Што паглядзець на Мядзельшчыне і Пастаўшчыне?

Працягваем знаёміцца з гісторыкакультурнай спадчынай, вандруючы па краіне. Сёння стартуем амаль з той самай кропкі, што і мінулым разам (глядзіце тэкст у папярэднім нумары): рушым на паўночны захад Мінскай вобласці, у ваколіцы Нарачы. 

НАВЕЧНА НА МАЛОЙ РАДЗІМЕ 

На Мядзельшчыне перадусім варта звярнуць увагу на мясціны, звязаныя з біяграфіяй Максіма Танка, якога можна назваць, бадай, найбольш вядомым з заходнебеларускіх літаратараў. Яўген Скурко, які абраў сабе такі літаратурны псеўданім, нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына, што ў нарачанскім краі, і з маленства паспеў зведаць усе беды і нястачы, якія выпалі на долю ягонага пакалення ў Заходняй Беларусі. Ужо праз два гады пасля нараджэння малога Жэні, з пачаткам Першай сусветнай вайны, ягоная сям’я была вымушаная эвакуіравацца з родных краёў напярэдадні наступу нямецкіх войск, апынуўшыся ў Маскве, дзе хлопец атрымаў першую навуку. Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе сям’я вярнулася ў родныя мясціны, якія акурат адышлі пад уладу Польшчы, і будучы паэт працягваў навучанне ўжо на польскай мове.

 

Цікаўнасць, якую юнак выяўляў да літаратуры і роднага слова, далей прывяла яго ў шэрагі вучняў Радашковіцкай і Віленскай беларускіх гімназій — з абодвух, зрэшты, ён быў выключаны за ўдзел у вучнёўскіх забастоўках, з дапамогай якіх моладзь змагалася за сваё права навучацца на роднай мове. На пачатку 1930-х Яўген Скурко далучаецца да камсамола Заходняй Беларусі і неўзабаве за сваю падпольную дзейнасць прысуджаецца да зняволення — у польскіх турмах ён агулам правядзе каля двух гадоў. Тым не менш усё гэта не замінала юнаку актыўна займацца самаадукацыяй і развіваць у сабе надзвычайны паэтычны талент. Літаратурныя крытыкі міжваеннай Польшчы надзвычай высока цанілі творчасць Максіма Танка, вершы з яго першых зборнікаў ужо актыўна перакладаліся на польскую і літоўскую мовы. 

Але далучэнне Заходняй Беларусі да БССР адкрыла перад маладым творцам неабмежаваныя перспектывы — у пасляваенныя гады ён доўгі час узначальваў беларускі Саюз пісьменнікаў, а з 1965 па 1971-ы з’яўляўся старшынёю Вярхоўнага Савета БССР, атрымаў званне народнага паэта. Тым не менш да самай сваёй смерці ў 1995 годзе Максім Танк заставаўся чалавекам надзвычай сціплым і пры жыцці падкрэсліваў, што не хацеў бы, каб ягоную памяць ушаноўвалі гучным і пампезным чынам. Нават пахаваны паэт быў не на прэстыжных могілках у сталіцы, а на сваёй малой радзіме. Тут, у Пількаўшчыне, дарэчы, захавалася і родная хата паэта — ёй ужо больш за сто гадоў, сёння яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і адпаведную мемарыяльную шыльду. 

ПАМЯЦЬ У МУЗЕЯХ 

У суседніх Сватках, дзе паэт вучыўся, пры мясцовай школе з 2014 года дзейнічае літаратурна-краязнаўчы музей імя Максіма Танка. Асаблівы гонар для стваральнікаў экспазіцыі ўяўляе сабой радаводнае дрэва народнага паэта, складзенае вучнямі школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў паводле архіўных матэрыялаў і сведчанняў сучаснікаў ды сваякоў песняра. Акрамя таго, у музеі захоўваюцца асабістыя дакументы Максіма Танка — тут можна пабачыць арыгіналы пасведчанняў аб наданні паэту звання Героя Сацыялістычнай Працы і прысуджэнні яму Ленінскай прэміі, атрыманай за зборнік “Нарачанскія сосны”, а таксама аб наданні звання народнага паэта Беларусі. Захоўваецца тут і мноства кніг з аўтографамі Максіма Танка, якія ён асабіста перадаваў у школьную бібліятэку і краязнаўчы музей, дзейсны з 1982 года.

 

У экспазіцыі Мядзельскага музея народнай славы сёння можна знайсці якар і рыбалавецкія сеткі міжваеннага часу, паднятыя з дна Нарачы, здымкі кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў паўстання рыбакоў на возеры Нарач у 1935 годзе, арыгіналы іх успамінаў і сведчанняў аб тых падзеях. Побач — матэрыялы аб жыцці Мядзельшчыны ў міжваенныя гады, дакументы аб дзейнасці ў нарачанскім краі Камуністычнай партыі і Камсамола Заходняй Беларусі. Асобны стэнд прысвечаны і Максіму Танку — тут можна пабачыць перададзеныя ім асабістыя дакументы і кнігі з яго аўтографамі. А зусім непадалёк ад музея, на галоўнай плошчы Мядзела, — помнік народнаму паэту, усталяваны ў 2014 годзе.

Ёсць тут на што паглядзець і аматарам старасвецкай архітэктуры: у Мядзелі захаваўся барочны Касцёл Маці Божай Шкаплернай, пабудаваны ў 1754 годзе, які, нягледзячы на сціплыя памеры, уражвае вытанчанасцю як свайго аблічча, так і інтэр’ераў. 

СЯДЗІБЫ І ХРАМЫ 

Варта наведаць і шэраг колішніх шляхецкіх маёнткаў, якімі багатая Мядзельшчына. У Шэметаве на маляўнічым узгорку захаваліся не толькі рэшткі сядзібы, якая некалі належала роду Скірмунтаў, з велічнымі руінамі мураванай вінакурні, але і касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі, збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя, з драўлянай званіцай побач. У Лушчыках у колішняй сядзібе Ахраноўскіх, узведзенай у пачатку ХХ стагоддзя ў стылі мадэрн, цяпер размешчаны інтэрнат. А ў суседнім Камарове захаваліся будынкі сядзібы Сулістроўскіх канца ХІХ стагоддзя і маляўнічы парк: сёння гэта любімае месца адпачынку як для жыхароў вёскі, так і для шматлікіх турыстаў. 

Рушым далей на поўнач. У Лынтупах на Пастаўшчыне нельга не звярнуць увагу на сядзібна-паркавы комплекс Бішэўскіх пачатку XX стагоддзя, дзе вядуцца работы па аднаўленні неарэнесанснага палаца, захаваліся таксама вежа-вяндлярня і будынак бровара, размешчаны над паркавым ставам. У цэнтры мястэчка варта агледзець псеўдабарочны касцёл Святога Апостала Андрэя, збудаваны ў 1908—1914 гадах. Па дарозе з Мядзела да Лынтупаў можна таксама пабачыць велічныя храмы ў Нарачы, Свіры і Засвіры — калі першыя два збудаваныя ў пачатку ХХ стагоддзя ў стылях неаготыкі і неабарока адпаведна, то апошні ўзведзены яшчэ ў XVIII стагоддзі ў стылі сармацкага барока і ўражвае простасцю сваіх строгіх рысаў з элементамі абарончага дойлідства. 

ВЯР­ТАН­НЕ ПРЫ­СТАН­КУ МУЗ

Візітоўкай Паставаў, разам з палацам Тызенгаўзаў, дзе неўзабаве плануецца стварэнне музея, і рынкавай плошчай з дамамі рамеснікаў, што захаваліся з XVIII стагоддзя, з’яўляецца неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага, размешчаны на колішнім замчышчы ў лукавіне ракі Мядзелкі. Але найбольш старажытны з храмаў Пастаўшчыны можна пабачыць у суседніх Камаях. Гатычны касцёл Святога Яна Хрысціцеля з рысамі абарончага дойлідства ўзведзены ў пачатку XVII стагоддзя. Тут, між іншага, збярогся абраз “Хрыстос і сірата”, створаны мастаком Альфрэдам Ромерам. 

А яшчэ дарогаю варта завітаць у Каралінова, дзе сёння працягваюцца работы па аднаўленні помніка драўлянай архітэктуры ХІХ стагоддзя — сядзібнага дома Ромераў (больш падрабязна аб ім мы ўжо пісалі ў “К” ад 8 красавіка). Альфрэд Ромер, які нарадзіўся ў Вільні ў 1832 годзе, атрымаў вядомасць як жывапісец, скульптар, мастацтвазнаўца і этнограф, яго спадчына захоўваецца ў музеях Вільні, Варшавы і Кракава. Новыя ўласнікі сядзібы маюць спадзеў адкрыць тут мастацкую галерэю і зноў зрабіць Каралінова асяродкам, які здолее прыцягваць творцаў. Справа аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны не спыняецца — як і нашыя вандроўкі. Працягвайце сачыць за новымі маршрутамі і рушце ў дарогу разам з намі. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара