нашых старанняў кожны з вас можа ацаніць, паглядзеўшы карціну ў кінатэатрах. 

Цяпер удзельнічаю ў здымках першага поўнаметражнага фільма Кірыла Халецкага, дзе адказваю за фокус камеры і асіставанне аператара -пастаноўшчыка. Дарэчы, з Кірылам мы таксама пазнаёміліся падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў і ўжо папрацавалі ў яго кароткаметражным фільме “Аднойчы была Зямля”. 

— У чым заключаецца асноўная задача аператара пры вытворчасці фільма? 

— Усё пачынаецца яшчэ на этапе перадпрадакшана, калі адмысловец шукае лакацыі, складае каштарыс, стварае раскадроўку. Таксама патрабуецца мастацкі навык, каб на паперы правільна адлюстраваць перспектыву, маштаб. Падчас здымак аператар адказвае за пабудову малюнка і стварэння пэўнага настрою пры дапамозе такіх візуальных сродкаў, як розныя ракурсы, рытм у кадры і маштаб. Праца са святлом, стварэнне пэўнага малюнка і мізансцэн, пастраенне герояў у кадры. Не менш важны постпрадакшан, калі падчас мантажу ўносяцца праўкі ў колеракарэкцыю. 

— Твая праца мяркуе пастаянны пошук натхнення і развіццё нагледжанасці. Дзе ты знаходзіш ідэі? 

— Мяне натхняе аўтарскае кіно. Цікава ствараць сур’ёзныя карціны, якія ўтрымліваюць мноства сэнсаў і пасля прагляду пакідаюць у гледача пэўныя пытанні. Але часцяком мне даводзіцца здымаць глядацкае кіно, што часцей акупляецца. Таму варта захоўваць баланс паміж руцінай і творчасцю. У гэтай сферы вельмі важныя людзі, асабліва рэжысёры. Для аператара першачарговая задача — знайсці чалавека, погляд і ідэі якога будуць табе блізкія. У акадэміі было мноства таленавітых студэнтаў, з якімі я з задавальненнем працаваў у розных жанрах. 

— Якой ты бачыш сваю будучыню ў кінематографе? 

— Наперадзе мяне чакае шмат праектаў: кіно, серыялы, рэклама. Гатовы ўзяцца за любую працу, дзе можна рэалізаваць мой творчы патэнцыял. Калі казаць глабальна і разважаць аб беларускім кінематографе, то ў яго ёсць светлая будучыня! Старэйшаму пакаленню трэба больш давяраць моладзі і саступаць нам дарогу. 

Лічу, што быць аператарам— маё прызначэнне ў жыцці. Гэта справа, якая прыносіць мне задавальненне і ў якой я паказваю якасны вынік. 

Часта мы ацэньваем усё, што нас акружае, па вонкавым выглядзе. Карцінка ў кіно не выключэнне, бо прыгожы візуал можа паменшыць гнеў самых сур’ёзных крытыкаў. Па сваёй натуры аператары — людзі сціплыя і не імкнуцца бліскаць на “чырвоных дарожках”, але яны дакладна ведаюць значнасць сваёй працы. 

Бліц-апытанка 

— Каму б ты параіў стаць аператарам? 

— Падобная праца дакладна падыдзе не кожнаму. Трэба ўлічваць, што гэта велізарная фізічная нагрузка і стрэс. Да прыкладу, кіно, дзе 12-гадзінныя змены з рухомым графікам пры любых умовах надвор’я і ў розных лакацыях, нават самых экстрэмальных. Не варта забываць пра вялікую ступень адказнасці і, вядома, уменне працаваць у камандзе ў такіх напружаных умовах. Гэта рамяство, якому вучацца ўсё жыццё. 

— А ці ёсць сярод аператараў самавукі? 

— Кажуць, каб дамагчыся поспеху і стаць экспертам у пэўнай дзейнасці, неабходна аддаць гэтаму 10 000 гадзін. Лічу, што лепш атрымаць моцную базу, каб паскорыць развіццё сваіх навыкаў. Ёсць шмат аператараў без профільнай адукацыі, але ў любым выпадку яны займаліся самаадукацыяй або знайшлі добрага настаўніка. Бывае такое, што ты трапляеш у аператарскую групу і набіраешся ведаў ад больш вопытных прафесіяналаў. 

— Як ты ставішся да савецкага кінематографа? 

— З велізарнай любоўю і трапятаннем, бо адны з маіх любімых рэжысёраў — Георгій Данэлія, Сяргей Параджанаў. У той час было шмат першапраходцаў-майстроў, якія далі вельмі моцную школу, і менавіта яна дапамагала выпрацаваць кінематографу свой унікальны стыль. Падрыхтоўка і стаўленне да здымак былі вельмі сур’ёзныя. Нездарма многія творы таго перыяду сталі несмяротнай класікай. 

— Ці можна цяпер на тэлефон зняць кінашэдэўр? 

— Найлепшая камера — гэта тая, якая ў цябе ёсць. Сёння яны дасягнулі такой якасці карцінкі, што дазваляе нівеліраваць розніцу паміж маленькімі і вялікімі кінакамерамі. Хаця яна, вядома, адчуваецца. А здымаць на тэлефон глядацкае кіно, кліпы, перформансы — чаму не? Гэта іншы стыль працы, але сучасны кінематограф мае добрыя прыклады, дзе тэлефон не стаў перашкодай. Усё роўна, які інструмент, важны чалавечы талент. Любы візуальны твор не толькі якасць карцінкі. Самае важнае — гэта напаўненне. 

— Візуальны шэраг якога сучаснага фільма ўразіў цябе апошнім часам? 

— Ёсць такая тэндэнцыя, што сёння фільмы ў нейкай ступені падобныя адзін да аднаго, таму што робяцца паводле добрага стандарту. У індустрыі пераважае глядацкае кіно з падобнымі сюжэтамі і кадрамі. Нядаўна ў нашым пракаце круцілі італьянскі фільм “Цень Караваджа”, дзе мяне ўразілі кадры, у асноўным — праца са святлом.

Настасся ЮРКЕВІЧ