На дваіх з табой адно толькі дыханне

Апублiкавана: 21 жнiўня 2023 Стужка Кіно не указан Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

На шырокія экраны выйшла драма Рамана Карымава “Дыханне”, прысвечаная подзвігу медыкаў, якія ў перыяд пандэміі каранавіруса не толькі стаялі на перадавой, але і адважна дзейнічалі ў сітуацыі абсалютнай няпэўнасці. Што адрознівае гэтую карціну ад іншых фільмаў пра дактароў і як сюды патрапіў рускі рок — давайце разбірацца. 

Гісторыя пераносіць нас у самы пачатак пандэміі, калі яшчэ ніхто не здагадваўся, праз што нам трэба будзе прайсці. Па сюжэце Віктар (Антон Батыраў), паспяховы бізнесмен і былы хірург, нелегальна вяртаецца ў бальніцу, каб дапамагчы маці (Галіна Сазонава), якая захварэла на Covid-19. Рызыкуючы жыццём і свабодай, ён разам з медыцынскім калектывам пад кіраўніцтвам смелай і самаадданай доктара Калеснікавай (Ірына Гарбачова) дапамагае бальніцы вытрымаць першы ўдар пандэміі і падрыхтавацца да далейшых выпрабаванняў. 

ПРА ТОЕ, ШТО БЛІЗКА КОЖНАМУ 

Тэма медыцыны ў кінематографе апошнія гады набірае вялікую папулярнасць. Але казаць, што за “бальнічныя” сюжэты сцэнарысты бяруцца ўпершыню, няслушна. Медыцыну “прэпаравалі” і ў глыбокіх псіхалагічных драмах, і ў злабадзённых камедыях. Аднак, мабыць, упершыню ў гэтага тэматычнага напрамку з’явілася настолькі адчувальная і зразумелая, без перабольшанняў, любому чалавеку сюжэтная аснова. У “Дыханні” няма распісанай да дробязей экспазіцыі: адной згадкі ў кадры абстаноўкі з каранавірусам у свеце дастаткова, каб глядач уключыўся ў гісторыю. Мінімальныя “ўводныя дадзеныя” працуюць на фільм і даюць яму больш часу для развіцця канфлікту, а таксама для раскрыцця герояў і другарадных сюжэтных ліній. 

Актуальнасць і блізкая “да цела” гісторыя, безумоўна, прыцягвае ўвагу. Бо ўбачыць фільм пра не выдуманую, а перажытую ўсім светам небяспеку — рэдкасць. Але гэта не адзінае, што выклікае цікавасць. Прафесія медыка сама па сабе вельмі кінематаграфічная: у ёй шмат эмацыянальных горак, якія трымаюць у напружаным чаканні. З гэтай прычыны назіраць за складанай аперацыяй на экране гэтак жа захапляльна, як і за баявымі сцэнамі, бо гэта барацьба за жыццё. У “Дыханні” ўзровень суперажывання і паглыблення ў гісторыю вельмі высокі, бо, як і ў слогане фільма, гэта закранула кожнага. 

КІСЛАРОДУ НЕ ХОПІЦЬ НА ДВАІХ 

Дастатковая ўвага ў фільме надаецца раскрыццю галоўных герояў і іх далейшаму развіццю. Настолькі, што нават адкрыты фінал з пытаннем — ці вернецца Віктар да хірургіі або застанецца ў бізнесе? — для ўважлівага гледача не пакідае ніякіх сумненняў. Арка галоўнага героя нагадвае сапраўдныя амерыканскія горкі: ад поўнай абыякавасці да людзей і зацыкленасці на адным дарагім чалавеку да паглыблення з галавой у праблему, ад якой пацярпеў кожны. Эвалюцыя характару праходзіць у дзеяннях, а матывацыя Віктара раскрываецца ў глыбокіх, пазбаўленых пафасу дыялогах. Сімпатыю выклікае і непадробная ігра Антона Батырава, які якасна пераключаецца на патрэбныя рысы свайго персанажа, не грэбуючы яго прынцыпамі, але і не забываючыся на тое, што Віктар павінен змяніцца. Дзякуючы такой адказнасці акцёра вобраз атрымаўся аб’ёмным і натуральным. 

Штурманам, які ўвесь шлях накіроўваў галоўнага героя да перамен, была гераіня Ірыны Гарбачовай доктар Калеснікава — рашучая і самаадданая жанчына. Яе персанаж, тым не менш, не атрымаўся халодным і жорсткім: на фоне абставін можна заўважыць у Калеснікавай не толькі дасведчанага хірурга, але і падуладную страхам жанчыну, а таксама клапатлівую маці. Поўнае акцёрскае пераўвасабленне Ірыны Гарбачовай рэзаніравала з ігрой іншых акцёраў і не дазваляла адарвацца ад экрана. 

Нечакана прыемным стала з’яўленне ў карціне Тамары Міронавай. Артыстцы Купалаўскага тэатра ўдалося зрабіць сваю невялічкую эпізадычную ролю санітаркі душэўнай, у некаторых момантах дадаўшы камічнасці таму, што адбываецца на экране, каб разрадзіць абстаноўку. Пранікнуцца сімпатыяй да эпізадычнага персанажа за такі кароткі час складана, аднак Тамара Міронава патрапіла палюбіцца гледачу, каб момант сыходу яе гераіні змог выклікаць шчырыя эмоцыі. 

ЯДНАННЕ ПРАЗ ПЕСНЮ 

Вельмі ўдалым стаўся выбар саўндтрэка, што не толькі добра дапасуецца да тэмы фільма, але і стварае асаблівую атмасферу ў кіназале, прынамсі для гледачоў — паклоннікаў творчасці таленавітага кампазітара Вячаслава Бутусава. Песня “Дыханне”, якая, відавочна, і натхніла сцэнарыстаў на назву фільму, гучыць як арыгінальны саўндтрэк у фінале. Да таго ж кампазіцыя ў прамым сэнсе аб’ядноўвае герояў карціны: падчас будаўніцтва рэанімацыйнага блока работнікі і пацыенты бальніцы развучваюць тэкст песні. Утрымацца і не пачаць падцягваць за іх хорам напрыканцы фільма немагчыма.

РЭЙТЫНГ: ★ ★ ★ ★ ☆

Яўгенія ГАБЕЦ